НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Ала Іванаўна) (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар.маст. ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар. тканіна «Месячная дарога» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦІ,
псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл.Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПША́Й (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне афармленчага мастацтва і жывапісу. Аформіў інтэр’еры: музеі Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. (1972, з Э.Агуновічам), стараж.-бел. культуры ІМЭФНац.АН Беларусі (1979), нар. творчасці ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1996) і інш.; бел. раздзел на Міжнар. выстаўцы ў Брно (Чэхаславакія, 1983, з В.Чуглазавым), Міжнар. кірмашу ў Бухарэсце (1984), Нац. выстаўкі нар. творчасці Беларусі ў Мінску (1996). Сярод жывапісных твораў: «Халодны дзень» (1985), «Зімовы настрой» (1987), «Палявыя кветкі» (1996), серыі пейзажаў «Стары Мінск» (1991), «Нарачанскі край» (1995), «На Браслаўшчыне» (1996—97) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІЗІ́ЧНЫ ЖЫ́ВАПІС,
кірунак у італьян. жывапісе. Заснаваны ў 2-й пал. 1910 — пач. 1920-х г. Дж. Дэ Кірыка пад уплывам філасофіі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ і стаў рэакцыяй на рацыяналістычную схему кубізму і дынамізм футурызму. Тэарэтык — паэт А.Савіньё. Прадстаўнікі М.ж. (К.Кара, М.Кампільі, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Ф. Дэ Пісіс) у карцінах з выявамі пустынных гарадоў з далёкай перспектывай, манекенаў, у нацюрмортах з дзіўным складам прадметаў імкнуліся вывесці рэальнасць за рамкі звычайнай логікі, стварыць таямнічы настрой і раскрыць містыку вобразаў, якія знаходзіліся па-за межамі адлюстравання рэчаіснасці. Значна паўплываў на станаўленне сюррэалізму і часта разглядаецца як адзін з яго кірункаў.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Метафізічны жывапіс. Дж. Дэ Кірыка. 1950. Музы непакою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр.Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),
бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.
Тв.:
У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Каханоўскі Г.А.Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,
выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.
бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Таджыкістана (1957). Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1951). З 1951 працавала ў Туркменскім, Чэлябінскім, Куйбышаўскім т-рах оперы і балета. У 1959—72 адна з вядучых танцоўшчыц Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1962 (з перапынкамі) педагог Бел. харэагр. вучылішча (у 1971—77 маст. кіраўнік). Яе мастацтва вызначалі светлы, аптымістычны настрой, сталая тэхніка, артыстызм. Сярод партый: Марыя («Мара» Я.Глебава), Анежка («Святло і цені» Г.Вагнера), Адэта — Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Царэўна («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А Лядава), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана). Сярод вучаніц Л.Бржазоўская, Н.Паўлава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,
традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТ, побыт,
пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.