ІЗЯСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Панцеляймон; ?—18.11.1154),
старажытнарускі князь, сын наўгародскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127, калі княжыў у Курску, прыняў удзел у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю. Дасягнуўшы Лагожска (Лагойска), пайшоў на Ізяслаўль (Заслаўе), паланіў кн. Брачыслава. Пасля высылкі ў 1129 полацкіх князёў у Візантыю атрымаў ад вял. князя кіеўскага княжанне ў Полацку. У 1132 пераведзены ў Пераяслаўль, потым у Менск (Мінск), атрымаўшы ў дадатак Тураў і Пінск. У 1135, пасля вызвалення Полацка ад уплыву Кіева, пераехаў у Ноўгарад, затым ва Уладзімір-Валынскі. У 1146, калі стаў вял. кіеўскім князем, выгнаў з Турава свайго дзядзьку Вячаслава Уладзіміравіча, які захапіў у яго шэраг гарадоў.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПА (Лапо) Мацвей Міхаіл Дзям’янавіч
(Дамінікавіч; 13.10.1788, б. маёнтак Рудобелка, цяпер у складзе г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 27.8 1840),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, Пецярбургскім пансіёне пастара Колінса. З 1819 у лейб-гвардыі, з 1824 падпаручнік. З 1819 чл. тайнага т-ва «Хейрут» («Вольнасць», філіял «Саюза дабрабыту»). У снеж. 1825 спрабаваў узняць на паўстанне каля Пецяргофа батальён, у якім служыў. Арыштаваны 4.1.1826. Разжалаваны ў радавыя без пазбаўлення дваранства, у вер. 1826 пераведзены ў Каўказскі асобны корпус, дзе даслужыўся да чыну прапаршчыка. У 1835 звольнены ў адстаўку, жыў на радзіме ў Рудобелцы пад наглядам паліцыі.
В.В.Швед.
т. 9, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК (Тамаш Іосіфавіч) (падп. мянушка Гуліч; 1801, б. фальварак Міцкевічы Навагрудскага ваяв. — 16.2.1895),
бел. рэв. дзеяч, мемуарыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Падзяляў погляды філарэтаў і філаматаў. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1836 выконваў даручэнні Ш.Канарскага. Пасля правалу тайнай арг-цыі арыштаваны ў Вільні і ў 1839 сасланы ў Зах. Сібір. Адтуль дасылаў матэрыялы ў «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», 1843—49). У 1857 вярнуўся на радзіму ў Міцкевічы. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, уваходзіў у склад віленскіх рэв. арг-цый, за што сасланы на катаргу ў Томскую губ., у 1869 пераведзены ў Цывільск (Чувашыя), потым у Казань. У 1871 па амністыі вярнуўся дамоў. Аўтар успамінаў і філас. трактатаў.
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН (Міхаіл Паўлавіч) (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),
дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.І.Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.
т. 3, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́БІЧ-ЗАБАЛКА́НСКІ (Іван Іванавіч) (Іаган Карл Фрыдрых Антон; 13.5.1785, Гросляйпэ, Сілезія, цяпер Вроцлаўскае ваяв., Польшча — 10.6.1831),
генералфельдмаршал рас. арміі (1829). З сям’і прускага афіцэра Дзібіча, які ў 1798 перайшоў на службу ў рас. армію. Вучыўся ў Берлінскім кадэцкім корпусе, у 1801 пераведзены на службу ў Расію. Удзельнік вайны з Францыяй у 1805—07, замежных паходаў рас. арміі ў 1812—13. У 1823—24 нач. Гал. штаба. Кіраваў арыштамі дзекабрыстаў у 2-й арміі. У час руска-турэцкай вайны 1828—29 кіраваў ваен. дзеяннямі на Балканах, за што атрымаў дадатак да прозвішча — Забалканскі. Выступаў супраць нац.-вызв. вайны на Балканах. Са снеж. 1830 галоўнакамандуючы войскамі супраць паўстання 1830—31.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР, Другі дзяржаўны рускі тэатр БССР. Існаваў у Гомелі з 1939 да чэрв. 1941 і ў 1945—46. Створаны з выпускнікоў студыі курса Л.Леанідава Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Маст. кіраўнік Я.Сакалоў. У рэпертуары т-ра «Рэвізор» М.Гогаля, «Васа Жалязнова» М.Горкага, «Чайка» А.Чэхава, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, п’есы К.Гальдоні, А.Астроўскага, М.Пагодзіна, А.Афінагенава. У 1941 з акцёраў т-ра сфарміравана франтавая брыгада, якая з 1942 існавала як франтавы т-р. У чэрв. 1945 т-р аднавіў работу ў Гомелі, кіраўнік М.Нікіцін. У 1946 пераведзены ў Магілёў (гл. Магілёўскі драматычны тэатр).
У.В.Мальцаў.
т. 5, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц. навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.
А.Ф.Самусік.
т. 9, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРШУ́НІ (Рыгор Андрэевіч) (сапр. Ісакаў-Іцкаў Герш; 29.9.1870, г. Шаўляй, Літва — 29.3.1908),
расійскі паліт. дзеяч, адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1895—98 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1898 у Мінску, адзін з заснавальнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1901 стварыў тэрарыст. Баявую арг-цыю эсэраў. Арганізаваў забойствы міністра ўнутр. спраў Расіі Дз.С.Сіпягіна (1902) і уфімскага губернатара М.М.Багдановіча (1903), шэраг замахаў на жыццё рас. дзярж. чыноўнікаў. У 1903 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пач. 1904 прыгавораны да пакарання смерцю (пазней заменена на пажыццёвае зняволенне). У 1905 пераведзены ў Акатуйскую турму, адкуль у 1906 праз Кітай і ЗША уцёк у Зах. Еўропу. Аўтар успамінаў «З нядаўняга мінулага» (1907).
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЭ́Й (ад грэч. Lykeion),
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова ў некаторых краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, Афрыкі. У Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. саслоўная прывілеяваная сярэдняя або вышэйшая навуч. ўстанова для дзяцей дваран, якая рыхтавала дзярж. чыноўнікаў для ведамстваў, гал. чынам для Мін-ва ўнутр. спраў. Найб. вядомыя Царскасельскі (1811—1917; з 1844 наз. Аляксандраўскі і пераведзены з Царскага Сяла ў Пецярбург), Дзямідаўскі ў Яраслаўлі (1803—1918), Рышэльеўскі ў Адэсе (1817—65), Крамянецкі (1819—34), Нежынскі (1820—75). Пасля 1917 ліквідаваны. У 1990 адроджаны. У Беларусі Л. — прафесійна арыентаваная ступень сярэдняй школы з тэрмінам навучання 2—4 гады, існуюць звычайна пры ВНУ (у 1998/99 навуч. г. 26 Л.). Гал. іх задача — мэтанакіраваная падрыхтоўка будучых студэнтаў.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс. руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан. школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
А.А.Ярашэвіч.
т. 8, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)