АЛЯКСЕ́Й МІХА́ЙЛАВІЧ (19.3.1629—29.1.1676),

рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. Сын Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.​І.​Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл. Раскол), мытныя (гл. Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш. рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.

Цар Аляксей Міхайлавіч.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНАРЫ́Я (ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу),

ветэрынарная медыцына, галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш. вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.

Найб. стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.​Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.​Джэнера, рус. вучоных У.​І.​Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.

На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет. ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет. ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г. ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)