дэталь машын і механізмаў (звычайна падоўжанай цыліндрычнай формы) для падтрымання частак дэталей, што знаходзяцца ў вярчальным руху. У адрозненне ад вала вось не перадае карысны вярчальны момант і вытрымлівае толькі напружанне выгіну. Адрозніваюць восі нерухомыя (замацоўваюцца ў апорах) і рухомыя (верцяцца ў апорных падшыпніках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШАЧНАЕ СКАРАЧЭ́ННЕ,
укарачэнне ці напружанне мышцаў у адказ на раздражненне, выкліканае разрадам рухальных нейронаў. Змены даўжыні міяфібрылаў у саркамеры (асн. структурная адзінка міяфібрылаў) адбываюцца шляхам слізгання актынавых нітак уздоўж міязінавых, а самі ніткі пры гэтым не ўкарочваюцца. Кожны саркамер здольны памяншацца на 20% сваёй даўжыні. На М.с. траціцца энергія, якая папаўняецца ў працэсах дыхання і гліколізу. Адрозніваюць М.с. ізаметрычнае (з ростам напружання мышца развівае намаганне без змены сваёй даўжыні) і ізатанічнае (мышца ўкарочваецца і патаўшчаецца, а напружанне яе амаль не мяняецца). Напр., пры перамяшчэнні грузу мышца скарачаецца спачатку ізаметрычна, а потым ізатанічна. Час адзінкавага скарачэння для розных тыпаў мышцаў — 5—200 мілісекунд.
Літ.:
Бэгшоу К. Мышечное сокращение: Пер. с англ.М., 1985;
Основы физиологии человека. Т. 1. СПб., 1994.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мышачнае скарачэнне: саркамер расслабленага (1) і скарочанага (2) мышачнага валакна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),
паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАР (ад лац. detector адкрывальнік) у радыётэхніцы, прылада для дэтэктыравання высокачастотных эл. ваганняў. Адрозніваюць амплітудныя, частотныя і фазавыя Д. Выкарыстоўваюцца ў вяшчальных, сувязных і тэлевізійных радыёпрыёмніках, вымяральных прыладах і інш. для вылучэння мадулюючых частот, якія нясуць інфармацыю.
Амплітудны Д. мае актыўны элемент (лямпавы або паўправадніковы дыёд) і фільтр ніжніх частот. Нізкачастотнае напружанне, што вылучаецца на выхадзе фільтра, адпавядае закону мадуляцыі. Амплітуднае дэтэктыраванне магчыма таксама ажыццявіць лінейным змяненнем (у часе) праводнасці электроннай прылады ў такі з нясучай частатой ваганняў (сінхронны Д.). У частотных і фазавых Д. частотна- і фазава-мадуляваныя ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна-мадуляваныя, якія потым дэтэктыруюцца амплітудным дэтэктарам. Гл.таксама Дыскрымінатар.
А.П.Ткачэнка.
Схемы дэтэктара: а — паралельнага амплітуднага; б — балансавага фазавага; LKCK — вагальны контур; R, C — нагрузка дэтэктара; D, D1, D2 — дыёды; RфCф — фільтр ніжніх частот; Uувх, Uвых — уваходнае і выхадное напружанне; Tp — трансфарматар; E — крыніца апорных ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, інтэгратар,
вылічальная прылада для вызначэння інтэграла па дзвюх уваходных велічынях. Бывае аналагавае і лічбавае; мех. (гл.Планіметр), гідраўл., эл. і інш. Выкарыстоўваецца пры рашэнні матэм. задач, мадэліраванні фіз. працэсаў і інш. як самастойная прылада і як састаўная частка інтэрпалятараў, выліч. машын, сістэм аўтам. рэгулявання.
