ПАПЯРО́ВЫЯ ГРО́ШЫ,

грашовыя знакі, якім дзяржава надае ролю і сілу афіцыйных грошай. Па сутнасці з’яўляюцца дэкрэтнымі (умоўнымі) грашамі, бо іх сапраўдны кошт, які вымяраецца затратамі на выраб папяровых знакаў ці банкнот, значна ніжэйшы за паказаны на знаках наміналаў. Выкарыстоўваюцца з-за іх таннасці і зручнасці карыстання. Друкуюцца на спец. паперы, маюць некалькі ступеней аховы ад падробкі.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),

тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз. сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНАМІЯ́ЛЬНЫЯ КАЭФІЦЫЕ́НТЫ,

каэфіцыенты ў формуле раскладання Ньютана бінома па ступенях незалежнай пераменнай. Абазначаюцца Cmn і вызначаюцца па формуле Cmn = n (n − 1)  ...  (n − m + 1) m! , дзе n — ступень бінома (любы сапраўдны або камплексны лік; гл. Бінаміяльны шэраг), m — ступень незалежнай пераменнай ( 0 ≤ m ≤ n ) . Калі n — цэлы лік, то Cmn = n! m (n − m) ! .

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЛІ́Ў (лац. Aquarius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15′ × 12′, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вадаліў.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.​В.​Валяўка.

Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Чаравічак (расліна) 5/540—541 (укл.); 11/183

- » - сапраўдны 11/183 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДАМО́Н (Elettaria cardamomum),

кветкавая расліна сям. імбірных. Пашырана ў вільготных горных лясах Паўд. Індыі. Культывуецца ў Індыі, Індакітаі, Паўд. Кітаі, на в-ве Шры-Ланка. У нетрапічных краінах вырошчваецца ў аранжарэях.

Шматгадовая травяністая расліна з мясістым карэнішчам выш. да 1 м. Лісце ланцэтна-эліптычнае, скурыстае. Усе вегетатыўныя органы моцна пахнуць. Кветкі жоўтыя ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 3,5—7% эфірнага алею. Выкарыстоўваюць як прыправу у кандытарскай і тытунёвай прам-сці, медыцыне.

Кардамон сапраўдны.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУП (англ. croup ад шатл. croup каркаць),

пашкоджанне гартані з сімптомамі ўдушша, гаўклівага кашлю і ахрыплага голасу. Развіваецца пры запаленні слізістай абалонкі гартані пры інфекц. і запаленчых хваробах, алергіі, траўмах. Бывае К. сапраўдны (пры дыфтэрыі) і несапраўдны (выкліканы інш. прычынамі; пры алергічным ацёку падскладкавай вобласці гартані развіваецца раптоўна). К. прыводзіць да стэнозу гартані рознай ступені, іншы раз да ўдушша і смерці. Лячэнне: пры сапраўдным — процідыфтэрыйная сываратка, пры несапраўдным — сімптаматычныя сродкі, іншы раз — хірургічнае.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЗЯ́Н (Illicium),

род кветкавых раслін сям. іліцыевых. 42 віды. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, у Паўд. Амерыцы і на ПдУ Паўн. Амерыкі. Найб. вядомы бадзян сапраўдны, або кітайскі, аніс зорчаты (Illicium verum) — вострапахучая расліна. Інтрадукаваны на Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа разам з інш. (амерыканскімі) відамі — бадзяном фларыдскім (Illicium floridanum) і драбнакветкавым (Illicium parviflorum).

Шматгадовазялёныя кусты і дрэвы. Бадзян сапраўдны — дрэва выш. да 10 м са скурыстым падоўжана-эліптычным лісцем з суцэльным краем. Кветкі двухполыя, шматпялёсткавыя, адзіночныя. Плод — цыклічная скурыстая або дравяністая шматлістоўка ў выглядзе своеасаблівай зоркі (адсюль другая назва «аніс зорчаты»). Пашыраны ў Індакітаі, Паўд. Кітаі і інш. раёнах Паўд.-Усх. Азіі. Харч. (плады выкарыстоўваюць як вострую прыправу для араматызацыі лікёраў, вінаў, кандытарскіх вырабаў і інш.), тэхн. і лек. (лісты, плады і алей) расліна. Бадзян анісавы, ці японскі, або японскі зорчаты аніс, так зв. сікімі (Illicium anisatum, або Illicium religiosum) — ядавітая расліна (асабліва плады, якія маюць алкалоід скіміянін). Пашыраны ў Японіі, Карэі, Кітаі. Старажытная культавая расліна (алей выкарыстоўваецца ў храмах як свяцільны сродак, тоўчаныя кара і насенне — для паху). Плады бадзяну японскага вельмі падобныя на плады бадзяну сапраўднага, таму выкарыстоўваюць іх для фальсіфікацыі ў гандлі. З пладоў усіх відаў бадзяну атрымліваюць эфірны алей, у якім да 90% анетолу.

Бадзян анісавы.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНАСЦЬ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны),

агульнае філас. паняцце, якое вызначае аб’ект пазнання. Выкарыстоўваецца ў розных сэнсах: як усё, што існуе (у гэтым сэнсе Р. набліжаецца да паняцця быццё); як аб’ектыўны свет, які існуе незалежна ад чалавечай волі і ўяўленняў, у т. л. аб’ектываваны ўнутр, свет чалавека, суб’ектыўна-аб’ектыўны свет культуры; як рэчаіснасць (актуальнае быццё). У тэарэтыка-пазнавальным плане Р. супрацьпастаўляюць ідэальнае. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваюць і для вызначэння пэўных аспектаў універсуму (напр., фіз. Р., біял. Р., моўная Р. і інш.).

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)