прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.
лускадрэвы, парадак вымерлых дзеразападобных раслін. Існавалі ў каменнавугальным і пермскім перыядах (каля 350—250 млн. гадоў назад) ва ўмовах трапічнага клімату.
Выш. ствала да 30 м, дыям. каля асновы да 2 м. Дрэвападобныя разнаспоравыя расліны. Ствол прамы, дыхатамічна разгалінаваны ў верхняй частцы. Драўніна ўкрыта тоўстай карой з рамбічнымі або верацёнападобнымі лісцевымі падушачкамі. Лісце лінейнае, шыла- або ланцэтападобнае даўж. да 1 м, шыр. каля 1 см. Стробілы (органы размнажэння) адна- або двухполыя, дасягалі даўж. 50 см і дыям. 5 см. Па рэштках Л. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛЕПІ́ПЕД (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + epipedon плоскасць),
шасціграннік, процілеглыя грані якога папарна паралельныя; прызма, аснова якой паралелаграм. Усе грані П. — паралелаграмы. П. мае 8 вяршынь, 12 рэбраў; процілеглыя грані роўныя паміж сабой, усе 4 дыяганалі П. перасякаюцца ў 1 пункце і дзеляцца ім папалам. П. наз. прамым, калі яго бакавыя рэбры перпендыкулярныя да плоскасці асновы; прамавугольным, калі П. прамы і асновай служыць прамавугольнік (ці ўсе грані — прамавугольнікі). П., у якога ўсе грані квадраты, наз. кубам. Аб’ём П. роўны здабытку плошчы яго асновы на вышыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧА́Й (Sparganium),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 7 відаў. Найб. пашыраны П.: малы (S. minimum), прамы (S. erectum), усплылы, або просты (S. emersum). Трапляюцца па берагах рэк, азёр, вадасховішчаў.
Шматгадовыя водныя ці балотныя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае або плаваючае. Лісце вузкалінейнае, у відаў, што растуць у глыбокай вадзе, — стужкападобнае.
Кветкі дробныя, аднаполыя, у шчыльных галоўках. Плод — касцянка. Корм андатры, нутрыі і вадаплаўных птушак. Некат. віды П. маюць пяргу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТА́Н (Platanus),
род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́Ц,
востраканцовая прылада працы стараж. чалавека ў эпоху палеаліту; пласціна або адшчэп крэменю для разьбы, гравіроўкі, выразання пазоў, расчлянення косці, рогу, дрэва. Асн. тыпы Р.: на вугле зламанай загатоўкі, рэтушныя ці бакавыя, 2-гранныя ці сярэдзінныя. На тэр. Беларусі існавалі на працягу каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПІ́РА (ням. Rapir ад франц. rapiére),
колючая, радзей колюча-сякучая зброя. Вядома з 2-й пал. 17 ст. Уяўляла сабой прамы плоскі або гранёны стальны клінок з завостраным (у дуэльных Р.), затупленым або забяспечаным засцерагальным патаўшчэннем (у фехтавальных Р.) канцом і эфес. У канцы 19 ст. на аснове фехтавальнай Р. ўзнікла спартыўная колючая зброя, якая складаецца з лёгкага стальнога эластычнага клінка, эфеса (засцерагальнай чашападобнай гарды і рукаяткі). У звычайных (трэніровачных) Р. наканечнік на клінку нерухомы, у электрыфікаваных (выкарыстоўваюцца ў афіц. спаборніцтвах па фехтаванні з 1954) — з рухомым электракантактным устройствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЛЯ́РЫІ (Sigillariaceae, Sigillariales),
сямейства (або парадак) выкапнёвых дрэва- і дзеразападобных раслін. Трапляюцца ў адкладах кам.-вуг. і пермскага перыядаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Былі пашыраны ў тропіках, месцамі дамінавалі ў ландшафтах.
Выш 10—12 (да 30) м. Ствол прамы, калонападобны, неразгалінаваны або дыхатамічна разгалінаваны ўверсе. Ствол і галіны ўкрытыя правільна размешчанымі чаргаванымі лускападобнымі рубцамі ад апалага лісця. Драўніна слабаразвітая, кара магутная. Спараносныя шышкі буйныя, развіваліся на канцы ствала. Знізу ствол пераходзіў у галінастыя карані (стыгмарыі). Лісце вузкае. Ствалы С. адыгралі важную ролю ў працэсах утварэння каменнага вугалю. Па выкапнёвых рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГА́НСКАЯ МО́ВА, пушту,
адна з іранскіх моў (усх.-іранская група). Адна з дзвюх (разам з дары́) афіц. моў Афганістана, пашырана таксама на ПнЗ і З Пакістана. Шматлікія яе дыялекты падзяляюць на ўсх. і зах. групы.
Паводле грамат. ладу афганская мова флектыўная з элементамі аналітызму. Фанет. сістэма характарызуецца багаццем зычных (30 фанем); націск свабодны, рухомы. Два склоны: прамы і ўскосны ці спалучэнне ўскоснага склону з прыназоўнікам і паслялогам. Катэгорыя роду ўласцівая іменным і дзеяслоўным формам. Марфалогія дзеяслова складаная. Адносна пэўны парадак слоў у сказе: дзейнік — на пачатку, выказнік — у канцы. Пісьмовая традыцыя існуе з 16 ст. Пісьменства на аснове араб. графікі.