ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,

від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).

Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.​Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.​Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.​Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.​Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКС (англ. вох літар. ўдар),

від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 × 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 г (у прафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.

Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.​Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.​Торбік (1982), А.​Акулаў (1984), А.​Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.​Савічаў (1993).

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУКО́ЎСКІ Мікалай Ягоравіч (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. драматург. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг. Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац. т-ра імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст. Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.​Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.​Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.​Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).

Тв.:

П’есы. Мн., 1979;

Минск. М., 1982;

Мудрамер: Выбр. п’есы. Мн., 1989;

Апошняя інстанцыя. Мн., 1996.

С.​С.​Лаўшук.

М.Я.Матукоўскі.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),

від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.

Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.​Багіраў, Я.​Далінін (1992, 1995), В.​Данілаў (1992, 1993, 1994), І.​Казанцава (1992, 1993), В.​Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.​Масквіна (1994, 1995, 2000), С.​Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.​Сямёнаў (2000), М.​Цыпандзін (1992, 1994), В.​Юркевіч (1996).

Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬМ-СПЕКТА́КЛЬ,

экранізацыя тэатральнага спектакля, зробленая з улікам асаблівасцей выяўленча-выразных сродкаў кіна-, тэле- і відэамастацтва. Мае на мэце пашырэнне дасягненняў тэатр. мастацтва з дапамогай сучасных тэхналогій. Дзеянне пры здымцы можа фіксавацца ў тэатр. зале або пераносіцца ў павільёны кінастудыі ці на натуру; выкарыстоўваецца і спалучэнне гэтых форм пры захаванні пастановачнай задумы спектакля, рэжысёрскага вырашэння і акцёрскай трактоўкі вобразаў. Першыя Ф.-с. створаны ў Расіі («Цар Іван Васілевіч Грозны», 1915; «Рэвізор», 1916, і інш.).

У бел. кіно пашыраны з пач. 1950-х г.: «Паўлінка» Я.​Купалы (1952, рэж. А.​Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. У.​Корш-Саблін і К.​Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін) і інш. У наст. гады стварэнне Ф.-с. звязана з выкарыстаннем тэлевізійнага спосабу фіксацыі: «Трыбунал» (1976, рэж. В.​Акімушкін і В.​Раеўскі) і «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (1982, рэж. Б.​Луцэнка), «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (1978, рэж. У.​Міхарскі), «Апошні шанц» В.​Быкава (1981, рэж. Раеўскі) і інш. Бел. т-ра імя Я.​Купалы; «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1977, рэж. У.​Траццякоў), «Паядынак» М.​Матукоўскага (1985, рэж. У.​Арлоў і Б.​Эрын) Бел. т-ра імя Я.​Коласа; «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча (1984, рэж. Луцэнка і Ю.​Хашчавацкі) Дзярж. рус. драм. т-ра і інш. З 1990-х г. рэпрадукцыя тэатр. спектакляў ажыццяўляецца з выкарыстаннем электронных, лічбавых і відэаносьбітаў: «Пагарэльцы» Макаёнка (1988, рэж. В.​Шавялевіч) Бел. т-ра імя Я.​Коласа; «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева (1989, рэж. Раеўскі), «Тутэйшыя» Купалы (1992, рэж. М.​Пінігін), «Князь Вітаўт» А.​Дударава (1998, рэж. Шавялевіч) і інш. Бел. т-ра імя Я.​Купалы, «На Залатым возеры» Э.​Томпсана (1993, рэж. А.​Карпаў-малодшы) рус. драм. т-ра, фільм-опера «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага (1990, рэж. Г.​Нікалаеў) Нац. т-ра оперы; фільм-балет «Страсці» А.​Мдывані (1996, рэж. Шавялевіч) Нац. т-ра балета; «Запіскі вар’ята» паводле Ф.​Дастаеўскага (1997, рэж. А.​Ляляўскі) Бел. дзярж. т-ра лялек, «Мілы ілгун» Дж.​Кілці (1999, рэж. С.​Агеенка) Т-ра студыі кінаакцёра і інш.

Н.​Ц.​Фральцова.

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ТЭА́ТР,

від экраннага тэлевізійнага мастацтва, эстэт. прыроду якога вызначае сінтэз уласна тэатр. мастацтва (у яго драматургічным, рэжысёрскім, акцёрскім і сцэнаграфічным увасабленнях) і вобразна-выразных сродкаў тэлебачання. Спецыфічнасць тэлебачання як сродку масавай камунікацыі ўплывае на сац. функцыянальнасць Т.т., абумоўлівае яго культ. прызначэнне. Асн. маст. твор Т.т. — тэлевізійны спектакль.

