ВУ́СЦЕ ракі,

месца ўпадзення ракі ў мора, возера, інш. раку, а таксама месца, да якога даходзіць вадацёк. Адрозніваюць вусці: простыя, калі рэчышча не падзяляецца на рукавы і захоўваецца яго шырыня (р. Тыбр); дэльты (р. Ніл); эстуарыі (р. Тэмза); ліманныя (р. Паўд. Буг); вісячыя (у гарах); сляпыя, калі рака не даходзіць да вадаёма ці інш. ракі.

На тэр. Беларусі пераважаюць простыя вусці рэк.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЕ́РА (Kagera),

рака ва Усх. Афрыцы, у Руандзе, Танзаніі і Угандзе (часткова на мяжы паміж імі), лічыцца вытокам р. Ніл. Даўж. ад месца зліцця рэк Ньяваронга і Рувуву 420 км, ад вытоку р. Рукарара каля 800 км. Цячэ пераважна ў шырокай забалочанай даліне, упадае ў воз. Вікторыя. Сярэдні гадавы расход вады 1500 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 160 км.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́НДЭ (Azande),

пласкагор’е ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. ЦАР, Заіра і Судана, водападзел паміж бас. р. Конга (Заір), воз. Чад і р. Ніл. Сярэднія выш. 600—900 м, найб. выш. 1388 м (г. Нгая). Характэрны купалападобныя горы, астанцавыя гранітныя хрыбты. Складзена са стараж.-крыштал. парод (граніта-гнейсы, габра-амфібаліты). Радовішчы золата і алмазаў. Высакатраўная саванна з плямамі рэдкастойных лістападных лясоў. Уздоўж рэк вечназялёныя галерэйныя лясы.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДАФА́Н,

плато ў Судане, на З ад р. Белы Ніл. Пераважаюць выш. 500—1000 м, асобныя вяршыні да 1460 м (г. Тэмадынга). Выступ дакембрыйскага крышт. фундамента Афр. платформы з астраўнымі гарамі, што складзены з нубійскіх пясчанікаў. Цокальныя раўніны К. расчлянёныя далінамі часовых вадатокаў (уэдамі). Клімат субэкватарыяльны з летнімі дажджамі. Ападкаў 300—500 мм за год. Ландшафты на Пн — апустыненыя саванны, на Пд — умерана вільготныя саванны, травяністыя, з акацыямі, баабабамі, пальмамі.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛЬТА (назва ад абрысу вял. літары грэч. алфавіта Δ дэльта),

нізіна ў вусці ракі, складзеная рачнымі наносамі і парэзаная сеткай рукавоў і праток. Утвараецца ў выніку ўзаемадзеяння рачнога сцёку, хвалявання мора, прыліваў і згонна-нагонных цячэнняў, нарастае ад некалькіх метраў да соцень метраў за год. Адрозніваюць Д. трохвугольныя (р. Ніл), лопасцевыя (р. Місісіпі), дугападобныя (р. Лена), дзюбападобныя (р. Тыбр), запоўненыя (р. Кубань), высунутыя (р. Волга) і інш. Д. часта займаюць вял. плошчы (Амазонкі — 100 тыс. км², Волгі — 13 тыс. км²).

т. 6, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Badarian),

археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМСТРАНГ ((Armstrong) Ніл) (н. 5.8.1930, г. Уапаканета, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Першы чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Скончыў ваенна-марское вучылішча лётчыкаў (1949), ун-т Перд’ю ў г. Лафеет (1955). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. Як камандзір карабля здзейсніў касм. палёты: 16.3.1966 з Д.Скотам на караблі «Джэміні-8», 16—24.7.1969 з М.​Колінзам і Э.​Олдрынам на Месяц на караблі «Апалон-11». На паверхні Месяца (21.7.1969) правёў 21 гадз 36 мін 21 с, у космасе 8,6 сут. Імем Армстранга названы кратэр на Месяцы.

Н.Армстранг.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУА́Н (стараж. назва Сіене, Сіена),

горад на ПдУ Егіпта. Адм. ц. мухафазы Асуан. Порт на р. Ніл. Трансп. вузел. 192 тыс. ж. (1986). Хім. (азотныя ўгнаенні), тэкст., харч. прам-сць, здабыча жал. руды, буд. каменю. Каля горада гідраэнергет. комплексы Асуанскіх плацін. Цэнтр турызму і месца паломніцтва мусульманаў — ісмаілітаў, філіял Каірскага музея старажытнасцяў. Помнікі архітэктуры: скальная грабніца намарха Сарэнпута II (20 ст. да нашай эры), Абу-Сімбел, хрысц. манастыр св. Сімяона (8—13 ст.), мінарэт і маўзалеі (10—11 ст.). Батанічны сад. Курорт. Сухі трапічны клімат з умовамі для лячэння хвароб нырак.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Афрыкі і сумежнай тэр. Усх. Міжземнамор’я. Займае вял. ч. тэр. Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Ізраіля, Ірака, Сірыі, Лівана і паўд. Турцыі. Даўж. басейна каля 2000 км. Пл. каля 1 млн. км². Першыя радовішчы адкрыты ў 1896—1908 у даліне р. Ніл і на зах. узбярэжжы Чырвонага м., большасць выяўлена ў 1950—60-х г. у краінах Б. Усходу. Прамысл. залежы ў выглядзе пластоў (магутнасць 2—6 м). Распрацоўка радовішчаў бас. ў Егіпце, Іарданіі, Ізраілі, Сірыі. Б. ч. таварных фасфарытных канцэнтратаў (P2O5 больш за 30—33%) экспартуецца ў краіны Еўропы і Азіі.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)