ГІПЕРМЕТАМАРФО́З
(ад гіпер... + метамарфоз),
ускладнены спосаб развіцця некат. паразітычных насякомых, калі лічынка праходзіць да 6 фаз (узростаў) развіцця, якія адрозніваюцца паміж сабой марфал. і біял. ўласцівасцямі. Пашыраны ў некат. жукоў, перапончатакрылых, двухкрылых, сеткакрылых.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫК
(ад грэч. attikos атычны),
сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар. значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб. шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУНДУКІ́
(Tamias),
род млекакормячых сям. вавёркавых атр. грызуноў. 18 відаў. Пашыраны пераважна ў хвойных лясах Паўн. паўшар’я. Найб. вядомы бурундук азіяцкі (Т. sibiricus), пашыраны ў лясах паўн.-ўсх. Еўропы і ў Азіі.
Даўж. цела да 19 см, хваста да 12 см; маса да 145 г. Уздоўж спіны на жаўтавата-бурым фоне 5 чорных палос. Добра лазяць па дрэвах, гнёзды робяць у норах. Кормяцца насеннем дрэў, пупышкамі, грыбамі, ягадамі, зернем збожжавых злакаў. Восенню збіраюць вял. запасы ежы, якія выкарыстоўваюць вясной. Зімой у спячцы. Бурундук азіяцкі — носьбіт віруса клешчавога энцэфаліту. Промысел дзеля пушніны.
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),
англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур 6/8, для 2-й і 5-й — 2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т.л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар. танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.
т. 9, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЁТЫ
(ад прозвішча першаадкрывальніка амер. географа і геолага А.Гаята),
плоскавяршынныя падводныя горы вулканічнага паходжання. Найб. пашыраны (трапляюцца адзіночна ці групамі) у паўн. ч. Ціхага ак. Глыбіня над вяршынямі гаётаў ад 200 да 2000 м.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБЯ́НІКІ,
1) бліны з бульбы, тое, што дранікі.
2) Традыцыйная бел. страва з тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак. Іх запякаюць са смятанай ці тоўчаным ільняным семем у лёгкім духу печы. Бульбянікі пашыраны па ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРА́К,
ветраны млын, вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з 12—13 ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з 16 ст., найб. пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., драўляныя. Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна 4), умацаваных на гарыз. вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на верт. вал і камяні паставоў. Бываюць ветракі стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. У стрыжнёвых высокі абшыты дошкамі квадратны ў плане каркас з 2-схільнай страхой (часта з залобкам з боку крылаў) паварочваўся вакол цэнтр. слупа, умацаванага на крыжавіне з тоўстага бярвення — козлах. Больш дасканалыя і магутныя шатровыя ветракі (пашыраны пераважна на У Беларусі) мелі высокі стацыянарны зрубны ці каркасны 8-гранны або круглы аб’ём і рухомую верхнюю частку — шацёр, які разам з крыламі пры дапамозе дышля ставілі супраць ветру. Сустракаліся (пераважна на З і Пн Беларусі) і невял. сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т. л. на колах — для перавозкі з месца на месца. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст.
Я.М.Сахута.
т. 4, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФА́ЛЬТАВЫЯ ПАРО́ДЫ,
прыродныя ўтварэнні, пераважна пясчанікі, вапнякі, даламіты, якія маюць у порах, трэшчынах, кавернах асфальт. Утвараюцца ў выніку выветрывання нафты адначасовым абагачэннем астатку смоламі і асфальтэнамі. Колькасць асфальту вагаецца ад некалькіх да 20%. Пашыраны на многіх нафтагазаносных тэрыторыях.
т. 2, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛЕ́З
(франц. anglaise літар. англійская),
агульная назва нар. англійскіх танцаў, якія былі пашыраны ў краінах Еўропы ў 17—19 ст. Музыкай блізкія да экасеза, формай — да рыгадона. Многія кампазітары (І.Фішэр, Ф.Філідор, І.С.Бах) уключалі танцы тыпу англеза ў інстр. сюіты.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДУ́КЦЫЯ,
перанос акіянічнай кары і мантыі на ўскраіну кантынента. У выніку абдукцыі цяжкія блокі акіянскай літасферы нагрувашчваюцца на менш шчыльную кантынентальную кару, утвараючы афіялітавыя комплексы (гл. Афіяліты). Пашыраны ў знешніх частках складкавых абласцей Апалачаў, Альпаў, Гімалаеў, Андаў і інш.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)