Правобразам Т.т. быў кінафільм-спектакль, які ў канцы 1940-х—50-я г. выкарыстоўваўся на тэлебачанні як прамая трансляцыя спектакля з т-ра, потым са студыі. Выкарыстоўвалася і такая форма рэтрансляцыі спектакля, як здымка з манітора на кінаплёнку. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. асвойваўся тэлевізійны спосаб паказу ў прамым эфіры. Гэта быў перыяд станаўлення драм. Т.т., маст. структура якога складвалася пад уплывам тэлевізійных інфарм. і дакумент. жанраў. Імкненне да арыгінальнай драматургіі, зварот да п’ес, якія не ставіліся на тэатр. сцэне, экранізацыя літ. твораў выклікалі паяўленне разнавіднасцей тэлевізійнага спектакля: дакумент. драма, гіст. і сямейная хронікі, публіцыст. рэпартаж, літ. кампазіцыя з аўтарскім каментарыем, інсцэніроўка паэт. і празаічных літ. твораў, спектакль-маналог і інш. У 1970-я г. тэлевізійны спектакль здымаўся на відэаносьбітах мнагакамерным метадам з шырокім выкарыстаннем тэхн. спецэфектаў. Побач з драм. тэлеспектаклем ствараліся тэлеопера, тэлеаперэта, тэлебалет.

