ЛЯВО́НАЎ (Яўген Паўлавіч) (2.9.1926, Масква — 29.1.1994),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Маскоўскую драм. студыю (1948). З 1948 працаваў у маскоўскіх драм. т-ры імя К.Станіслаўскага, т-ры імя У.Маякоўскага, з 1972 у т-ры «Ленком». Камедыйны, характарны акцёр, па-майстэрску валодаў сродкамі гумару і сатыры. У камедыйных ролях умеў паказаць драматызм вобраза: Іванаў («Іванаў» А.Чэхава, 1975), Важак («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, 1983), Тэўе («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, 1989) і інш. З 1947 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Паласаты рэйс» (1960), «Данская аповесць» (1965), «Трыццаць тры» (1966), «Джэнтльмены ўдачы», «Беларускі вакзал» (абодва 1971), «Старэйшы сын», «Афоня» (абодва 1975), «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Асенні марафон» (1980, Дзярж. прэмія Расіі 1981), «Забіць дракона» (1989), «Пашпарт» (1990), «Насця» (1993) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.
Да арт.Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСЦІНІСТАВУ́СЫЯ ЖУКІ́ (Scarabaeidae),
сямейства насякомых атр. цвердакрылых. 2 экалагічныя групы: гнаевікі і хрушчы. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. Да П. належаць бронзаўкі, гнаевікі, майскія хрушчы, хрушчы, хрушчыкі, васковікі, гнаевічкі, каранягрызы, шаўкоўкі і інш. Сярод П. шмат шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Многія віды — апыляльнікі раслін, прыродныя санітары. На Беларусі каля 40 відаў.
Даўж. 0,2—15,5 см, на Беларусі — да 4,1 см. Цела шырокае, выпуклае. Вусікі 3—7-членікавыя, з пласціністай (адсюль назва), зрэдку конусападобнай булавой. Пярэднія ногі рыючыя, лапкі 5-членікавыя. У самцоў галава і пярэдняспінка часта з рагамі і бугаркамі. Канец брушка пераважна не пакрыты надкрыламі. Лічынкі мясістыя, белыя, С-падобна выгнутыя, з добра развітымі нагамі і вял. галавой; жывуць у глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках, мурашніках, норах грызуноў і інш.; кормяцца каранямі, рэшткамі раслін, гноем. Жукі кормяцца надземнымі ч., сокам, рэшткамі раслін, гноем, зрэдку трупамі, грыбамі, некат. не кормяцца. Многія віды нарыхтоўваюць корм для лічынак, закопваючы яго ў земляных норах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВО́ДНЫЯ,
амфібіі (Amphibia), клас пазваночных. З падкл.: дугапазванковыя (Apsidospodyli), тонка- або трубчастапазванковыя (Lepospondyli), батрахазаўры (Batrachosauria). З атр.: бязногія (Apoda), бясхвостыя земнаводныя, хвастатыя земнаводныя. У сучаснай сусв. фауне 25—30 сям., больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны амаль ва ўсім свеце (акрамя Арктыкі, Антарктыды і шэрагу акіянічных астравоў), асабліва ў трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця, размнажэнне ў водным асяроддзі. На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны жабы, рапухі, трытоны. 41 від і падвід у Чырв. кнізе МСАП, рапуха чаротная (Bufo calamita) у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. цела 1,5—180 см. Скура мяккая, голая, увільготненая сакрэтамі шматлікіх слізістых залоз; адыгрывае важную ролю ў дыханні. У большасці З. скура мае буйныя бялковыя (серозныя) залозы, сакрэт якіх у рознай ступені ядавіты. Чэрап сучленены з пазваночнікам двума мышчалкамі. Пярэднія канечнасці звычайна 4-пальцыя, заднія — 5-пальцыя. Т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя. Сэрца звычайна 3-камернае, 2 кругі кровазвароту. Лічынкі дыхаюць жабрамі, дарослыя — лёгкімі. У большасці апладненне вонкавае, у некат. унутранае, ёсць жывародныя. Развіццё з метамарфозам. Дарослыя кормяцца рознымі беспазваночнымі, лічынкі — таксама раслінамі. Пажыва для рыб, млекакормячых. Выкарыстоўваюцца для навук. і вучэбных мэт, некат. — у ежу.
Літ.:
Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;
Пикулик М.М. Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;
Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл.давед.Мн., 1996.
М.М.Пікулік.
Земнаводныя. Бясхвостыя: 1 — жаба вастрамордая (а — самец у шлюбным убранні, б — самка); 2 — венесуэльская рагатка; З — жаба яванская весланогая. Хвастатыя: 4 — паласаты сірэн; 5 — сямірэчанскі жабазуб. Бязногія: 6 — цэйлонскі рыбазмей.