гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).
Абеліск ахвярам фашысцкага тэрору каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТЭМАА (Vetemaa) Эн (н. 20.6.1936, Талін),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1977). Скончыў Талінскі політэхн.ін-т (1959), Талінскую кансерваторыю (1965). Друкуецца з 1958. Аўтар паэт. зб-каў «Пераломны ўзрост» (1962), «Гульня ў снежкі» (1966), цыкла «маленькіх раманаў» («Манумент», 1965; «Стомленасць», 1967; «Рэквіем для губнога гармоніка», 1968; «Яйкі па-кітайску», 1969), рамана «Серабрыстая стужка» (1977). У творах узнімае маральна-этычныя праблемы, праблемы узаемаадносін сучасніка з грамадствам, крытыкуе цынічна-спажывецкія адносіны яго да жыцця. Майстар сац. гратэску (п’есы «Вячэра на пецярых», 1974; «Зноў гора ад розуму», 1975; «Ружоўнік», паст. 1976), камедыёграф («Сусана, або Школа майстроў», нап. 1974, і інш.). Зрабіў стылізаванае пералажэнне нар.эст. эпасу «Успаміны Калевіпоэга» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГО́Ў Міхаіл Міхеевіч (н. 25.1.1933, г. Арцёмаўск Краснаярскага краю, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1957). Працаваў у Новасібірску. З 1975 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар ін-та), з 1978 кіраўнік майстэрні, з 1988 гал. архітэктар праектаў. Асн. работы: у Новасібірску — манумент Славы (1967), комплекс рачнога вакзала з гасцініцай (1973), адм. будынак (1980, усе ў сааўт.); на Беларусі: у Бабруйску — т-р драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча (1979, інтэр’ер), у Мінску — станцыі метро «Акадэмія навук» і «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), Палац Рэспублікі (2000, кіраўнік аўтарскага калектыву); прафілакторый у Валожынскім р-не (1986, у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́КАЛАЎ-ВО́ЮШ Сяржук (сапр.Сокалаў Сяргей Анатолевіч; н. 16.10.1957, в. Астроўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і бард. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, працаваў на з-дзе, навук. супрацоўнікам філіяла Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на (1984—85), заг.літ. часткі лялечнай трупы Бел.т-ра імя Я.Коласа (1988—90). З 1991 за мяжою. Друкуецца з 1973. У кн. «Кроў на сумётах» (1989) публіцыст. і грамадзянская лірыка. Піша музыку да сваіх вершаў. Аўтар казкі «Свецяць, свецяць зорачкі...» (паст. 1989). На бел. мову пераклаў п’есы Л.Андрэева «Манумент», «Любоў да бліжняга», вершы рус., укр., польскіх паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.
Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ Уладзімір Адамавіч (14.12.1912, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 26.5.1980),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1962). Нар. архітэктар СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1979). Скончыў Усерас.АМ у Ленінградзе (1941). У 1955—79 старшыня Дзярж.к-таБССР па справах буд-ва, адначасова з 1959 выкладаў у БПІ. Сярод работ у Мінску: праекты планіроўкі і забудовы праспекта Скарыны (б. Ленінскі праспект) і Кастрычніцкай пл. (б. Цэнтральная; у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), будынак Гал. тэлеграфа, Мінскі галоўны паштамт (абодва ў сааўт.), манумент Перамогі і інш. Адзін з аўтараў мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Тв.:
Архитектурный облик будущего Минска. Мн., 1953;
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
армянскі скульптар, графік і жывапісец. Нар.маст. Арменіі (1965). Нар.маст.СССР (1976). Вучыўся ў тбіліскай Школе жывапісу і скульптуры (1915—18) у Е.Татэвасяна і ў маск. Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19) у П.Канчалоўскага. З 1923 у Парыжы, з 1936 у Арменіі. Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Творы вызначаюцца экспрэсіяй руху, часам стылізацыяй: абеліск «Арол» каля дарогі да Звартноца (1955), партрэт А.Тэр-Абрамяна (1957), помнік Давіду Сасунскаму (1959) і манумент Вардана Маміканяна (1975) у Ерэване і інш. Аўтар графічных ілюстрацый да нар. эпасу «Давід Сасунскі» (1939), жывапісных жанравых кампазіцый, партрэтаў, нацюрмортаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.
Е.Качар. Помнік Давіду Сасунскаму ў Ерэване. 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЗАРЭ́ЙЦЫ»
(ням. Nazarener ад месца нараджэння Хрыста — г. Назарэт),
іранічная назва групоўкі мастакоў «Саюз святога Лукі». Засн. ў Вене ў 1809. Прадстаўлялі кансерватыўны кірунак ням.рамантызму. З 1810 «Н.» (П.Карнеліус, Ф.Овербек, І.Конрад Готынгер, Ф.Пфор, І. і Ф.Фейты, Л.Фогель, Ю.Шнор фон Каральсфельд, В. і Р.Шадавы і інш.) працавалі ў Рыме, дзе вялі жыццё на ўзор сярэдневяковых рэліг. абшчын у манастыры Сан-Ісідора, які пуставаў. «Н.» выступалі супраць інтэрнацыянальнага позняга класіцызму, імкнуліся да эклектычнага аднаўлення рэліг.манумент. мастацтва ў духу майстроў сярэднявечча і Ранняга Адраджэння (пераважна А.Дзюрэра, П.Перуджына, Анджэліка і ранняй творчасці Рафаэля). У 1820—30-я г. групоўка «Н.» распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.