На Беларусі Т.т. узнік у 2-й пал. 1950-х г. (першыя спектаклі створаны ў 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання, у 1961 на Гомельскай і Віцебскай, у 1971 на Брэсцкай абл. студыях). Яго развіццё звязана з пошукамі эстэт. мовы тэлевізійнага відовішча, асваеннем стацыянарнай тэлевізійнай тэхнікі. У спектаклях «Брат мой, вораг мой» паводле М.​Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа, «Суд» У.​Галубка, «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.​Горкага вяліся пошукі тэхн. вырашэння драм. дзеяння, разгорнутага ў студыйным павільёне невял. плошчы; важную ролю адыгрывалі папярэдняя распрацоўка рэжысёрам рэжыму здымкі буйным планам і мантажная перабіўка эпізодаў, што перадаваліся ў эфір спосабам прамой трансляцыі. Вял. ўвага аддавалася афармленню, выраслі патрабаванні да акцёрскага майстэрства, моўных, мімічных і пластычных сродкаў выразнасці, ігры на камеру і г.д. Ішло комплекснае асэнсаванне эстэт. вопыту тэатр. мастацтва і яго асваенне на тэлеэкране. У сярэдзіне 1960-х г. практыкаваліся трансляцыі тэатр. спектакляў непасрэдна з залы, ствараліся арган. ўмовы для самараскрыцця акцёраў на звыклай сцэн. пляцоўцы. Адначасова развіваўся студыйны спектакль. Адмова ад грувасткага афармлення дазволіла забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тэлекамер, наблізіцца да акцёра, уключаць у дзеянне кінакадры, фатаграфіі і інш. Творчыя знаходкі дапамаглі пашырыць жанравую палітру тэлепастановак, надаць ім самабытнае нац. адценне. Спектаклі «Соцкі падвёў» паводле Я.​Коласа, «Сэрца на далоні» і «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна, «Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, «Прымакі» Я.​Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча прадоўжылі традыцыі псіхал. драмы, нар. камедыі, трагікамедыі, раскрылі на тэлеэкране асаблівасці нац. акцёрскай школы. Творчы працэс стварэння тэлеспектакля набыў прафес. рысы. Увасоблены гіст. хроніка А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева «Змова імператрыцы» — «Крах», псіхал. драма Г.​Гаўптмана «Ткачы», тэлеопера «Ранак» Г.​Вагнера. У 1970-я г. развівалася універсальная форма тэлеспектакля — відэафільм. Гэты перыяд характарызаваўся пошукамі ў сферы маст. умоўнасці, відовішчнасці, вобразнасці эстэт. мовы. У рэпертуары значнае месца займалі творы бел. аўтараў, больш глыбокае адлюстраванне набыла экранная рэпрадукцыя тэатр. спектакля («Трыбунал» А.​Макаёнка ў паст. Бел. т-ра імя Я.​Купалы). Выпрацоўваліся новыя прынцыпы інсцэнізацыі прозы, паэзіі і драмы праз жанрава-маст. структуры літ. кампазіцыі і літ. мантажу. Выкарыстоўваліся стылявыя прыёмы дакументальна-публіцыст. тэлебачання: дыялагічныя формы паказу, персаніфікаваныя вобразы каментатара ці чытальніка, лаканічнасць і сімвалізацыя афармлення. Адначасова з пастаноўкамі ў жанры псіхал. драмы («Сустрэчы і ростані» паводле твораў Мележа, «Дажыць да світання» паводле В.​Быкава, «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча) ствараліся экранізацыі ў жанры літ. т-ра. На адбор літ. твора і трактоўку яго зместу ўплывалі тэндэнцыі тэлевізійнай публіцыстыкі («Амерыка здалёку і зблізку» паводле нарысаў К.​Кірэенкі), тэлевізійнай апавядальнасці («Кніганоша» паводле апавяданняў Караткевіча), тэлевізійнай індывідуалізацыі ўнутр. героя («Перакрыжаванні» паводле паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка», «Абсяг» паводле кнігі вершаў Р.​Барадуліна). Укараненне ў 1980-я г. новай партатыўнай электроннай тэхнікі і камп’ютэрнага нелінейнага мантажу пашырыла выяўл. магчымасці экрана. Новую хвалю набыло рэпрадуктаванне адметных спектакляў бел. т-раў: «Апошні шанц» Быкава, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (усе т-р імя Я.​Купалы), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча (Дзярж. рус. драм. т-р), «Паядынак» М.​Матукоўскага (Бел. т-р імя Я.​Коласа). Створаны арыгінальныя спектаклі-экранізацыі бел. літ. твораў: «Колькі лет, колькі зім!» паводле паэмы А.​Вярцінскага, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Сіняя, сіняя» і «Лісты каштана» паводле аповесцей Караткевіча, «Траянскі конь» і «Пагарэльцы» Матукоўскага, «Чужая бацькаўшчына» паводле В.​Адамчыка, «Узлёт» А.​Дударава, «Машэка» Міровіча, «На перакрыжаваннях вайны» У.​Траццякова, «Сон» А.​Асташонка, «Я прыйшоў, каб назваць тваё імя» паводле паэзіі М.​Бсісу, відэафільм-канцэрт «Варыяцыі на балетныя тэмы» Ю.​Чурко і інш. З 1989 форму маст. рэпрадуктавання тэатр. спектакляў пачаў удасканальваць творчы калектыў ВТА «Беларускі відэацэнтр». У яго рэпертуары лепшыя спектаклі нац. сцэны: «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева. «Звон не малітва» Чыгрынава, «Ідылія» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Князь Вітаўт» Дударава (усе т-р імя Я.​Купалы), «На залатым возеры» Э.​Томпсана (рус. драм. т-р). Значная ўвага аддавалася прынцыпам захавання на экране сцэн. малюнка дзеяння і перадачы псіхал. стану акцёраў у электронным мантажы буйных планаў. Упершыню ажыццёўлена відэарэпрадуктаванне спектакля «Запіскі вар’ята» паводле Ф.​Дастаеўскага (Бел. дзярж. т-р лялек). Экранную інтэрпрэтацыю атрымалі творчыя здабыткі новых тэатр. калектываў («Чорны квадрат» паводле п’есы М.​Клімковіча ў паст. т-ра «Вольная сцэна»), У арыгінальных спектаклях «Белвідэацэнтра» 1990-х г. адлюстравана тэматыка, звязаная з адраджэннем каштоўнасцей нац. культуры: «Адна ноч» паводле Быкава, «Каўчэг Максіма Танка» Р.​Тармолы, відэабалет «Страсці» В.​Елізар’ева, відэаопера «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У аб’яднанні «Тэлефільм» эстэт. традыцыі нац. Т.т. працягваюцца ў маст. кароткаметражным фільме «Пракляты ўтульны дом» У.​Халіпа, відэафільме-балеце «Спартак» М.​Волкава ў харэаграфіі Елізар’ева.

Т.т. значна паўплываў на вызначэнне нац. тэлебачаннем свайго месца ў культ. прасторы, на ўзаемапранікненне асаблівасцей маст., інфарм. і публіцыст. сегментаў вяшчання, на ўзнікненне навейшых забаўляльна-ігравых форм сучаснага тэлебачання, у аснове якіх прынцыпы тэатралізацыі рэчаіснасці, артыстызацыі паводзін журналістаў і вядучых у кадры, выкарыстанне пастановачных і сімвалізаваных прыёмаў у вырашэнні зместу разнастайных праграм.

Н.​Ц.​Фральцова.

т. 16, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)