«СЯМІБАЯ́РШЧЫНА»,
баярскі ўрад у Расіі, створаны пасля адлучэння ад пасады 27.7.1610 цара Васіля Іванавіча Шуйскага. У яго склад увайшлі 7 чал. (адсюль назва): кн. Ф.І.Мсціслаўскі, І.М.Варатынскі, А.В.Трубяцкой, А.В.Галіцын, Б.М.Лыкаў, баяры І.Н.Раманаў, Ф.І.Шарамецеў. Баючыся антыфеад. руху, урад «С.» заключыў 27.8.1610 дагавор з гетманам С.Жалкеўскім аб прызнанні рус. царом каралевіча Уладзіслава (гл. Уладзіслаў IV). 1.10.1610 «С.» патаемна пусціла польска-літ. войскі ў Маскву і фактычна перадала ўладу ў рукі кіраўнікоў акупац. гарнізона (гл. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, «Смута»), «С.» існавала (намінальна) да вызвалення Масквы 2-м апалчэннем (гл. Народнае апалчэнне 1612) пад кіраўніцтвам К.М.Мініна і Дз.М.Пажарскага. Земскі сабор 3.3.1613. выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава.
т. 15, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)