АЛЮМІНАВА́ННЕ,

нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,

растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,

печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КЕН,

бакан (галанд. baken), плаваючы навігацыйны знак для абазначэння фарватараў або небяспечных месцаў на рэках, каналах і марскіх шляхах. Бываюць святлівыя, несвятлівыя ці з святлоадбівальным пакрыццём; робяць з дрэва або металу (канічнай, цыліндрычнай ці шарападобнай формы) і замацоўваюць на якары. Асвятленне на бакене пераважна электрычнае. Часам абсталёўваецца гукавым сігнальным прыстасаваннем.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛІ́ЎКА,

выраб, які атрымліваецца пры заліўцы расплаўленага металу, горнай пароды, шлаку, шкла, пластмасы і інш. у ліцейную форму. Можа быць гатовай дэталлю ці загатоўкай, зліткам для апрацоўкі на пракатных станах, паўфабрыкатам для пераплаўкі (чушкавы метал). Металічныя адліўкі вырабляюць з шэрага, коўнага і легіраванага чыгуну (75% па масе), вугляродзістых і легіраваных сталяў (20%) і каляровых сплаваў.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛІ́ТАК,

зацвярдзелая маса металу (сплаву) пэўнай формы (усечанай піраміды, прызмы, цыліндра, конуса); паўфабрыкат, прызначаны для далейшай перапрацоўкі (пракаткай, каваннем, пераплаўкай). Атрымліваюць пры крышталізацыі ва ўліўніцах, бесперапынным ліццём, электрашлакавым пераплавам, спяканнем метал. парашкоў і інш. Пры вытв-сці сталі адліваюць З. масай у некалькі дзесяткаў тон для наступнага абціскання на блюмінгах і слябінгах.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТА́К.

1) вадавод незамкнутага сячэння з безнапорным рухам вады. Вырабляецца з драўніны, металу, жалезабетону і інш.; укладваецца на паверхні зямлі або на эстакадзе. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы, ірыгацыі.

2) Прыстасаванне ў выглядзе каўша ці ночваў для прамывання пароды пры разведачных работах.

3) Карыта з невял. жолабам у млыне для ссыпання збожжа ў жорны.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛІ́, Арліт (Arlit),

буйны уранаварудны раён на Пд Сахары ў Нігеры. Радовішчы уранзмяшчальных пясчанікаў, якія залягаюць на глыб. 40—50 м у каменнавугальных, юрскіх і мелавых кантынентальных адкладах чахла Афрыканскай платформы. Агульныя запасы урану ацэньваюцца ў 250 тыс. т (1978). Сярэдняя колькасць металу ў рудзе 0,2—0,4%. Радовішчы распрацоўваюцца з 1970 адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр — г. Арліт.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЙНД-РЫ́ВЕР

(Blind River),

Алгома, буйны уранаварудны раён у Канадзе (прав. Антарыо). Адкрыты ў 1948. Урананоснасць звязана з пластамі кварцава-галечнікавых кангламератаў у магутнай тоўшчы ніжнепратэразойскіх парод. Разведаныя запасы — 270 тыс. т вокісу урану. Сярэдняя колькасць металу ў рудзе 0,08%; спадарожныя кампаненты — рэдказямельныя элементы. Гал. радовішчы: Агнью-Лейк, Эліят-Лейк. Распрацоўка падземным спосабам. Цэнтр — населены пункт Блайнд-Рывер.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЙ, амонію катыён,

складаны катыён агульнай формулы [RR​1NR​2R​3]​+, дзе R, R​1, R​2, R​3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]​+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)