правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс.км². Нас. каля 80 млн.чал. (2000). Адм. і гал.эканам. цэнтр — г.Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн.га, з іх арашаецца больш за 8 млн.га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужнаявытв-сцьметал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужнаявытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗА,
горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст. вобласці Палесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс.чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс.чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г.яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужнаяпрам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.
Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МА (Lima),
горад, сталіца Перу. Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага ак., на р. Рымак. Адм. ц. дэпартамента Ліма. 6,7 млн.ж. з прыгарадамі (1993). Буйнейшы трансп. вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяо, фактычна зліўся з Л. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны (каля 80% апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., хім., аўтамаб., металаапрацоўчая. Разнастайная рамесная і саматужнаявытв-сць. Ун-ты, у т. л. Сан-Маркас (з 1551). 3 акадэміі навук.Нац. музей перуанскай культуры, Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада», Нац. музей антрапалогіі і археалогіі. Нац. тэатр.
Засн. ў 1535 ісп. канкістадорам Ф.Пісара. У 16 — пач. 19 ст. цэнтр ісп. каланіяльных уладанняў у Паўд. Амерыцы і сталіца віцэ-каралеўства Перу. У 1551 засн. Каталіцкі ун-т (старэйшы ў Паўд. Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі (1821) Л. — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У Ціхаакіянскія войны 1864—66 і 1879—83 быў акупіраваны войскамі Чылі.
Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц калан. часу. У цэнтры — Стары горад з арх. помнікамі, на ПнЗ — прамысл. раён, на ПдЗ — дзелавыя кварталы, на Пд і ПдУ — раёны асабнякоў. Вакол гал.пл. Пласа дэ Армас сабор (1572—1797), Палац прэзідэнта рэспублікі (1937—38, неакалан. стыль). У 16—18 ст. у стылі барока пабудаваны комплексы манастыроў (Сан-Франсіска, 1556—1624, Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 ст.; Ла Мерсед, 1628—30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ Тагле, 1735), жылыя дамы з унутр. дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 ст. будавалі ў духу эклектызму, у 1-й пал. 20 ст. — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й пал. 20 ст. — у стылі сучаснай зах.-еўрап. і амер. архітэктуры (жылы раён Матутэ, 1952, і інш.). Гіст. цэнтр Л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́Д,
горад, сталіца Ірака. Адм. ц. мухафазы Багдад. Размешчаны на берагах р. Тыгр. 3,9 млн.ж. (1990). Трансп. вузел на перакрыжаванні шляхоў, якія звязваюць краіны Міжземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Паўд. Азіі. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Багдад — эканам. і культ. цэнтр краіны. У горадзе каля чвэрці прамысл. прадпрыемстваў краіны: тэкст., гарбарныя, швейныя, цэм., хім., харчовыя, электратэхн. і фармацэўтычныя; у прыгарадзе — буйны нафтаперапр.з-д. Саматужнаявытв-сць абутку, ювелірных вырабаў, харч. прадуктаў. 3 ун-ты. Акадэмія навук, Акадэмія прыгожых мастацтваў. Музеі: Іракскі; сучаснага мастацтва; этнаграфічны.
Засн. ў 762 халіфам Мансурам пад назвай Мадзінат ас-Салам (горад міру) і стаў сталіцай Абасідаў халіфата. У 9 ст. значны цэнтр араб. культуры, рамяства і транзітнага гандлю. У 10 ст. паступова страціў паліт. значэнне, але доўгі час заставаўся навук. цэнтрам; на пач. 13 ст. ў Багдадзе было больш за 30 бібліятэк. З 945 пад уладай Буідаў дзяржавы, з 1055 — Сельджукскай дзяржавы, у 1258 заваяваны манголамі, якія разбурылі і разрабавалі горад. У канцы 14 — пач. 15 ст. двойчы ўзяты Цімурам і разбураны. У 16—17 ст. Багдадам валодалі туркі, персы, зноў туркі. У 1638—1917 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 заняты англ. войскамі, з 1920 адм. ц. брытанскай падмандатнай тэрыторыі. З 1921 сталіца Ірака.
Зберагліся помнікі архітэктуры: т.зв. палац Абасідаў (канец 12 — пач. 13 ст., рэстаўраваны ў 20 ст., з 1923 музей), маўзалей Зубайды (13 ст.), ансамбль медрэсэ Мустансірыя (1227—33, перабудаваны ў 1823, рэстаўраваны ў 20 ст.), мінарэт Сук аль-Газаль (1279), караван-сарай хан Марджан (1358—59, з 1937 Музей араб. старажытнасцяў), брама Баб аль-Вастані (1221, цяпер Музей зброі), маўзалей Мусы аль-Кадзіма (т.зв. «Залатая мячэць», 1515). Сучасны Багдад рэканструяваны. Гал. магістраль — вул. ар-Рашыд з сучаснымі будынкамі банкаў, магазінаў, атэляў; цэнтр. плошча — ат-Тахрыр з манументам «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1962). На праспекце Саадун — помнік Невядомаму салдату (1959), на Пд — Універсітэцкі гарадок, на зах. беразе Тыгра — парламент, палац ар-Рыхаб, будынкі ўрадавых устаноў, аэрапорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́Т,
горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс.ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс.ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужнаявытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.
У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавы Алаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.
Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц.арх. А.Проста. У яго паўн.-ўсх.ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц.нар. рамёстваў, старажытнасцей.
Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.Рабат. Агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),
Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,
тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс.км². Нас. 260 тыс.чал. (1993). Адм.ц. — г.Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд.т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.
Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.
Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс.ж. (1990).
Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп.Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб.Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.
Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач.ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс.км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач.ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужнаявытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;