ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),
1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.Б.Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.
2) Інстр. муз. п’еса.
Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст. інстр. п’еса створана Дж.Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.І.Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.
У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, Л.Гуціна, У.Дамарацкага, А.Залётнева, Э.Зарыцкага, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш.
Літ.:
Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];
Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.
А.У.Валадковіч.
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч
(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),
рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена).
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РНАЙ ((Barnay) Людвіг) (11.2.1842, Будапешт — 1.2.1924),
нямецкі акцёр і тэатр. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Нямецкага т-ра (1883) і кіраўнік Каралеўскага т-ра (1906—08; абодва ў Берліне), кіраўнік Прыдворнага т-ра ў Гановеры (1908—12). Акцёр-трагік. Асн. ролі: Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Вільгельм Тэль, Валенштайн («Вільгельм Тэль» і «Смерць Валенштайна» Ф.Шылера), Кін (аднайм. п’еса А.Дзюма-бацькі). Стварыў «Таварыства ням. супрацоўнікаў тэатра» (1871), прэзідэнтам якога быў да канца жыцця.
т. 2, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НЕНТАЛЬ ((Sonnenthal) Адольф фон) (21.12.1834, Будапешт — 4.4.1909),
аўстрыйскі акцёр венскага «Бургтэатра» Г.Лаўбе. З 1856 вядучы акцёр. Мастацтва З. вызначалася высокім майстэрствам сцэн. слова, тонкасцю, элегантнасцю, імкненнем ствараць гарманічна выразныя вобразы. Выконваў вядучыя ролі ў бюргерскай драме, свецкіх камедыях, п’есах Ф.Шылера («Змова Фіеска ў Генуі», «Дон Карлас»), У.Шэкспіра — Гамлет, Атэла (аднайменныя п’есы), Г.Лесінга — Натан Мудры (аднайменная п’еса), І.Тургенева — Ракіцін («Месяц у вёсцы»), Г.Гаўптмана — Геншэль («Вазніца Геншэль») і інш.
т. 7, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч
(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.
т. 2, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІХАНЯ́Н (Ісак Сямёнавіч) (7.2.1876, Душэты, Грузія — 15.3.1946),
армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1923) і Грузіі (1941). З 1897 працаваў у Баку, Тбілісі, Растове-на-Доне. Адзін з арганізатараў (1921) 1-га Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.Сундукяна). З 1922 у Тбіліскім арм. т-ры. Сярод роляў: Пэпа (аднайм. п’еса Сундукяна), Элізбараў («З-за гонару» А.Шырванзадэ), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага).
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРА́ДА (італьян. intrada літар. уступ),
невялікая інструментальная п’еса, якая выконвае функцыю ўступу да розных цырымоній ці да муз. твора. Найб. пашырана ў 16—18 ст. Тыповыя рысы: маршавы рытм, фанфарны характар мелодыкі, выкарыстанне медных духавых інструментаў. Часам замяняла уверцюру ў муз.-сцэн. спектаклях. Уваходзіць у інстр. цыкл (пераважна сюіту), часта як уступленне («Серэнада» для фп., скрыпкі і альта Л.Бетховена). У 20 ст. І. адраджаецца з узмацненнем цікавасці да старадаўніх жанраў («Чатыры нарвежскія ўражанні» І.Стравінскага).
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТ,
1) кароткае апавяданне пра смешнае здарэнне, займальны выпадак; жанр фальклору. У параўнанні з анекдотам. які высмейвае і сац.-палітычныя з’явы, у Ж. звычайна пацяшаюцца з асобных рыс і якасцей людзей, бытавых здарэнняў. Вызначаецца аднаэпізадычнасцю, нечаканай іранічнай развязкай.
Часта мае форму дыялогу.
2) Кароткая (аднаактовая) камічная п’еса, звычайна бытавога характару («Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і інш.).
Публ.:
Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;
Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;
Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.
А.С.Фядосік.
т. 6, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТЫРКЕ́ВІЧ-КАРПІ́НСКАЯ (Ганна Пятроўна) (20.2.1855, г.п. Срэбнае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.9.1921),
украінская актрыса. З 1883 у трупе М.Крапіўніцкага, з 1892 у трупах М.Садоўскага, А.Суслава, Т.Калеснічэнка. У 1918—20 у Нар. т-ры ў Кіеве, у 1920—21 у Нар. т-ры ў Ромнах. Сцэн. вобразы З.-К. вызначаліся натуральнасцю, жанравай адпаведнасцю, абаяльнасцю: Аграфена Сцяпанаўна («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Ганна («Бесталанная» І.Карпенкі-Карага), Лымарыўна (аднайм. п’еса П.Мірнага), Стэха («Назар Стадоля» Т.Шаўчэнкі) і інш.
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Верыко) (Вера Іўліянаўна; 6.10.1900, Кутаісі — 30.1.1987),
грузінская актрыса. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1979). Вучылася ў драм. студыях у Маскве і Тбілісі. Працавала ў Тбілісі ў груз. т-ры імя Руставелі (з 1920), з 1928 — у т-ры імя К.Марджанішвілі. Актрыса вял. сцэн. культуры, яркай індывідуальнасці, развівала рамантычныя традыцыі груз. т-ра. Лепшыя ролі: Джавара («Выгнаннік» В.Пшавелы), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.Шылера), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1952.
т. 1, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)