КЕ́МПІНГ (англ. camping),

летні лагер для аўтатурыстаў з палаткамі або домікамі лёгкага тыпу і месцамі для стаянкі аўтамабіляў. Функцыянаванне К. заснавана на самаабслугоўванні турыстаў. Пастаяннымі збудаваннямі звычайна з’яўляюцца адм. блок з пунктам пракату быт. прадметаў, спальныя павільёны з пакоямі на 2—4 чал., кухня, душавыя, эстакады для агляду і мойкі аўтамабіляў. К. часам уключаюць сталовую, пральню, спарт. і танц. пляцоўкі, кіназал, аддз. сувязі, крамы і інш.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТУ́З,

мужчынскі летні галаўны ўбор з казырком. Шылі найчасцей з чорнага сукна. На Беларусі пашыраны з сярэдзіны 19 ст. У канцы 19 — пач. 20 ст. пераважалі К. накшталт вайсковых шапак з шырокім каляровым аколышкам і цвёрдым, часам лакіраваным казырком. На Панямонні і ў Цэнтр. Беларусі традыц. К. рабілі з саломы з палатнянай падшэўкай, аздобленыя 2 разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі.

Саламяны картуз. Гродзеншчына. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫДЫЁЗ,

адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я ПЯСКІ́, Златні-Пясцы,

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. На беразе Чорнага м., за 17 км на ПнУ ад г. Варна. Спрыяльныя прыродныя ўмовы (марскі клімат, мяккая зіма, гарачае сонечнае лета з марскімі брызамі, пляжы з дробным залаціста-жоўтым пяском) забяспечваюць эфектыўную клімата- і таласатэрапію неспецыфічных хвароб органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай, апорна-рухальнай і нерв. сістэм, нырак, абмену рэчываў. Вял. прыродны парк, летні т-р, непадалёку стараж. манастыр Аладжа (засн. ў 3 ст.).

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛБА,

летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.

Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.

З.​А.​Казлоўская.

Мелба.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРУ́НВАЛЬД»,

летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-ва бел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.

А.​Ю.​Лозка.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКАЎСКІ,

летні сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Атрыманы з сеянцаў сорту Лаўфам свабодным апыленнем. На Беларусі перспектыўны для вырошчвання ў прамысл. і прысядзібных садах.

Дрэва сярэднярослае, з кронай сярэдняй гушчыні, круглаватай формы, расце хутка. Сорт высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы. Пладаносіць на клонавых прышчэпах на З-і год пасля пасадкі, на насенных — на 5-ы год. Плады буйныя (сярэдняя маса 160 г), правільнай круглавата-канічнай формы. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая цёмна-чырвоная. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці, сакаўная, салодкая, са слабым пахам. Збор пладоў у жн.; захоўваюцца месяц.

З.​А.​Казлоўская.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСІВА́Ж (ад франц. lessivage вышчалочванне, вымыванне),

перамяшчэнне ілістых (тонкадысперсных) часцінак глебы ў форме водных суспензій (без іх хім. пераўтварэння) з верхніх гарызонтаў у ніжнія. Характэрны для кантынентальнага і ўмеранага клімату з вял. колькасцю ападкаў у летні перыяд, са слабымі сезоннымі кантрастамі (атл., міжземнаморскі) на розных паводле генезісу глебаўтваральных пародах. Адбываецца ў шэрых, лясных, падзолістых і інш. глебах, з разнастайнай расліннасцю (лістападныя і шыракалістыя лясы цёплага пояса, мяшаныя і лісцевыя лясы больш халоднага клімату). У рознай ступені інтэнсіўнасці праяўляецца ва ўсіх глебава-кліматычных зонах Беларусі.

Л.​В.​Кругяоў.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬЦЮКО́ВА (Ангеліна Пятроўна) (н. 10.12.1924, г. Кіраў, Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1949). Выкладала ў Львоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, у 1964—79 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне маст. афармлення тканін, распрацоўвае эскізы дэкар. і манум. габеленаў. Сярод работ: ворсавы дыван «Скалярыі» (1967), габелены «Спадчына» (1979) і «Айчына», габелен-заслона для тэатра муз. камедыі Беларусі (абодва 1980, усе з А.​М.​Кішчанкам); «Ружы» (1987), «Світанне» (1988), «Летні дзень» (1989), трыптых «Абпаленая Белая Русь» (1993) і інш.

А.Бельцюкова. Габелен «Світанне». 1988.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКВЕ́ТНІК (Leucojum),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн. Афрыцы.

Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.

Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).

Белакветнік веснавы.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)