ЛАМІНА́РНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

упарадкаванае цячэнне вадкасці (або газу), пры якім яе рух адбываецца слаямі, паралельнымі напрамку цячэння. Назіраецца ў вязкіх вадкасцях, пры малых скарасцях цячэння, пры абцяканні цел малых памераў. З павелічэннем скорасці ў пэўны момант пераходзіць у неўпарадкаванае турбулентнае цячэнне. Тэарэтычна Л.ц. вывучаюцца з дапамогай ураўненняў Наўе—Стокса. Вязкае Л.ц. вадкасці ў трубе вызначаецца Пуазёйля законам.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТА́З,

мінерал падкласа простых вокіслаў, адна з трох паліморфных мадыфікацый рутылу (TiO2); прымесі жалеза, цынку, ніобію. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер зеленавата-жоўты, буры, чорны. Бляск алмазны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,9 г/см³. Пры награванні да 620—650 °C пераходзіць у рутыл. Другасны акцэсорны мінерал: адзінкавыя зерні ў пегматытах, сланцах, у россыпах, баксітах і інш.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТПА́К-ДАЛА́, Бедпак-Дала, Паўночны Галодны стэп,

пустыня ў Казахстане, ад р. Сарысу на З да воз. Балхаш на У. Пл. каля 75 тыс. км². Плоская і спадзістахвалістая раўніна з сярэднімі выш. 300—350 м (найб. г. Джамбул, 974 м). Зах. ч. — гліністая салянкава-палыновая пустыня, якая пераходзіць на У у камяністую пустыню. Шмат дробных, засоленых азёраў. Пашы; асвойваецца пад земляробства.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Васюганне,

на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. На Пд паступова пераходзіць у Барабінскую нізіну. Паверхня — плоская або спадзістахвалістая раўніна, пакатая на Пн і перарэзаная далінамі рэк Вял. Юган, Васюган і інш. Выш. да 166 м. Каля 70% пл. Васюганскай раўніны займаюць балоты. На дрэніраваных схілах ялова-кедрава-піхтавая тайга («урман») і асінава-бярозавыя лясы. Радовішчы нафты, газу і торфу.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТЫЯ НЕМАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,

суб’ектыўныя правы грамадзян, якія не маюць матэрыяльнага зместу і неаддзельныя ад асобы чалавека. Адрозніваюць 2 іх разнавіднасці: звязаныя з маёмаснымі правамі (напр., прадукцыя інтэлектуальнай творчасці, якая пры пэўных абставінах можа пераходзіць да іншых асоб па дагаворы з аўтарам, у парадку атрымання ў спадчыну; гл. Аўтарскае права, Спадчыннае права) і не звязаныя (іх адчужэнне ад асобы немагчымае, напрыклад, права на імя, гонар, годнасць).

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦЭ́ТНІКІ (Amphioxus),

род марскіх жывёл падтыпу бесчарапных тыпу хордавых. Апісаны П.​С.​Паласам (1774). 7 відаў. Пашыраны ўсюды ў цёплых і ўмераных водах. Жывуць на пясчаным грунце на глыб. да 30 м і больш.

Даўж. да 8 см. Цела паўпразрыстае, ружаватага колеру. Спінны плаўнік пераходзіць у хваставы, які мае форму ланцэта (адсюль назва). Шкілет прадстаўлены хордай. Сэрца адсутнічае. Дыханне шчэлепнае. Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя.

Ланцэтнік.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТРКАЎСКІ СТАТУ́Т 1496,

пастановы на карысць шляхты, прынятыя сеймам Польшчы ў г. Пётркаў-Трыбунальскі. Заканадаўча аформіў прымацаванне польскіх сялян да зямлі, пазбавіў мяшчан права валодаць шляхецкай зямлёй (гэта значыць і магчымасці пераходзіць у шляхецтва), вызваліў шляхту ад пошлін на ўвоз замежных тавараў і вываз с.-г. прадукцыі, даў ёй выключнае права вытв-сці і продажу спіртных напіткаў (т.зв. права прапінацыі). П.с. нанёс эканам. ўдар па польскіх гарадах.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),

адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.

Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРА́ВДЫ» БЕ́РАГ,

узбярэжжа Зямлі Вільгельма 11 і Зямлі Каралевы Мэры ва Усх. Антарктыдзе, паміж 88° і 100° усх. д. Абмываецца морам Дэйвіса. Край мацерыковага ледавіковага покрыва, які пераходзіць у Зах. шэльфавы ледавік на З і шэльфавы ледавік Шэлктана на У. Стромка ўзвышаецца на Пд і за 100 км ад берага дасягае выш. больш за 1500 м. Тоўшча ледавіка 1000 м. Названы ў гонар расійскай газ. «Правда».

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)