ПАЎПЛО́СКАСЦЬ,

сукупнасць пунктаў плоскасці, якія ляжаць з аднаго боку ад прамой, зададзенай на гэтай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасці Ax + By + C > 0 (ці Ax + By + < C), дзе A, B і C — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама прамая (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + C = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.

Бісектрысы трохвугольніка.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ, кут,

фігура ў прасторы, утвораная дзвюма паўплоскасцямі, якія выходзяць з адной прамой, а таксама частка прасторы, абмежаваная гэтымі паўплоскасцямі. Паўплоскасці наз. гранямі Д.в., агульная прамая — рабром. Д.в. вымяраецца лінейным вуглом, г.зн. вуглом α, паміж двума перпендыкулярамі да рабра, што выходзяць з аднаго пункта і ляжаць у розных гранях, ці, інакш, вуглом, утвораным перасячэннем Д.в. плоскасцю, перпендыкулярнай да рабра.

Двухгранны вугал.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУ́ЖНАСЦЬ,

замкнёная плоская крывая, усе пункты якой знаходзяцца ад яе цэнтра O на аднолькавай адлегласці, роўнай радыусу R (гл. рыс.). Прамая AB, што злучае 2 пункты акружнасці, наз. яе хордай, хорда CD, што праходзіць праз цэнтр O, — дыяметрам. Адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра выражаюцца лікам π = 3,1415... . Даўжыня акружнасці роўная 2πR. Гл. таксама Круг.

Акружнасць: AB — хорда; CD — дыяметр; R — радыус; O — цэнтр акружнасці.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя выгляду y = kx + b , дзе k і b — сапраўдныя лікі. Асн. ўласцівасць: прырашчэнне функцый прапарцыянальнае прырашчэнню аргумента.

Графік Л.ф. на плоскасці xOy — прамая лінія, пры гэтым b — ардыната пункта перасячэння графіка Л.ф. з воссю Oy, k = tgα , дзе α — вугал паміж гэтай прамой і воссю Ox. Л.ф. выкарыстоўваецца ў фізіцы і тэхніцы, каб паказаць залежнасць паміж прама прапарцыянальнымі велічынямі.

Лінейная функцыя.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЯ ТЭАРЭ́МА,

адна з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі, паводле якой ва ўсякім шасцівугольніку, які ўпісаны ў канічнае сячэнне (эліпс, гіпербалу, парабалу), пункты перасячэння 3 пар процілеглых старон (ці іх прадаўжэнняў) ляжаць на адной прамой, якая наз. прамой Паскаля. Сфармулявана Б.Паскалем (1639) і разам з Брыяншона тэарэмай устанаўлівае важныя праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.

Да арт. Паскаля тэарэма: A1A2...A6 — зоркападобны шасцівугольнік, упісаны ў эліпс; PP′ — прамая Паскаля.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСЁР, нямецкі бульдог,

парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.

Баксёр.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),

1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.

2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЭКТРЫ́СА (франц. directrice ад позналац. directrix накіравальная),

прамая, якая ляжыць у плоскасці канічнага сячэння і характарызуецца тым, што адносіны адлегласці r паміж кожным пунктам М гэтага сячэння і яго фокусам F да адлегласці d паміж гэтым жа пунктам і гэтай прамой ёсць велічыня пастаянная, роўная эксцэнтрысітэту ε крывой: r/d = ε. Гіпербала і эліпс маюць па 2 Д. (па адной для кожнага фокуса), парабала — адну.

Дырэктрыса: 1 — эліпса Δ1, Δ2; 2 — парабалы Δ.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)