ПАЎПРАСТО́РА,

сукупнасць пунктаў прасторы, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенай плоскасці. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць Ax + By + Cz + D > 0 (ці Ax + By + Cz + D < 0), дзе A, B, C і D — пастаянныя, адначасова не роўныя нулю. Калі сама плоскасць (мяжа П.), якая задаецца ўраўненнем Ax + By + Cz + D = 0, належыць да П., то П. лічыцца замкнутай.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛА-АЗІЯ́ЦКАЕ МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

агульная назва марскіх басейнаў, якія ляжаць паміж Азіяй і Аўстраліяй у зах. частцы Ціхага ак. Агульная пл. каля 8 млн. км². Найбольшыя моры: Паўднёва-Кітайскае мора, Яванскае мора, Сулавесі, Сулу, Малукскае мора, Банда, Флорэс і інш. Буйныя парты: Гуанчжоу, Чжаньцзян, Гаасюн (Кітай), Сянган (Сянган), Маніла (Філіпіны), Самарында, Банджармасін, Семаранг, Сурабая, Танджунгпрыёк (Інданезія), Сінгапур (Сінгапур), Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам).

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ, кут,

фігура ў прасторы, утвораная дзвюма паўплоскасцямі, якія выходзяць з адной прамой, а таксама частка прасторы, абмежаваная гэтымі паўплоскасцямі. Паўплоскасці наз. гранямі Д.в., агульная прамая — рабром. Д.в. вымяраецца лінейным вуглом, г.зн. вуглом α, паміж двума перпендыкулярамі да рабра, што выходзяць з аднаго пункта і ляжаць у розных гранях, ці, інакш, вуглом, утвораным перасячэннем Д.в. плоскасцю, перпендыкулярнай да рабра.

Двухгранны вугал.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЯ ТЭАРЭ́МА,

адна з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі, паводле якой ва ўсякім шасцівугольніку, які ўпісаны ў канічнае сячэнне (эліпс, гіпербалу, парабалу), пункты перасячэння 3 пар процілеглых старон (ці іх прадаўжэнняў) ляжаць на адной прамой, якая наз. прамой Паскаля. Сфармулявана Б.Паскалем (1639) і разам з Брыяншона тэарэмай устанаўлівае важныя праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.

Да арт. Паскаля тэарэма: A1A2...A6 — зоркападобны шасцівугольнік, упісаны ў эліпс; PP′ — прамая Паскаля.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАСФЕ́РА (ад грэч. pedon глеба + сфера),

1) зона ўзаемнага пранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы і біясферы. Фарміруецца і залежыць ад стану асяроддзя гэтых састаўляючых геасферы, таму аказваецца найб. уразлівай пры парушэнні любой з іх.

2) Частка біясферы — глеба і слаі, што ляжаць пад ёй (падглеба з карой выветрывання) — як асяроддзе пражывання жывых арганізмаў (педабіёнтаў); слой Зямлі, у якім адбываюцца глебаўтваральныя працэсы.

3) Глебавае покрыва Зямлі.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬС НЕРВО́ВЫ,

хваля ўзбуджэння, якая распаўсюджваецца па нервовым валакне. У аснове І.н. ляжаць электрахім. рэакцыі. Узнікае пры раздражненні рэцэптараў, нерв. валакна ці цела нерв. клеткі (нейрона).

Забяспечвае перадачу інфармацыі ад перыферычных чуллівых нерв. канчаткаў да нерв. цэнтраў унутры ц. н. с. і ад яе да выканаўчых органаў — шкілетнай мускулатуры, гладкіх мышцаў унутр. органаў, сасудаў, залоз знешняй і ўнутр. сакрэцыі. Распаўсюджваецца са скорасцю ад 0,5 да 120 м/сек. Галоўнае праяўленне І.н. патэнцыял дзеяння.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРАІ́ЗМ,

рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі да н.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДУЛЯРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Nidulariales),

парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. 3 роды, 85 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаны гняздоўка запоўненая (Nidularia farcta), кілішак гнаявы (Cyathus stercoreus), кілішак Ола (C. olla), кілішак паласаты (C. striatus), кубачак гладкі (Crucibulum laeve). Трапляюцца на гнілой драўніне, ламаччы ў лясах і садах.

Пладовыя целы кубка-, лейка- або гнёздападобныя, знаходзяцца спачатку ў плевачнай абалонцы. Мякаць у выглядзе асобных цельцаў, якія ляжаць свабодна ў слізі ці прымацаваныя да абалонкі. Споры эліпса- або шарападобныя.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІСТАХРО́НА (ад грэч. brachistos самы кароткі + chronos час),

крывая самага хуткага спуску. Напр., калі пункты A і B ляжаць не на адной вертыкалі ў полі сілы цяжару, то шарык пры руху ўздоўж брахістахроны за самы кароткі час прыйдзе з пункта A у пункт B. Калі няма сіл супраціўлення, брахістахрона — цыклоіда з гарыз. асновай і пунктам звароту, які супадае з пунктам A. Рашэнне задачы аб брахістахроне (І.​Бернулі, 1696) — зыходны пункт для развіцця варыяцыйнага злічэння.

Да арт. Брахістахрона.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕНЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. conventio пагадненне, дагавор),

кірунак у філас. тлумачэнні навукі, паводле якога ў аснове матэм. і прыродазнаўча-навук. тэорый ляжаць адвольныя пагадненні (умоўнасці. вызначэнні, канвенцыі паміж вучонымі). Іх выбар рэгулюецца меркаваннямі зручнасці, мэтазгоднасці, «прынцыпам эканоміі мыслення» і інш. Заснавальнік К. — Ж.А.Пуанкарэ. У 1930-я г. з развіццём матэм. логікі прынцыпы К. асабліва выразныя ў ранніх творах Р.​Карнапа ( Аўстрыя) і К.​Айдукевіча (Польшча). У чыстым выглядзе К. не існуе; асобныя яго элементы характэрны для неапазітывізму, прагматызму. аперацыяналізму.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)