ПАЛ (PAL; Phase Alternatíon Line радок з пераменнай фазай),

адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў Германіі (1963). Адрозніваецца ад сістэмы НТСЦ зменай фазы паднясучай у кожным наступным радку «чырвонага» канала на 180°. Мае зменшаную (у параўнанні з НТСЦ) адчувальнасць да дыферэнцыяльных (фазавых і амплітудных) скажэнняў. Прынята ў 93 краінах Зах. Еўропы, Азіі і Афрыкі і мае 6 версій (1990). Гл. таксама СЕКАМ.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,

хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае ​3/4—​4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СТЫ СКАЗ,

сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.​Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЛЁСТАК,

ліст расліны, які эвалюцыйна трансфармаваўся; частка вяночка кветкі. Мае пераважна яркую афарбоўку.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРЫКА́Л,

1) прадстаўнік царквы, які мае духоўны сан. 2) Прыхільнік клерыкалізму, член клерыкальнай партыі.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБАЛІ́ЧНАЕ ЛЮСТЭ́РКА,

крывалінейнае люстэрка, адбівальная паверхня якога мае форму парабалоіда вярчэння ці парабалічнага цыліндра.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна пры вял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).

Глабоідная перадача.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУГАРА́ (Sorghum cernuum),

від аднагадовых раслін з роду сорга сям. злакаў. Культывуюць як збожжавую і кармавую расліну ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, трапічнай Афрыцы і інш. Вельмі засухаўстойлівая. Мае шчыльнае суквецце-мяцёлку з моцна пакарочанымі галінкамі, з выгнутым сцяблом пад суквеццем, якое звісае ўніз. Зерне Дж. (мае да 70% крухмалу) перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, крухмал, скормліваюць жывёле і птушкам. Зялёную масу сушаць і сіласуюць, сцёблы служаць палівам.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПЕКАКУА́НА, ванітоўны корань (Cephaelis ipecacuanha),

кветкавая расліна сям. марэнавых. Пашырана ў трапічных лясах Бразіліі, Калумбіі і Цэнтр. Амерыкі. Вырошчваюць як лек. сыравіну.

Паўхмызняк выш. да 60 см з карэнішчам, якое мае пацеркападобныя патаўшчэнні. Лісце супраціўнае. Дробныя кветкі сабраны ў паўшарападобныя галоўкі. Карэнішча мае 2—3% алкалоідаў (эмецін, цэфаэлін і інш.). Выкарыстоўваецца ў медыцыне як адхарквальны сродак (ужываюць у выглядзе экстрактаў, настояў, сіропаў). У вял. дозах выклікае рвоту [адсюль другая назва — ванітоўны (ірвотны) корань].

Іпекакуана.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,

працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)