РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),
форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж.ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.
У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.
Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.
Літ.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл.Т-ва перасоўных выставак (гл.Перасоўнікі). З 1897 чл.маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.
Літ.:
И.И.Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;
Федоров-Давыдов А.А. И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКО́ (Іван Якімавіч) (н. 22.2.1932, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Гал. месца ў творчасці займаюць тэмы Вял.Айч. вайны, мірнай працы, касманаўтыкі, спорту, навукі і культуры. Творы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, лаканізмам і строгасцю пластычнай мовы, прыўзнята-рамантычным ладам. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.Кулеша (1960), Героя Сав. Саюза Г.М.Халасцякова (1979), дзярж. дзеячаў С.В.Прытыцкага (1982), П.К.Панамарэнкі (1983), дзеячаў бел. культуры Ф.Мадорава (1967), Р.Шырмы (1968, 1984), Я.Цікоцкага (1970), Я.Маўра (1972), В.Таўлая (1978), С.Станюты (1982), Ф.Скарыны (1992), Н.Лежэ (1993), В.Роўды (1997), М.Аўрамчыка, Ю.Іванова, А.Лойкі (усе 1999), касманаўтаў Ю.Гагарына (1968), П.Клімука (1978), У.Кавалёнка (1980), бел. алімпійскіх чэмпіёнаў А.Бяловай (1983), А.Мядзведзя (1984), студэнткі (1990) і інш., кампазіцый «2001 год» (1978—94), «Да зорак», «У будучыню» (абедзве 1994), «Космас», «Рэпартаж з космасу» (абедзве 1999). Сярод манум. твораў: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975, з А.Заспіцкім і М.Рыжанковым), помнікі Герою Сав. Саюза І.Кабушкіну ў Баранавічах (1973), І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1976), М.Горкаму ў Мінску (1981), І.Рэпіну ў Здраўневе каля в. Койтава Віцебскага р-на (1990). Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́РА-МІНО́Р, мажора-мінорная сістэма,
аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III і VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.
Літ.:
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;
Григорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;
Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць) у музыцы, суадносіны двух гукаў музычных па вышыні. Ступеневая (колькасная) велічыня І. вымяраецца колькасцю ступеней 7-ступеннага гукарада паміж ніжнім і верхнім гукамі. У абазначэннях І. ўказваецца колькасная велічыня (лац. парадкавыя лічэбнікі або лічбы) і якасная (вызначэнні: чысты, малы, вялікі, паменшаны, павялічаны, двойчы паменшаны, двойчы павялічаны). І. ў межах актавыназ. простымі, шырэйшыя за актаву — састаўнымі.
Простыя І.: чыстая прыма (ч. 1) — 0 тонаў; малая секунда (м. 2) — 1/2 тону; вялікая секунда (в. 2) — 1 тон; малая тэрцыя (м. 3) — 1 1/2 тону; вялікая тэрцыя (в. 3) — 2 тоны; чыстая кварта (ч. 4) — 2 1/2 тону; павялічаная кварта (пав. 4) — 3 тоны; паменшаная квінта (пам. 5) — 3 тоны; чыстая квінта (ч. 5) — 3 1/2 тону; малая секста (м. 6) — 4 тоны; вялікая секста (в. 6) — 4 1/2 тону; малая септыма (м. 7) — 5 тонаў; вялікая септыма (в. 7) — 5 1/2 тону; чыстая актава (ч. 8) — 6 тонаў.
Састаўныя І.: нона (м. і в.), дэцыма (м. і в.), ундэцыма (ч. і пав.), дуадэцыма (пам. і ч.), тэрцдэцыма (м. і в.), квартдэцыма (м. і в.), квінтдэцыма (ч.).
