ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),
малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.
Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл ОН−, астачы азотнай NO3−, салянай Cl, сінільнай CN− кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл. Хелатныя злучэнні).
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́Н (перс. вобласць, правінцыя),
адм.-тэр. адзінка ў Іране з 1937. На чале Астана стаіць астандар (ген.-губернатар), які падначальваецца міністру ўнутр. спраў. Астан падзяляецца на некалькі шахрастанаў (раёнаў).
т. 2, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНО́Н (Hanno) Мараплавец, карфагенскі флатаводзец 7—6 ст. да н.э. Здзейсніў плаванне ўздоўж зах. берага Афрыкі і заснаваў некалькі пунійскіх калоній. Апісанне плавання Ганона («Перыпл») дайшло ў стараж.-грэч. перапрацоўцы.
т. 5, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
т. 10, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЫЎНЫЯ ДАРЫ́,
адзін або некалькі прадметаў, якія пакідалі ў свяшчэнным месцы (найчасцей у пячоры, рацэ, возеры або тарфяным балоце, пазней у храме) у якасці ахвярапрынашэння з мэтай атрымаць ад бажаства задавальненне просьбы.
т. 4, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕ́ЦКІ (Мікалай Паўлавіч) (каля 1613, Кіеў — пасля 1680),
украінскі муз. тэарэтык, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаве і Вільні, з канца 1670-х г. працаваў у Маскве. Аўтар трактата «Граматыка мусікійская», дзе найб. поўна выкладзены кампазіцыйныя асновы партэсных спеваў, вытлумачаны выразныя магчымасці музыкі ў духу тэорыі афектаў (гл. Афектаў тэорыя). Вядома некалькі рэдакцый гэтага трактата на розных мовах — польскай (1675, Вільня, не захаваўся), царк.-слав. (1677, Смаленск), рус. (1679, 1681, 1979, Масква; 1910, С.-Пецярбург), укр. (1723, Пецярбург; 1970, Кіеў). Гэта фундаментальная праца некалькі дзесяцігоддзяў была асноўнай пры вывучэнні тэорыі музыкі і кампазіцыі. Пад уплывам творчасці Д. склалася кампазітарская школа шматгалосых царк. спеваў. Яму належаць шматгалосыя хар. кампазіцыі.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́НКА (Іван Сідаравіч) (8.10.1895, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія — 25.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. дывізіі Л. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Магілёўскай вобл. Дывізія з баямі 23—25 чэрв. фарсіравала рэкі Проня і Бася, адбіла некалькі контратак каля в. Халмы Чавускага р-на; Л. з гарматы падбіў некалькі варожых танкаў, загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў Магілёве. Яго імем названы вуліца і сквер у Магілёве, плошча ў Крычаве.
т. 9, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
т. 9, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),
ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.
Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.
т. 13, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РДЖУНА,
герой стараж.-індыйскага эпасу «Махабхарата», ідэальны воін, у якога сіла і мужнасць спалучаліся з высакароднасцю і велікадушнасцю. Некалькі гадоў выгнання Арджуна праводзіць на небе і дапамагае багам у бітве з нябеснымі дэманамі.
т. 1, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)