ва ўсходнеславянскай міфалогіі багіня вясны і маладосці. Лічылася жонкай Дажбога. Паводле паданняў, створана з бярозы. Аднойчы юны Дажбог заглядзеўся з неба на бярозы і пажадаў, каб яго будучая жонка была такой жа прыгожай і пяшчотнай. І раптам сярод бяроз з’явілася прыгажуня-багіня. Дажбог адразу закахаўся, працягнуў да яе свае рукі-промні і сказаў: «Мая́». Так М. атрымала сваё імя. У паданнях на Гродзеншчыне сцвярджаюць, што перад надыходам зімы М. вяртаецца да сваіх сябровак-бяроз, сама зноў ператвараецца ў бярозу і спіць да таго часу, пакуль вясной яе не паклічуць людзі. Гэтай падзеі прысвечана свята Гуканне вясны, якое праводзіцца ў красавіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́МЕН (ад грэч. noumenon),
тэрмін, які ў процілегласць феномену, абазначае сутнасць, што можа быць спасцігнута толькі розумам (розумаспасцігальную). Упершыню тэрмін «Н.» выкарыстаў Платон (у дыялогу «Тымей»), які разумеў пад Н. рэальнасць як яна існуе сама па сабе і прадмет абстрактных ведаў. І.Кант (у «Крытыцы чыстага розуму») разглядаў Н. як адмоўнае праблематычнае паняцце. Н. — гэта прадмет розуму, інтэлектуальнай інтуіцыі. У «Крытыцы практычнага розуму» Кант указваў на магчымасць станоўчага спасціжэння Н. як прадмета непачуццёвага сузірання. У гэтым сэнсе Н. недаступны чалавеку, паколькі яго сузіранні, паводле Канта, могуць быць толькі пачуццёвымі. Абодва гэтыя значэнні Н. адпавядаюць у яго філасофіі розным функцыям «рэчы ў сабе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМА́НЦЫЯ (Numantia),
старажытна-іберыйскае ўмацаванае паселішча на р. Дуэра ў Іспаніі. Узнікла на месцы стараж. паселішча кельцкага племя арэвакаў. У 154—133 да н.э.гал. цэнтр антырым. супраціўлення. У 153 да н.э. каля Н. разбіта войска рым. консула Квінта Фульвія Набіліёра, у 141 да н.э. — Пампея. У 137 да н.э. Н. аблажыла рым. армія консула Манцына, але сама трапіла ў акружэнне і капітулявала. У 133 да н.э.рым. войска Карнелія Сцыпіёна пасля 9-месячнай аблогі захапіла і разбурыла Н. Частка яго жыхароў скончыла самагубствам, астатніх прадалі ў рабства. Раскопкі Н. ў 1905—23 выявілі гар. ўмацаванні, жылыя памяшканні, лагер Сцыпіёна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЁЛ,
роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБО́РЫН (Іофе) Абрам Майсеевіч
(16.6.1881, мяст. Упіна Шылальскага р-на, Літва — 8.3.1963),
расійскі філосаф, гісторык. Акад.АНСССР (1929). Скончыў Бернскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю і тэорыю марксізму, дыялектыку, філас. пытанні прыродазнаўства, гісторыю сац.-паліт. вучэнняў у Еўропе. Лічыў, што дыялектыка ўнутрана ўласціва прыродным і гіст. з’явам, а дыялект. метад падлягае ўкараненню ў прыродазнаўства, сама марксісцкая філасофія па спосабах развіцця свайго зместу з’яўляецца дэдуктыўнай навукай. Адзін з ініцыятараў выдання на рус. мове збору твораў Г.Гегеля (гал. рэдактар 1-га тома).
Тв.:
Людвиг Фейербах: Личность и мировоззрение. М., 1923;
Диалектика и естествознание. 4 изд. М.; Л., 1930;
Введение в философию диалектического материализма. 6 изд. М.; Л., 1931;
Социально-политические учения нового и новейшего времени. Т. 1—2. М., 1958—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,
раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).
Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш.Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).
Публ.:
McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНАСЦЬ,
уласцівае асобе або сац. групе імкненне да пазнання Сусвету, месца і ролі ў ім чалавека, стаўленне да чалавечай асобы і яе творчасці як да вышэйшай мэты і каштоўнасці развіцця грамадства, падпарадкаванне матэрыяльных здабыткаў і інтарэсаў духоўным, маральна-эстэт. здабыткам і каштоўнасцям. Існуюць 3 формы Д.: Д. асобнага індывіда (асобы); Д. сац. групы (напр., інтэлігенцыі) ці грамадства ў цэлым; Д. Бога, абсалютнай ідэі (у Платона, Г.Гегеля). Д. асобы ствараецца ў працэсе духоўнай працы; таму духоўныя адрозненні паміж людзьмі значна большыя, чым біялагічныя. Індывід. Д. становіцца сама сабой і няўхільна развіваецца пры актыўным уключэнні асобы ў духоўную сферу, культуру сац. групы і грамадства, якую яна можа засвоіць і тым самым узбагаціць сваю духоўную сутнасць у працэсе сацыялізацыі, адукацыі і выхавання. Носьбіт індывід. Д. — сац.-псіхалагічны свет пэўнай асобы, грамадскай Д. — сац. супольнасць (група, этнас, нацыя, народ). Д. грамадства трэба разглядаць як інтэграваную цэласнасць у непарыўным адзінстве з мноствам разнастайных індывід. Д. Напр., грамадская Д. бел. народа — сукупнасць духоўных прэдыкатаў, уласцівых гэтаму народу, адзінаму творцу сваёй гісторыі і культуры.