Уваходнымі пераменнымі І.п. бываюць мех. перамяшчэнне, ціск, эл. ток (ці напружанне), колькасць імпульсаў, т-ра і інш. У гідраўлічных І.п. (выкарыстоўваюцца пры вывучэнні неўсталяваных працэсаў цеплаперадачы, фільтрацыі, дыфузіі) даследаваныя пераменныя велічыні (у т. л. выходныя) адлюстроўваюцца ўзроўнямі вадкасці ў пасудзінах, злучаных паміж сабою трубкамі з зададзенымі гідраўл. супраціўленнямі. Асн. элементам электронных І.п. неперарыўнага дзеяння (аналагавых) з’яўляецца эл. кандэнсатар, напружанне на якім прапарцыянальнае інтэгралу ад сілы току праз яго. Такія І.п. ўваходзяць у склад аналагавых выліч. машын. Інфармацыя ў лічбавых І.п. выяўляецца ў выглядзе пэўнага ліку эл. імпульсаў, і інтэграванне выконваецца як падсумаванне гэтых імпульсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫВІБРА́ТАР (ад мульты... + вібратар),
двухкаскадны імпульсны генератар, які стварае разрыўныя ваганні амаль прамавугольнай формы. Выкарыстоўваецца як генератар імпульсаў, дзялільнік частаты, бескантактны пераключальнік у радыёлакацыі, аўтаматыцы, вымяральнай і выліч. тэхніцы і інш.
Вырабляецца на электронных лямпах, транзістарах (найб. пашырана), тырыстарах і інтэгральных мікрасхемах. Можа працаваць у неперарыўным ці чакальным рэжымах генерацыі. У чакальным рэжыме (затарможаны М., аднавібратар, спускавое прыстасаванне, кіпрэле) М выкарыстоўваецца як фарміравальнік імпульсаў, для затрымкі імпульсаў, а таксама для шыротна-імпульснай і фазава-імпульснай мадуляцыі ваганняў і інш. Існуюць мнагафазныя (л-фазныя) М., якія генерыруюць паслядоўнасць л зрушаных у часе і прасторы імпульсаў і выкарыстоўваюцца ў многаканальных сістэмах адбору, перадачы і пераўтварэння інфармацыі. Гл. таксама Імпульсная тэхніка.
Схема сіметрычнага мультывібратара (а) і сігналы (б), што ім генерыруюцца: Tp1, Tp2 — транзістары; C1, C2 — кандэнсатары; R1—R4 — рэзістары; E — напружанне крыніцы сілкавання; UK — напружанне на калектары (выхадны сігнал); T — перыяд ваганняў; T1, T2 — працягласць рабочых тактаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭНЮА́ТАР (ад франц. atténuer змякчаць, памяншаць),
прыстасаванне ў электра-, радыётэхніцы і вымяральнай апаратуры, якое памяншае напружанне, сілу току і магутнасць эл.-магн. ваганняў. Адрозніваюць атэнюатары паглынальны (прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні эл.-магн. энергіі ў правадніках і дыэлектрыках) і гранічны (выкарыстанне з’явы згасання эл.-магн. хваляў у радыёхваляводзе). Найпрасцейшы атэнюатар — дзялільнік напружання з пераменным рэзістарам (гл.Рэастат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯТАНІ́Я (ад мія... + грэч. tonos напружанне),
сіндром прыроджанай гіпатаніі ці атаніі мышцаў чалавека ад парушэння абмену рэчываў і пашкоджанняў спіннога мозга. Прыкметы М.: парушэнне маторыкі (галава, рукі, ногі нованароджанага дзіцяці звісаюць уздоўж тулава, дыханне вялае, крык ціхі) без псіхічных расстройстваў. Для характэрных праяў М. выкарыстоўваюць тэрмін «вялае дзіця». Лячэнне: масаж, лячэбная фіз. культура, дазіраваная электрастымуляцыя мышцаў, рэфлексатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРЭ́ДНЕНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, у якіх загадзя (у працэсе вырабу ці мантажу) ствараюцца напружанні, аптымальна размеркаваныя ў элементах канструкцыі. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў жалезабетонных вырабах і канструкцыях, у арматуры якіх ствараюць унутр.напружанне расцяжэння, у бетоне — сціскання. Вызначаюцца высокай шчылінаўстойлівасцю, меншай металаёмістасцю. Высока эфектыўныя з прычыны больш поўнага выкарыстання высокатрывалых матэрыялаў і іх фіз.-мех. уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́МЕТР y тэхніцы, фізічная велічыня, якая з’яўляецца істотнай характарыстыкай тэхн. сістэмы, з’явы, працэсу. У мех. сістэмах П. — гэта маса, каэф. трэння, момант інерцыі і інш. З эл. П. найб. характэрныя супраціўленне, індуктыўнасць, ёмістасць, сіла току, напружанне. П. цеплавых працэсаў — цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш. П. бываюць пастаянныя і пераменныя (залежаць ад часу і сістэмы каардынат), сканцэнтраваныя і размеркаваныя.