ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),

рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).

Тв.:

Стихотворения. Л., 1981;

Оды. Л., 1985.

Літ.:

Ходасевич В.Ф. Державин. М., 1988.

Л.Л.Кароткая.

Г.Р.Дзяржавін.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЗНЕНСКІ РАЁН.

На У Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 22,3 тыс. чал. (1998), гарадскога 34,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Лёзна. 171 сельскі нас. пункт. 9 сельсаветаў: Бабінавіцкі, Веляшковіцкі, Горбаўскі, Дабрамыслінскі, Кавалёўскі, Крынкаўскі, Лёзненскі, Стасеўскі, Яськаўшчынскі.

Паўн. ч. раёна ў межах Віцебскага ўзвышша, паўд. — у межах Лучоскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. Амаль 80% тэрыторыі вышэй за 180 м, найвыш. пункт 296 м (Гаршэва гара). Карысныя выкапні: пясок, пясчана-жвіровая сумесь, жвір, гліна, даламіт, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 613 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найбольшыя рэкі: Лучоса (у верхнім цячэнні Вярхіта) з прытокамі Чарніца (з Мошнай) і Сухадроўка Азёры: Зелянское, Шэлахава, Буёўскае, Сітнянскае, Міхалінава і інш. На р. Чарніца Дабрамысленскае вадасх. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (48%), дзярнова-падзолісты забалочаныя (39,4%) і інш. Пад лесам 26% тэрыторыі, найб. масівы на Пд, пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорна- і шэраальховыя. Балоты займаюць 3,6 тыс. га (2,6%), найб. балота Карпілаўскі Мох. Рэсп. ландшафтны заказнік Бабінавіцкі, мясцовыя: біял. Адаменскі Гай, Бор, Дабрамыслінскі; гідралагічныя Радзіма Гушчына, Сцяпанаўскі Барок.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 62,8 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 5 саўгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, раслінаводства. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, зернебабовыя, лён, бульбу, рапс, буракі і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), харч. (кансервавыя, малочныя, мясныя і хлебныя прадукты) і першаснай апрацоўкі лёну. Працуе доследна-прамысловае прадпрыемства «Завольша» па перапрацоўцы другасных нафтапрадуктаў (в. Завольша), Лёзненскае буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства водагаспадарчых і меліярацыйных сістэм і ГЭС (в. Дабрамыслі). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Віцебск—Смаленск і аўтадарогі Рыга—Арол і Санкт-Пецярбург—Адэса. У раёне 10 сярэдніх, 4 базавыя, 13 пач. школ, дапаможная школа-інтэрнат, вячэрняя і спарт. школы, 27 дашкольных устаноў, 25 дамоў культуры і клубаў, 31 б-ка. 4 бальніцы, 3 паліклінікі, 16 фельч.-ак. пунктаў. У в. Бабінавічы стараж. цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Бабінавіцкая кераміка). Выдаецца газ. «Сцяг перамогі».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),

нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн. чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.

У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.

Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУ бел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс. чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс. чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзнаправасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв. т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦК КП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац. лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л.лат. школы (24 у 1930/31 навуч. г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч. г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел. АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял. Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».

Літ.:

Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.

І.В.Карашчанка.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)