Велічыня тонаў і паўтонаў вызначаецца муз.строем. Паслядоўна ўзятыя гукі ўтвараюць меладычныя І. (узыходныя ці зыходныя), адначасова ўзятыя — гарманічныя, якія ўваходзяць у склад акордаў, і падзяляюцца па якасці гучання на кансанансы і дысанансы. Ніжні гук наз. асновай І., верхні — вяршыняй. Перастаноўка гукаў І. на актаву, калі аснова становіцца вяршыняй і наадварот, наз. абарачэннем І., у выніку ўзнікае новы І. У сувязі з ладам І. падзяляюцца на дыятанічныя (гл.Дыятоніка) і храматычныя (гл.Храматызм). І., меншыя за паўтон, былі пашыраны ў стараж.-грэч. музыцы, вядомы ў многіх нееўрап. традыц.муз. культурах, а таксама ў некат. муз. кірунках 20 ст. (гл.Санорыка, Чвэрцьтонавая сістэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,
прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт.ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1954—59.
1) Нарада 26.4—21.7.1954 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, КНР, СССР і Францыі. Разглядала пытанні мірнага ўрэгулявання ў Карэі і Індакітаі. План аднаўлення адзінства Карэі прадугледжваў правядзенне свабодных агульнакар. выбараў у Нац. сход, вывад з краіны замежных войск. ЗША і іх саюзнікі адмовіліся прыняць план, і пытанне аб Карэі не было ўрэгулявана. 20 ліп. падпісана пагадненне пра спыненне ваен. дзеянняў у В’етнаме, устанаўленне часовай дэмаркацыйнай лініі па 17-й паралелі і тэрмінах адводу ад яе войск краін, якія ваявалі, аб вывадзе з тэр. Лаоса і Камбоджы франц. войск. На тэр. В’етнама, Лаоса, Камбоджы забаранялася ствараць ваен. базы, а дзяржавам уваходзіць у ваен. саюзы. У 1955 адбыліся выбары ў Камбоджы, у 1958 — у Лаосе, выбары ў В’етнаме ў 1956 сарвалі ЗША, якія ў 1961 пачалі вайну супраць народаў Індакітая.
2) Нарада 18—23.7.1955 кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, пытанне аб еўрап. бяспецы, аб развіцці кантактаў паміж Усходам і Захадам. Зах. дзяржавы выступілі за аб’яднанне Германіі шляхам ліквідацыі ГДР і ўключэння аб’яднанай краіны ў ваен.-паліт. групоўку зах. дзяржаў. СССР выступіў супраць, падкрэсліўшы, што на тэр. Германіі існуюць 2 самаст. дзяржавы з розным грамадскім і дзярж.ладам. Сав. прапанова аб узяцці СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй на сябе абавязку не ўжываць першымі ядз. зброю была адхілена.
3) Нарада 27.10—16.11.1955 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Сав. дэлегацыя адхіліла план зах. дзяржаў аб аб’яднанні Германіі і скасаванні ГДР, унесла прапановы па еўрап. бяспецы і раззбраенні (паступовае скарачэнне ўзбр. сіл да ўзгодненых узроўняў, забарона выкарыстання ядз. зброі і інш.). Рашэнні па пытаннях раззбраення і кантактах паміж Усходам і Захадам прыняты не былі.
