арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць метынавыя групы —CH=, што ўтвараюць ланцуг спалучаных падвойных сувязей з няцотным лікам атамаў вугляроду паміж электронадонарнай і электронаакцэптарнай групамі па канцах. Колькасць метынавых груп у адкрытым ланцугу малекулы фарбавальніка можа быць і невялікай 1, 2, 3 і г.д., адпаведна адрозніваюць мона-, ды-, тры- і інш. метынавыя фарбавальнікі.
П.ф. маюць колеры ад жоўтых да зялёных, для іх характэрна высокая інтэнсіўнасць і святлоўстойлівасць афарбоўкі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі поліакрыланітрыльных і ацэтатных валокнаў, пластмас, фарбавання натуральнай скуры, вырабу чарніла, штэмпельных фарбаў і капіравальнай паперы, як аптычныя сенсібілізатары ў фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАФО́Н (ад магніт + ...фон),
апарат для магн.гуказапісу на магнітную стужку ці інш. носьбіт і наступнага ўзнаўлення гуку. Бывае адна- і шматдарожкавы, мона- і стэрэафанічны. Існуюць таксама спалучэнні М. з інш. апаратамі (напр.магнітола).
Адрозніваюць прафесійны (напр., для сінхроннага гуказапісу пры кіназдымцы), студыйны для высакаякаснага гуказапісу, паўпрафесійны (напр., для запісу дыспетчарскіх перагавораў), бытавы для аматарскага гуказапісу і спецыяльны (напр., геамагнітафон, дыктафон); стацыянарны і партатыўны; шпульны і касетны і інш. Мае блок сілкавання, стужкапрацяжны механізм, узмацняльнікі запісу і ўзнаўлення сігналаў, магн. галоўкі, з дапамогай якіх гэтыя сігналы перадаюцца на гуканосьбіт і наадварот, і акустычную сістэму. М. без узмацняльніка магутнасці і акустычнай сістэмы наз. магнітафоннай прыстаўкай і прызначаецца для спалучэння з інш. апаратамі. Гл. таксама Відэамагнітафон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti; стараж. назва Кіскея),
востраў у групе Вялікіх Антыльскіх астравоў, у Вест-Індыі. На Гаіці дзяржавы Гаіці і Дамініканская Рэспубліка. Абмываецца на Пн Атлантычным ак., на Пд — Карыбскім м. Ад в-ва Куба аддзелены Наветраным пралівам, ад в-ва Пуэрта-Рыка — пралівам Мона. Пл. 77 тыс.км². Нас. 14,4 млн.чал. (1994). Берагі моцна парэзаныя залівамі пераважна рыясавага тыпу. Складзены з вулканічных і асадкавых парод. Рэльеф гарысты, выш. да 3175 м (г. Дуартэ — самая высокая ў Вест-Індыі). Частыя землетрасенні. Клімат трапічны пасатны. На ПнУ і Пд схілы гор укрыты вечназялёнымі і мяшанымі трапічнымі лясамі. На З і ва ўнутр. раёнах — лістападныя лясы і хмызнякі, на вяршынях — хвойныя і цвердалістыя лясы. Адкрыты ў 1492 Х.Калумбам і названы ім Эспаньёлай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФІЛІ́Я (ад мона... + ...філія),
паходжанне групы арганізмаў ад агульнага продка; адзін з асн. прынцыпаў эвалюцыі арган. свету. Ідэя М. складае аснову сучаснай сістэматыкі. Класічнае разуменне М.: узнікненне таксона любога рангу ад адзінага родапачынальнага віду на аснове дывергенцыі або адаптыўнай радыяцыі. Распаўсюджанне з’яў эвалюцыйнага паралелізму ў філагенезе розных груп арганізмаў ускладняе практычнае выкарыстанне класічнай канцэпцыі М. ў сістэматыцы, таму што мяжу паміж продкавым і нашчадкавым таксонамі часта перасякаюць некалькі філетычных ліній, што эвалюцыяніруюць паралельна, агульны продак якіх існаваў на больш ранніх этапах філагенезу. Гэты прыватны выпадак М. наз. парафіліяй. Амер. палеантолаг Дж.Сімпсан прапанаваў (1960) разглядаць таксон як монафілетычны, калі ён паходзіць адным або некалькімі каранямі ад аднаго таксона больш нізкага рангу (напр., тып — ад класа, клас — ад атрада і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.
Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРЫ́НА, прапантрыёл-1,2,3,
найпрасцейшы трохатамны спірт, HOCH2CH (OH) CH2OH. Змяшчаецца ў выглядзе гліцэрыдаў у прыродных тлушчах і алеях. Атрыманы К.Шэеле (1779) амыленнем прыродных тлушчаў.
Бясколерная сіропападобная вадкасць салодкага смаку, без паху, tпл 17,9 °C, tкіп 290 °C, шчыльн. 1260 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой (растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах), этылавым і метылавым спіртамі, ацэтонам; не раствараецца ў хлараформе, эфіры, вуглевадародах. Мае хім. ўласцівасці спіртоў (першасных і другасных). Утварае мона-, ды- і трывытворныя, з шчолачнымі металамі, аксідамі і гідраксідамі металаў — гліцэраты. У прам-сці атрымліваюць амыленнем харч. тлушчаў, сінтэтычна — з прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (гл.Нітрагліцэрына), аксідных смол і лакаў, як змякчальнік скуры, паперы, тканіны, кампанент эмульгатараў, антыфрызаў, касметычных і парфумных прэпаратаў, мед. мазей, лікёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦВЁРДЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ матэрыялы, цвёрдасць матэрыялаў якіх сувымерная з цвёрдасцю алмазу. Адрозніваюць прыродныя (алмаз) і сінт. (найб. пашыраны сінт. алмазы і кубічны нітрыд бору), мікрацвёрдасць якіх — 60—100 ГПа. Маюць высокія трываласць, зносаўстойлівасць, цеплаправоднасць. Хімічна інертныя. Сінт. З.м. атрымліваюць з вугляроду і нітрыду бору пры высокім ціску (4—12 ГПа) і т-рах ад 1200 да 2200 °C у спец. камерах. Выкарыстоўваюць у выглядзе парашкоў, мона- і полікрышталёў, кампазітаў, плёнак для вырабу абразіўных, металарэзных, горна-буравых інструментаў. На Беларусі даследаванні па стварэнні З.м. праводзяцца з 1960 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН. Распрацаваны тэхналогіі атрымання сінт. алмазаў, кубічнага нітрыду бору, у т. л. полікрышт. («белбор»), кампазітаў на іх аснове, наладжана вытв-сць гэтых матэрыялаў. Парашкі сінт. алмазаў выпускаюць на Гомельскім ВА «Крышталь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),
прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЛЕ́Н,
мадленская культура, найбольш позняя палеалітычная культура (15—8 тыс.г. да н.э.), якая змяніла салютрэйскую і папярэднічала азільскай культуры ранняга мезаліту. Выяўлена франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў 1860. Назва ад пячоры Мадлен на беразе р. Везер (дэпартамент Дардонь, Францыя). Пашырана на тэр. Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, Германіі і мае шэраг мясц. разнавіднасцей. У М. пераважалі крамянёвыя разцы, праколкі, скрэблы, касцяныя гарпуны, наканечнікі коп’яў, дроцікі, кап’якідальнікі, жэзлы, іголкі, шылы і інш. Характэрны разныя выявы на рогу і косці, скульптура з рогу, косці, іклаў маманта, гравіраваныя, мона- і паліхромныя выявы на скляпеннях і сценах пячор. Насельніцтва займалася паляваннем, жыло ў пячорах і жытлах з касцей і шкур. М. адносіцца да эпохі мацярынскага роду. Тэрміны «М.» і «мадленская эпоха» ўжываюцца і ў шырокім сэнсе для пазначэння заключнага этапу развіцця познапалеалітычнай культуры еўрап. прыледавіковай вобласці ад Францыі да Урала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.