расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.
Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ШНЯ, валюш, сукнавальня,
майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕКДО́Т (франц. anecdote ад грэч. anekdotos нявыдадзены),
кароткае апавяданне жартоўнага ці сатыр. зместу пра незвычайную падзею, сітуацыю, рысу характару ці ўчынак чалавека; жанр фальклору. Спецыфічныя рысы анекдота: аднаэпізадычнасць, лаканічнасць, дакладная расстаноўка герояў, нечаканая камічная развязка. Блізкі да нар. жарту, гумарэскі.
У зах.-еўрап. народаў жанры, блізкія да анекдота — фабліо, фацэцыя, шванк. Тэрмін «анекдот» упершыню ўжыты ў Візантыі ў дачыненні да «Таемнай гісторыі» («Anekdota», 6 ст.) Пракопія Кесарыйскага. Да сярэдзіны 19 ст. да анекдота адносілі кароткія апавяданні пра здарэнні з вядомымі гіст. асобамі.
Бел. анекдоты публікаваліся ў зб. П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, М.Федароўскага і інш., у календарах, прэсе. Народныя анекдоты выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Ядвігін Ш., Я.Колас, К.Чорны, Б.Сачанка і інш.бел. пісьменнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.
Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. Пасля Лют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел. народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНГЕ́РАЎ (Сямён Апанасавіч) (17.4.1855, г. Лубны, Украіна — 14.9.1920),
расійскі літ.-знавец, бібліёграф. Скончыў Пецярбургскі (1879) і Дэрпцкі (г. Тарту, 1880) ун-ты. Аўтар кніг па гісторыі рус. л-ры, манаграфій пра творчасць К.Аксакава, В.Бялінскага, І.Ганчарова, М.Гогаля, І.Тургенева і інш. З 1891 рэдагаваў літ. аддзел «Энцыклапедычнага слоўніка» Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар (1917) і першы дырэктар Рас. кніжнай палаты. Аўтар бібліягр. прац «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» (т. 1—6, 1886—1904), «Рускія кнігі» (т. 1—3, 1897—99), «Крыніцы слоўніка рускіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1900—17, выд. ўсіх не скончана); узначальваў выданне «Руская літаратура XX ст. 1890—1910» (вып. 1—7, 1914—16, выд. не скончана). Збіраў матэрыялы пра бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Карскага, Е.Раманава і інш.), з некаторымі перапісваўся.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3, 5. СПб., 1911—13;
2 изд. Т. 1, 4. Пг., 1919.
Літ.:
Калентьева А.Г. Влюбленный в литературу. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р,
народны музыкант, які іграў на дудзе. Д. вядомы на Беларусі з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. паветаў Мінскай губерняў. Былі прыкметнай з’явай у бел.нар.муз. культуры, адыгрывалі важную ролю ў побыце бел. вёскі, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах. Асабліва жаданым Д. быў на вяселлі: суправаджаў маладых да вянца, іграў танцы, падыгрываў песні і прыпеўкі. Д. іграў у корчмах, на ігрышчах, кірмашах, хадзіў з валачобнікамі і каляднікамі, акампаніраваў у час паказаў батлейкі. Паводле звестак бел. этнографаў М.Нікіфароўскага, П.Шэйна, Е.Раманава Д. амаль зніклі ў канцы 19 ст., саступіўшы месца гарманісту. Пазней Д. часам называлі прафесіянала, які іграў на дудцы або жалейцы. Д. — І.Гвоздзь з Ушацкага р-на — выступаў у Полацку ў 1951.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этнографическое обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГЛЕ́БАЎ,
комплекс дзярж. і рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні і рацыянальным выкарыстанні глебаў як найважнейшага кампанента зямельных рэсурсаў; састаўная ч.аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне працэсаў спусташэння, разбурэння і забруджвання глебаў, прагназаванне іх вынікаў, устанаўленне параметраў і пашырэнне, распрацоўку мер барацьбы і мерапрыемстваў па прадухіленні эрозіі глебаў, кірункаў і сродкаў павышэння ўрадлівасці і акультурвання глебаў, рэкультывацыі зямель, уключэнне малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г. абарот, дае навук. абгрунтаванне размяшчэнню розных тыпаў зямель, утварэнню сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, распрацоўку спец. глебаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантроль за выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш.
На Беларусі ахова глебаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі зямельнага заканадаўства, інш.спец. пастановамі і нарматыўнымі актамі. Уведзены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове глебаў выконвае Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці.
Т.А.Раманава.
Да арт.Ахова глебаў. Рэкультывацыя зямель. Культурная паша на былых тарфяніках у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл.