КАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць у малекуле адну або некалькі карбаксільных груп — COOH. Залежна ад колькасці груп адрозніваюць кіслоты монакарбонавыя (напр., CH3COOH воцатная кіслата), ды-і полікарбонавыя (напр., HOOC—COOH шчаўевая кіслата, C6H6−n(COOH)n бензол полікарбонавыя к-ты. Адначасова малекулы К.к. могуць мець і інш. функцыянальныя групы, напр., амінагрупу (амінакіслоты), гідраксільную (аксікіслоты).

Монакарбонавыя неразгалінаваныя К.к. з колькасцю атамаў вугляроду ў малекуле да 9 і разгалінаваныя — да 13 атамаў — вадкасці; вышэйшыя, араматычныя і дыкарбонавыя к-ты — цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Па хім. уласцівасцях — слабыя к-ты, моц якіх павышае прысутнасць у малекуле электронаакцэптарных груп (атамаў галагену, нітрагруп і інш.), напр., трыхлорвоцатная к-та CCl3COOH у 700 разоў мацнейшая за CH3COOH. Пры ўзаемадзеянні з асновамі ўтвараюць солі (гл. Мыла), пры замяшчэнні гідраксільнай OH-групы — розныя функцыянальныя вытворныя: складаныя эфіры, галагенангідрыды, ангідрыды, аміды кіслот і інш. У свабодным стане К.к. ёсць у садавіне, гародніне, крыві жывёл і чалавека, уваходзяць у састаў эфірных і раслінных алеяў, тлушчаў, воскаў. Сінт. К.к. атрымліваюць акісленнем спіртоў, альдэгідаў, вуглевадародаў, гідролізам нітрылаў і інш. вытворных. Адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІ́ЗМ,

слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен.моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).

П.​У.​Сцяцко.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),

італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.​Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.

К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л. камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.

Тв.:

Рус. пер. — Город Солнца. М., 1954.

Літ.:

Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.

Т.​І.​Адула.

Дж.Д.Кампанела.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЕ́ПА (Марыс Рудольф Эдуардавіч) (27.7.1936, Рыга — 26.3.1989),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1955), выкладаў у ім (1963—80). У 1960—84 саліст Вял. т-ра. Яго выкананне вызначалі пластычнасць, шырыня і моц рухаў, скульптурнасць поз, сінтэз танцавальнасці і артыстызму, псіхал. абгрунтаванасць сцэн. паводзін. Вяршыня творчасці — вобраз Краса («Спартак» А.​Хачатурана; Ленінская прэмія 1970). Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Вакх («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Спартак, Армэн («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Вронскі, Карэнін («Ганна Карэніна» Шчадрына), прынц Лімон («Чыпаліна» К.​Хачатурана), Ферхад («Легенда аб каханні» А.​Мелікава). Ставіў і аднаўляў класічныя балеты, танцы да драм. спектакляў. Здымаўся на тэлебачанні і ў кіно. Аўтар кніг «Хачу танцаваць сто гадоў» (1981), «Учора і сёння ў балеце» (2-е выд. 1986). Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільмы «Я пачынаю новы маналог» (1981), «А болей за ўсё пратрымалася душа...» (1990), «Святло яго зоркі» (1992). Прэміі імя В.​Ніжынскага (1971), імя М.​Петыпа (1977; абедзве Парыж).

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Рославлева Н. М.​Лиепа. М., 1978;

Марис Лиепа: Я хочу танцевать сто лет, М., 1996.

М.Ліепа ў ролі прынца Лімона.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.​Шкялёнак (рэдактар), Я.​Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.​Арсеннева, В.​Багдановіч, М.​Васілёк, А.​Луцкевіч, М.​Машара, У.​Самойла, М.​Танк, В.​Таўлай, Р.​Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.​Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.​Скарыну, Б.​Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.​Шаляпіна, Ш.​Руставелі, М.​Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.​А.​Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВОН,

найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.​Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.

У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст. Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.

На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт. Урочышча Гай, Хатынь).

