БЕ́ЛІ,
паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.
Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.
І.У.Дуда.
т. 3, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,
адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.Міль, Г.Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.Конт, Р.Авенарыус, Э.Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».
Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.
В.В.Краснова.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)