МАДЛЕ́Н,

мадленская культура, найбольш позняя палеалітычная культура (15—8 тыс. г. да н.э.), якая змяніла салютрэйскую і папярэднічала азільскай культуры ранняга мезаліту. Выяўлена франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў 1860. Назва ад пячоры Мадлен на беразе р. Везер (дэпартамент Дардонь, Францыя). Пашырана на тэр. Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, Германіі і мае шэраг мясц. разнавіднасцей. У М. пераважалі крамянёвыя разцы, праколкі, скрэблы, касцяныя гарпуны, наканечнікі коп’яў, дроцікі, кап’якідальнікі, жэзлы, іголкі, шылы і інш. Характэрны разныя выявы на рогу і косці, скульптура з рогу, косці, іклаў маманта, гравіраваныя, мона- і паліхромныя выявы на скляпеннях і сценах пячор. Насельніцтва займалася паляваннем, жыло ў пячорах і жытлах з касцей і шкур. М. адносіцца да эпохі мацярынскага роду. Тэрміны «М.» і «мадленская эпоха» ўжываюцца і ў шырокім сэнсе для пазначэння заключнага этапу развіцця познапалеалітычнай культуры еўрап. прыледавіковай вобласці ад Францыі да Урала.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)