Літ.:

Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;

Воронин Н.Н. Древнее Гродно. М., 1954;

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна, А.​І.​Сямёнаў.

Звон.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІНА (Вера Ігнатаўна) (1.7.1889, Рыга — 6.10.1953),

расійскі скульптар. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучылася ў школах-студыях К.​Юона і І.​Машкова ў Маскве (1909—12), прыватных маст. акадэміях і ў Э.​А.​Бурдэля ў Парыжы (1912—14). Выкладала ў Вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (1926—27) і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30) у Маскве. Чл. Т-ва рус. скульптараў (з 1926). У 1914 вывучала мастацтва Рэнесансу ў Італіі, потым жыла ў бацькоўскім маёнтку пад Магілёвам. Пазней працавала ў Маскве. У ранні перыяд зазнала ўплыў кубізму, імкнулася да манументальнасці і лаканізму форм («П’ета», 1916, не захавалася). Пасля 1917 удзельнічала ў рэалізацыі плана манум. прапаганды, стварала праекты рамантычна-ўзнёслых, прасякнутых бурлівым рухам помнікаў («Полымя рэвалюцыі», 1922—23, і інш.). У станковых творах імкнулася перадаць унутр. моц натуры праз пацяжэнне аб’ёмаў: «Вецер» (1926), «Сялянка» (1927) і інш. З 1930-х г. звярнулася да праблематыкі сінтэзу манум. скульптуры і архітэктуры (скульпт. група «Хлеб» для Маскварэцкага моста ў Маскве, 1939, і інш.). Найб. значная работа гэтага перыяду — стварэнне (з арх. Б.​Іафанам) павільёна СССР на сусв. выстаўцы ў Парыжы 1937. Нарастаючы ўвышыню рытм будынка павільёна-пастамента арганічна працягваўся дыяганальнай кампазіцыяй 25-метровай скульпт. групы «Рабочы і калгасніца» (1935—37, пры перавозцы з Парыжа пашкоджана, адноўлена і ў 1939 устаноўлена ў Маскве). У 1940-я г. працавала пераважна ў жанры партрэта; «Б.​Юсупаў», «І.​Хіжняк» (абодва 1942—47), «Акадэмік А.​Крылоў» (1945) і інш. У апошнія гады працавала над завяршэннем праекта І.​Шадра помніка М.​Горкаму (з Н.​Зяленскай і З.​Івановай, арх. З.​Разенфельд, 1951), помніка П.​Чайкоўскаму (з Зялянскай і Івановай, арх. А.​Заварзін; адкрыты ў 1954). Афармляла выстаўкі, тэатр. спектаклі, працавала ў графіцы, стварала праекты адзення, малюнкі для тканін, вырабы з фарфору і шкла. Імя М. прысвоена Ленінградскаму вышэйшаму маст.-прамысл. вучылішчу (1953; з 1994 Пецярбургская маст.-прамысл. акадэмія). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1951, 1952. Іл. гл. таксама да арт. Манументальная скульптура.

Літ.:

Воронова О.П. В.​И.​Мухина. М., 1976;

Суздалев П.К. В.​И.​Мухина. М., 1981.

Л.​Я.​Дзягілеў.

В.Мухіна. Хлеб. 1939.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,

умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст. эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.

Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.​Байрана, П.​Б.​Шэлі, М.​Агарова, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Ліста, А.​Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.​А.​Моцарта, апавяданне Э.Т.​А.​Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.​Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.​Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.​Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.​В.​Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.​Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.

Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г. найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа).

Літ.:

Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),

від узбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац. тэр. вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг. ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс. км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).

ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л. грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г. ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.

ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), а таксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш. Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).

Літ.:

Вьюненко Н.П., Макеев Б.Н., Скугарев В.Д. Военно-морской флот: роль, перспективы развития, использование. М., 1988;

Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАЧО́БНЫЯ ПЕ́СНІ, валачэўныя, валхоўныя, лалоўныя песні,

від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт. культуры. З інш. слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Валачобныя песні. Мн., 1980.

Літ.:

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Ліс А.С. Валачобныя песні. Мн., 1989.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)