АШО́Т II Жалезны

(?—928),

армянскі цар [914—928]. З дынастыі Багратыдаў. Вёў упартую барацьбу супраць арабаў, якія спрабавалі ліквідаваць незалежнасць Арменіі, за што і празваны Жалезным. У 921 разбіў араб. армію на беразе воз. Севан і вызваліў ад арабаў б.ч. Арменіі. У 922 халіф вымушаны быў прызнаць Ашота II уладаром Арменіі.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,

паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НА ((Luna) Антоніо) (29.10.1866, Маніла — 5.6.1899),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 галоўнакамандуючы філіпінскай арміяй, з 1899 пам. ваен. міністра. Прыхільнік рашучай барацьбы за незалежнасць, арыштаваў міністраў філіпінскага ўрада, якія схіляліся да кампрамісу з ЗША. Забіты асабістай аховай прэзідэнта Э.Агінальда, які абвінаваціў Л. ў намеры «узурпіраваць уладу».

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1921,

нацыянальна-вызв. паўстанні супраць англ. калан. панавання ў Егіпце. Зімой 1918 партыя «Егіпецкая дэлегацыя» (Вафд) сабрала подпісы з патрабаваннямі прадаставіць Егіпту незалежнасць. У адказ 8.3.1919 англічане арыштавалі лідэра партыі С.​Заглулу, што стала штуршком да паўстання. 9 сак. ў Каіры прайшла масавая дэманстрацыя пад лозунгамі поўнай нац. незалежнасці, адмены пратэктарату і вываду англ. войск. Кровапралітныя баі адбыліся ў Каіры, Александрыі, Порт-Саідзе і інш. гарадах, паўстанцы вызвалілі значную ч. тэр., стварылі свае органы ўлады. На кароткі час калан. ўлады страцілі кантроль, але кіраўніцтва Вафд не скарыстала момант для арганізацыі нар. мас, і англ. войскі задушылі паўстанне. У снеж. 1921 пасля спробы Англіі навязаць Егіпту нераўнапраўны саюзны дагавор пачаўся новы ўздым вызв. руху. Арышт лідэраў Вафд стаў сігналам да новага паўстання, якое было задушана ў пач. 1922. У лют. 1922 Вялікабрытанія адмовілася ад пратэктарату над Егіптам і фармальна прызнала яго незалежнасць.

У.​С.​Кошалеў.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТРАПІ́Я (ад іза... + грэч. tropos паварот, напрамак),

незалежнасць фіз. уласцівасцей цела, асяроддзя ці прасторы ад розных напрамкаў. Характэрна для газаў, вадкасцей, а таксама рэчываў у аморфным стане ў адрозненне ад анізатрапіі, уласцівай крышталям. І. адносна адных уласцівасцей можа спалучацца з анізатрапіяй адносна інш. уласцівасцей. Напр., крышталі кубічнай сістэмы ізатропныя адносна аптычных і анізатропныя адносна мех. уласцівасцей.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГАШ (Пётр) (сапр. Томаў-Негаш Радзівай Петравіч; 1.11.1813, в. Негушы. Чарнагорыя — 19.10.1851),

чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб. нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Горный венец. М., 1955.

А.​П.​Траяноўскі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́ГАС ((Artigas) Хасе Хервасіо) (19.6.1764, Мантэвідэо — 23.9.1850),

уругвайскі ваенны і паліт. дзеяч, нац. герой Уругвая. Служыў у ісп. калан. войсках. У 1811—14 узначальваў нар. паўстанне Усх. берага (сучасны Уругвай) супраць ісп. панавання. Выступаў за незалежнасць Уругвая, супраць далучэння яго да Аргенціны. У 1816—20 вёў барацьбу супраць браз. агрэсіі. У 1820 пацярпеў паражэнне ад партуг.-браз. войскаў і інтэрніраваны ў Парагваі.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.​Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)