МЕЛАНО́МА [ад грэч. melas (melanos) чорны + -ōma канчатак у назвах пухлін],

меланабластома, у чалавека злаякасная пухліна, якая развіваецца з пігментаўтваральных клетак меланацытаў. Часцей узнікае на скуры (90%), радзей — на слізістых абалонках страўнікава-кішачнага тракту, верхніх дыхальных шляхоў, мазгавых абалонак, у воку. Схільная даваць раннія метастазы. Для М. характэрна назапашванне ў клетках меланіну, бываюць і беспігментныя. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапеўтычнае. У жывёл М. — дабраякасная пухліна з клетак эпідэрмісу; можа ператварацца ў злаякасную. Гл. таксама Пухліны.

Л.​Л.​Аўдзей.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НКЦЫЯ (ад лац. punctio укол),

пракол тканак арганізма полай іголкай з дыягнастычнай, лек. або прафілакт. мэтай. Дыягнастычная П. выкарыстоўваецца: для вывучэння структурна-функцыян. стану органаў, сістэм органаў і тканак, устанаўлення дыягназу захворвання шляхам увядзення ў крывяносныя і лімфатычныя сасуды, поласці, губчатае рэчыва касцей радыеізатопаў, газу (паветра), рэнтгенакантрастных рэчываў, таксама даследавання ўзору вадкасці (кроў, гной і інш.) або кавалачка тканкі (напр., пухліны). З лек. і прафілакт. мэтамі з дапамогай П. ўводзяць лек. сродкі ў тканкі, сасуды, поласці арганізма.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),

метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЫ́ШКА,

парушэнне частаты, рытму і глыбіні дыхання, якое суправаджаецца няхваткай паветра. Пры хваробах сэрца З. бывае ад фіз. нагрузкі, потым і ў спакоі, асабліва ў гарыз. становішчы (хворыя павінны сядзець). Прыступы рэзкай З. (найчасцей ноччу) пры хваробах сэрца — праяўленне астмы сардэчнай. У гэтых выпадках З. інспіраторная (цяжкі ўдых). Экспіраторная З. (цяжкі выдых) бывае пры звужэнні прасвету дробных бронхаў і бранхіёл (напр., пры астме бранхіяльнай) ці пры нізкай эластычнасці лёгачнай тканкі (напр., пры хранічнай эмфіземе лёгкіх). Мазгавая З. ўзнікае пры раздражненні дыхальнага цэнтра (пухліны, кровазліцці і інш.).

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,

поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.

Г.​Дз.​Сітнік.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАМА́ТАЧНАЯ ЦЯЖА́РНАСЦЬ,

развіццё аплодненага яйца па-за маткай (у матачнай трубе, яечніку, брушной поласці). Прычыны: запаленчыя захворванні палавых органаў, пухліны, эндакрынныя захворванні, выкарыстанне гарманальных сродкаў, інфантылізм і інш. Часцей бывае трубная П.ц. (95—98%). Эктапічная цяжарнасць уключае ўсе віды П.ц. і матачную цяжарнасць з няправільнай лакалізацыяй плоднага яйца. Пры П.ц. звычайна (у 2—3 месяцы цяжарнасці) разрываецца ёмішча плода з вонкавым або небяспечным для жыцця ўнутр. крывацёкам (рэзкі боль жывата, зніжэнне артэрыяльнага ціску, непрытомнасць, шок). Асабліва небяспечны крывацёк развіваецца пры разрывах у шыйцы маткі, у рудыментарнай матцы. Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ЎСКАЯ (Галіна Уладзіміраўна) (н. 7.6.1939, г. Цвер, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай анкалогіі. Д-р мед. н. (1986), праф. (1989). Скончыла Калінінскі мед. ін-т (1962). З 1970 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1972 заг. аддзялення). Навук. працы па нетрадыц. прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых, сродках і спосабах прафілактыкі і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, вызначэнні індывід. радыеадчувальнасці пухліны і арганізма. Распрацавала канцэпцыю макс. тэрапеўтычнай дозы перадаперацыйнага апрамянення хворых. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Комплексное нехирургическое лечение неоперируемого эпидермоидного рака легкого с применением нетрадиционных вариантов лучевой терапии, полихимиотерапии и иммунокоррекции: Факторы прогноза (у сааўт.) // Мед. радиология и радиационная безопасность. 1998. Т. 43, № 5.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКО́МА (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),

хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).

Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,

храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухлінымеланомы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЦЫНАПРАФІЛА́КТЫКА,

метад прафілактыкі інфекц. і паразітарных хвароб з дапамогай вакцын, якія выпрацоўваюць супрацьінфекц. імунітэт; мера папярэджання распаўсюджвання інфекц. хвароб.

Планавая абавязковая вакцынапрафілактыка прадугледжана супраць дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, адру, коклюшу, туберкулёзу (у некат. краінах супраць краснухі і віруснага паратыту). Робяць яе ў вызначаныя тэрміны. Па эпідэміял. паказчыках праводзяць пры пагрозе ўзнікнення і пашырэння інфекц. захворвання на пэўнай тэрыторыі. Пры многіх хваробах (чума, халера, тулярэмія, бруцэлёз, лептаспірозы, сібірская язва, грып, гепатыт B, шаленства і інш.) робяцца вакцынапрафілактыкі планавыя і па эпідэміял. паказчыках. Імунітэт цягнецца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Каб яго падоўжыць, вакцыны ўводзяцца паўторна. Супрацьпаказанні: прыроджаныя і набытыя імунадэфіцыты, вострыя інфекц. і неінфекц. захворванні, абвастрэнні хранічных хвароб, злаякасныя пухліны, алергічныя і гематалагічныя хваробы, пашкоджанні печані, нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)