4) Нарада 11.5—20.6.1959 і 13.7—5.8.1959 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі і кантролю над раззбраеннем, развіццё кантактаў паміж Усходам і Захадам. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя адмовіліся прыняць сав. прапанову аб стварэнні дэмілітарызаванага вольнага горада — Зах. Берлін, але дасягнута дамоўленасць аб часовым статусе Зах. Берліна (агаворвалася колькасць узбр. сіл 3 дзяржаў, неразмяшчэнне на яго тэр. атамнай і ракетнай зброі, парадак доступу ў Зах. Берлін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУЦЫЯ́НСТВА,
маральна-паліт., рэліг.-філас. і светапогляднае вучэнне, якое сфарміравалася ў Стараж. Кітаі і на працягу больш як 2 тыс. гадоў было яго афіц. ідэалогіяй і дзярж. рэлігіяй. Асновы К. закладзены ў 6 ст. да н. э. Канфуцыем і развіты яго вучнямі і паслядоўнікамі Мэн-цзы, Сюнь-цзы і інш. Узнікла ў перыяд распаду Кітая на шматлікія дзяржавы, разрыву раннефеад. і патрыярхальных грамадскіх сувязей, заняпаду традыц.рэліг. вераванняў. Напачатку было спробай выпрацаваць этычныя, грамадскія і паліт. нормы, а таксама спосабы кіравання, якія павінны забяспечыць аднаўленне стабільнага грамадскага ладу і царскай улады ва ўсім Кітаі. Канфуцый прапанаваў праграму вяртання 5 класічных «грамадскіх залежнасцей»: сына ад бацькі, жонкі ад мужа, малодшага брата ад старэйшага, падуладнага ад пануючага, сябра ад сябра і стварэння на аснове прынцыпаў жэнь («гуманнасць, справядлівасць») і лі («рытуал, этыкет») дакладна акрэсленай патрыярхальна-феад. грамадскай іерархіі, дзе кожны чалавек займаў бы прадвызначанае яму месца і выконваў бы адпаведныя абавязкі. Гэта праграма, на думку Канфуцыя, павінна была прывесці да стварэння «грамадства супрацоўніцтва» (узор і яго асн. ячэйка — сям’я) і выхавання «высакародных людзей» (цзюнь-цзы) — інтэлектуалаў, якія павінны дапамагаць уладарам кіраваць «простым людам». Філас. асновай К. з’яўляецца палажэнне аб тым, што ўсё, што адбываецца, павінна быць згодна з «ладам неба» (дао); веданне гэтага «ладу» і заснаваных на ім правіл паводзін у міжчалавечых адносінах — цэнтральны пункт у К. Пасля смерці Канфуцыя яго вучэнне развівалі і дапаўнялі шматлікія школы яго паслядоўнікаў. Пасля няўдалага перыяду праследаванняў пры імператару Цынь Шыхуандзі, які ў 211 да н. э. загадаў спаліць усе канфуцыянскія кнігі, у часы дынастыі Хань адбылося адраджэнне К. Адным з гал. інтэрпрэтатараў і рэфарматараў К. быў Дун Чжуншу (2 ст. да н. э.), які распрацаваў метафізічныя асновы К. і аб’яднаў яго з тэістычнай тэлеалогіяй. Новы этап развіцця К. звязаны з імем Чжу Сі (1130—1200), стваральніка неаканфуцыянства, якое дамінавала ў кіт.філас. думцы і культуры да 20 ст., выконвала інтэграцыйныя функцыі і аказвала вялізны ўплыў на ўсе галіны грамадскага жыцця Кітая, асабліва на сістэмы кіравання, выхавання і культуры.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Проблемы идеологии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,
няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.
Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).
У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́ВІЧ (Пётра) (Пётр Аляксандравіч; 10.7.1900, в. Стаўрова Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1.11.1984),
бел. жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Вучыўся на маст. ф-це Віленскага ун-та (1919—22, 1925—27), у Кракаўскай АМ (1924—25). Творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіц. вырашэння, эмац. ладам, цікаўнасцю да самабытнасці бел.нар. культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Маст. завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філас. гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), С.Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—40-я г.), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Ф.Багушэвіча, М.Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), М.Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш.Гіст. мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць тэматычныя карціны «Усяслаў Полацкі» (1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955), «Скарына ў друкарні» (1957), «К.Каліноўскі і В.Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959), «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960), «Арышт П.Багрыма» (1970) і інш. Значнае месца ў творчасці С. займала купалаўская тэма: «А хто там ідзе?», «Званар» (2 варыянты), «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947), «Гусляр», эцюды на тэмы паэмы Я.Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959), «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971), трыпціх на тэмы верша Я.Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я г.) і інш. Жыццю сялян Зах. Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэв. падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэв. пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Вял.Айч. вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш. Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я г.) і кніжнай (афармляў час. «Нёман», 1931—32; кнігі М.Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы. Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я г.). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Тв.:
Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. №1.
Літ.:
Ліс. А. Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. №1;
Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Там жа. 2001. №1.