НАЛЁТ,
раптоўнае нападзенне дыверсійна-разведвальных груп, партызан і інш., а таксама авіяцыі, артылерыі на аб’екты праціўніка. Шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны. У тактыцы дзеянняў бел. партызан у Вял Айч. вайну пераважалі Н. на ням.-фаш гарнізоны, чыг. станцыі, масты, эшалоны, абозы і інш. У сучасных умовах агнявыя Н. ажыццяўляе артылерыя, ваен.-паветр. авіяцыя, у т. л. з выкарыстаннем высокадакладнай зброі.
т. 11, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬ,
вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-ўсх. беразе воз. Гомель, на аўтадарозе Полацк—Мінск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 23 км на Пд ад горада і чыг. ст. Полацк, 128 км ад Віцебска. 362 ж., 128 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс у гонар партызан. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганныя могільнікі эпохі Кіеўскай Русі.
т. 5, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЛІБО́КІ»
(«Naliboki»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Івянецкім р-не Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобл., у Налібоцкай пушчы 24—27.7.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 3 карнымі батальёнамі, якім не ўдалося пранікнуць у размяшчэнне партыз. фарміраванняў. Выкліканая акупантамі бамбардзіровачная авіяцыя (15 самалётаў) 27 ліп. не здолела знішчыць партызан і разбурыць іх базы. У раёне аперацыі гітлераўцы забілі і паранілі каля 200 мясц. жыхароў.
т. 11, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛЬТО́НА»
(Altona — прыгарад Гамбурга),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан, якія выйшлі з акружэння ў ходзе карнай аперацыі «Гамбург». Праводзілася ў 2-й пал. снеж. 1942 у Івацэвіцкім, Ганцавіцкім, Ляхавіцкім, Баранавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. сіламі 14-га паліцэйскага палка СС, спец. камандамі паліцыі бяспекі, СД і інш. карнымі баявымі групамі. Карнікі тыдзень беспаспяхова праследавалі партызан, учынілі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі. У ходзе аперацыі гітлераўцы расстралялі і спалілі жывымі больш за тысячу дзяцей, жанчын і старых.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з сак. да ліст. 1942 у г.п. Жыткавічы Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 20 чал. (кіраўнік Е.Я.Гораў), мела сувязь з партыз. і дыверсійна-разведвальнай групамі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод салдат ворага, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан бланкі ням. дакументаў, медыкаменты, звесткі пра рух воінскіх эшалонаў і ахову чыгункі, размяшчэнне войск праціўніка. Пусцілі пад адхон 9 эшалонаў ворага. Пасля арышту кіраўніка і некалькіх удзельнікаў падполля патрыёты пайшлі да партызан.
т. 6, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШКАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партызан 6-й Магілёўскай брыгады з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Пашкава Магілёўскага р-на 11.2.1943 у Вял. Айч. вайну. У вёсцы размяшчаўся ням. гарнізон з 53-м паліцэйскім батальёнам. Пасля папярэдняй падрыхтоўкі партызаны на чале з нач. штаба брыгады С.Г.Сідарэнкам-Салдаценкам праніклі ў размяшчэнне гарнізона, блакіравалі ўсе выхады з казармы, афіцэрскія будынкі, раззброілі салдат, знішчылі старшых афіцэраў, захапілі каравульнае памяшканне, шмат зброі, патронаў, медыкаментаў і інш. маёмасці. 180 салдат батальёна перайшлі да партызан.
т. 12, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,
выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.
т. 11, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,
баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял. Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.П.Тамілаў) Пінскай і злучэння А.М.Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрадаў «Камарова», «Пятровіча», імя М.Ц.Шыша па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Ленін Пінскай вобл. 12 вер. ў Вял. Айч. вайну. Са створаных партызанамі для гэтай аперацыі штурмавых груп (150 чал.) 3 былі размешчаны на шляхах магчымага адыходу праціўніка, 2 — у засадах на дарогах верагоднага падыходу падмацаванняў ворагу. У выніку раптоўнага нападу партызаны разграмілі гарнізон, вызвалілі зняволеных патрыётаў, захапілі трафеі і арганізавана адышлі. У гонар бою партызан у в. Ленін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены помнік.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДСКІ БОЙ 1943.
Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.С.Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял. Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.
У.С.Пасэ.
т. 9, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)