АЛЬМЕ́ЙДА МЕДЫ́НА ((Almeida Medina) Кладаміра) (н. 11.2.1923, г. Сант’яга),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т. У 1952—53 міністр працы, У 1953—56 міністр гарнаруднай прам-сці, у 1970—73 міністр замежных спраў, нац. абароны ва ўрадзе С.Альендэ Госенса. Арыштаваны ў час ваен. перавароту (1973). У 1975 вызвалены і высланы з краіны. У 1978—89 нам. ген. сакратара, ген. сакратар Сацыяліст. партыі Чылі, старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі Чылі, з 1988 старшыня Каардынацыйнага к-та сацыяліст. партый краін Лац. Амерыкі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАГЭН ((Callaghan) Леанард Джэймс) (н. 27.3.1912, г. Портсмут, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1945 чл. парламента. У 1951—64, 1970—74 адзін з кіраўнікоў парламенцкай фракцыі лейбарыстаў, чл. «ценявога кабінета» (1961—64, 1970—74). У 1964—67 міністр фінансаў, у 1967—70 — унутр. спраў, у 1974—76 — замежных спраў і па справах брыт. Садружнасці, адначасова ў 1975—76 міністр па пытаннях развіцця заморскіх тэрыторый. У 1976—80 лідэр Лейбарысцкай партыі, у 1976—79 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1979—80 лідэр апазіцыі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГЕНЛО́Э (Hohenlohe) Хлодвіг Карл Віктар, князь Шылінгсфюрст (Schillingsfürst; 31.3.1819, г. Ротэнбург-ан-дэр-Фульда, Германія — 6.7.1901), германскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Паходзіў са стараж. ням. роду. Юрыст. У 1867—70 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Баварыі. Пасол Германіі ў Францыі (1874—85), удзельнік Берлінскага кангрэса 1878. Намеснік у Эльзас-Латарынгіі (1885—94). У 1894—1900 рэйхсканцлер Германіі і прэм’ер-міністр Прусіі. Урад Гогенлоэ падпісаў герм.-кіт. дагавор 1898 (узаконіў пераход кіт. прав. Шаньдун у «сферу ўплыву» Германіі), садзейнічаў будаўніцтву моцнага ВМФ і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1906—31).

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙВІСТА ((Koivisto) Маўна Генрык) (н. 25.11.1923, г. Турку, Фінляндыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Фінляндыі. Скончыў ун-т у Турку. Д-р філасофіі. Чл. С.-д. партыі Фінляндыі (з 1947). У 1958—67 адзін з кіраўнікоў Хельсінкскага рабочага ашчаднага банка, у 1968—82 ген. дырэктар і старшыня праўлення Паштовага банка Фінляндыі, старшыня праўлення каап. аб’яднання «Эланта». У 1966—67 міністр фінансаў, у 1972 — нам. прэм’ер-міністра і міністр фінансаў, у 1968—70 і 1979—82 прэм’ер-міністр. У 1982—94 прэзідэнт Фінляндыі.

Тв.:

Рус. пер. — Вехи пути. М., 1987.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРТ ((Wirth) Карл Іозеф) (6.9.1879, г. Фрайбург, Германія — 3.1.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Скончыў Фрайбургскі ун-т. Дэпутат рэйхстага ў 1914—18 і 1920—33. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 міністр фінансаў у Бадэне, чл. Нац. сходу. Адзін з лідэраў партыі Цэнтра (да 1933). Міністр фінансаў (1920—21). Рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі ў маі 1921 — ліст. 1922. Урад Вірта імкнуўся да выканання Версальскага мірнага дагавора 1919, падпісаў 16.4.1922 рас.-герм. Рапальскі дагавор. Міністр акупіраваных (паводле Версальскага дагавора) абласцей (1929—30). Міністр унутр. спраў (1930—31). У 1933—48 у эміграцыі. Заснавальнік партый «Саюз цэнтра» (1948) і Саюз немцаў (за адзінства, мір і свабоду). Выступаў за ўзаемаразуменне з СССР (пры нейтральнасці Германіі), супраць эканам. і ваен. інтэграцыі ФРГ у Зах. Еўропу. Чл. Сусв. Савета Міру з 1952.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОЙД ДЖОРДЖ ((Lloyd George) Дэвід) (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.​Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—6. М., 1934—37;

Правда о мирных договорах. Т. 1—2. М., 1957.

Літ.:

Виноградов К.Б. Дэвид Ллойд Джордж. М., 1970.

Д.Лойд Джордж.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБЕ́ТА ((Gambetta) Леон Мішэль) (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.​Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́САД (Хафез аль) (н. 7.8.1930, правінцыя Латакія, Сірыя),

сірыйскі дзярж., паліт. і ваенны дзеяч. Ген. арміі (1968). Мае вышэйшую ваен. адукацыю. Камандуючы ВПС (1964—70), адначасова з 1966 міністр абароны. У 1970—71 прэм’ер-міністр. З 1971 прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Ген. сакратар Партыі араб. сацыяліст, адраджэння (БААС, з 1971).

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРАНА́ІКЕ (Саламон) (8.1.1899, г. Каломба, Шры-Ланка — 26.9.1959),

палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). Атрымаў адукацыю ў Каломба, Шры-Ланка і Оксфардзе. У 1925 уступіў у партыю Цэйлонскі нац. кангрэс і стаў адным з яе лідэраў. У 1947—51 міністр аховы здароўя, старшыня першага цэйлонскага парламента. У 1951 стварыў Цэйлонскую партыю свабоды. У 1956—59 прэм’ер-міністр, адначасова міністр замежных спраў і абароны. Урад Бандаранаіке праводзіў курс на замацаванне паліт. незалежнасці і развіццё нац. эканомікі (ліквідацыя замежных ваен. базаў, нацыяналізацыя порта Каломба, 10-гадовы план развіцця гаспадаркі). Забіты ў выніку змовы.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)