МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),

раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.

Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыі навук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл. Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.

Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл. Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл. Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл. Семантыка лагічная).

Літ.:

Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ. М., 1957;

Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ. М., 1972;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТО́НІКА (ад грэч. architektonikē будаўнічае мастацтва),

мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, круглай скульптуры, аб’ёмным творам дэкар. мастацтва; у шырокім сэнсе — будова маст. твора (карціны, сімфоніі, кінафільма, рамана і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны яго гал. і другарадных элементаў.

У архітэктуры выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці, рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Садзейнічае цэласнаму эстэт. ўспрыманню арх. твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыян.-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і інш. Кожны арх. стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі. У ант. архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма найб. дасканалая і гарманічная была архітэктоніка класічнага арх. ордэра, заснаванага на маст. перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння маст. выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка найчасцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні з дапамогай ордэрных элементаў дэкору дынамікі канструкцый. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў, выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый. Дасканаласць архітэктонікі нар. драўлянага дойлідства ў непарушным адзінстве шматвяковага развіцця яе арх. формы і функцыян.-канструкцыйнага зместу.

У літаратуры — агульная будова літ. твора, якая выяўляецца ў спалучэнні яго частак і элементаў, у сродках гарманічнага афармлення і структурнай арганізацыі твора як адзінага маст. цэлага. Своеасаблівасць архітэктонікі залежыць ад ідэйнай задумы твора, жанравых законаў, індывід. аўтарскага стылю. Падзел твора на часткі і раздзелы мае творчы, змястоўны характар, а паслядоўнасць іх чаргавання, узаемасувязі вызначаюцца яго ўнутр. будовай — кампазіцыяй. Некаторыя вял. эпічныя творы складаюцца з «кніг» («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака — з 2, «Мінскі напрамак» І.​Мележа — з 3). Твор з некалькіх самастойных кніг, аб’яднаных сюжэтнай пераемнасцю, набывае форму дылогіі, трылогіі і г.д. У паэзіі архітэктоніка выяўляецца ў сістэме строф, якія ў буйным творы злучаюцца ў раздзелы ці часткі. Цвёрдая страфа (санет, трыялет, рандо і інш.) складае закончаны твор. У драматургіі змест падзяляецца на дзеі (акты), апошнія — на карціны (з’явы).

А.​М.​Кулагін, А.​М.​Пяткевіч.

Да арт. Архітэктоніка. Нервюрнае скляпенне інтэр’ера сабора ў г. Эксетэр (Вялікабрытанія). 1300−99.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НТЭ Аліг’еры

(Dante Alighieri; 15.5 ці 15.6.1265, г. Фларэнцыя, Італія — 13 ці 14.9.1321),

італьянскі паэт. Па некат. звестках, вучыўся ў Балонскім ун-це. У 1300 адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 амбасадар горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гар. улад і прыгавораны да спалення на кастры; усё астатняе жыццё правёў у выгнанні. У ранніх вершах апяваў Беатрычэ Партынары, каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьян. мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291—93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага салодкага стылю» (ускладненыя маральна-філас. ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць маст. формы). Пазней яго творчасць развівалася ў 2 кірунках: на лац. мове ствараў трактаты па пытаннях італьян. мовы («Пра народнае красамоўства», 1303—04), аб дзярж. уладзе («Пра манархію», 1312—13), на італьян. мове — трактат, прысвечаны філас., маральным і літ. пытанням («Баль», 1304—07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311—13 напісаў 13 «Пасланняў» на лац. мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320). Вяршыня творчасці Д. — «Боская камедыя» [1306—1318(?)—21]. Гэты манум. твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, паліт. поглядаў еўрап. чалавека напярэдадні Адраджэння. Твор падзелены на 3 часткі (кантыкі): «Пекла», «Чысцец» і «Рай». У алегарычнай форме Д. гаворыць аб сучаснасці, яскрава звязваючы яе з Антычнасцю. Стройная лагічная схема твора базіруецца на сімволіцы лічбаў (пачынаючы ад лічбы 3 — сімвала Тройцы: 3 кантыкі, тэрцына — асн. вершаваны памер, кожная кантыка складаецца з 33 песняў і г.д.). Творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на развіццё л-ры. Яго творы перакладзены амаль на ўсе мовы свету. На бел. мову «Боскую камедыю» пераклалі Я.​Семяжон, А.​Мінкін, У.​Скарынкін.

Тв.:

Le opere di Dante. Firenze, 1965;

Рус. пер. — Новая жизнь;

Божественная комедия. М., 1967;

Малые произведения. М., 1968.

Літ.:

Enciclopedia Dantesca. Roma, 1970—85;

Голенищев-Кутузов И.Н. Данте. М., 1967.

С.​В.​Логіш.

Дантэ.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛІЧЭ́ННЕ,

сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл. Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл. Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.

У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл. Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл. Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл. Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.​Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц. сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл. Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.

Літ.:

Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;

Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД у музыцы,

абстрактна-лагічная сістэма, якая арганізуе гукавышынны бок музыкі на аснове колькасных (гукарадных) і якасных (функцыянальных) паказчыкаў і рэалізуе сябе ў працэсе інтанавання. Гукарад Л. — мелодыкаінтэрвальная схема, што прадстаўляе яго гукі ў паступенным парадку; функцыянальнасць заключаецца ў падзеле элементаў Л. на ўстойлівыя (цэнтр сістэмы) і няўстойлівыя (падпарадкаваныя ім). На падставе гэтых гал. характарыстык вылучаюць канкрэтныя віды Л. — т. зв. лады. Вызначальнымі з’яўляюцца тып гукарада (ангемітоніка, дыятоніка, храматыка, прамежкавыя формы), будова ўстойлівага (танічнага) цэнтра (меладычны тон, кансананс-трохгучча, сугучча-дысананс) і размяшчэнне гэтага цэнтра на пэўнай ступені гукарада (на аснове аднаго гукарада магчымы розныя лады). Ступень абагульнення рэальнага працэсу інтанавання неаднолькавая на розных узроўнях праяўлення Л. Ладаінтанацыйны ўзровень, што ўпарадкоўвае вышынныя суадносіны ў непасрэдным разгортванні музыкі ў рамках дробных пабудоў (папевак, асобных меладычных зваротаў), найб. блізкі да пачуццёвай канкрэтнасці інтанацыі. На ладафункцыянальным узроўні ладавая інтанацыйнасць рэтраспектыўна абагульняецца, гукарадны ж узровень найб. абстрактны. Эвалюцыя Л. адлюстроўвае развіццё муз. мыслення і звязана з колькасным павелічэннем аб’ёму і гукавога матэрыялу і якасным ускладненнем прынцыпаў яго арганізацыі. Пачатковыя этапы эвалюцыі прасочваюцца ў муз. фальклоры многіх народаў: вылучэнне апорных тонаў у першабытным экмелічным (без замацаванай вышыні гукаў) глісандаванні; манадыйны Л. у межах вузкааб’ёмных гукарадоў (алігатонікі); манадыйны Л. на аснове развітой гукараднай сістэмы ангемітонікі і дыятонікі. Гіст. формы Л.: апяванне цэнтр. тона (устою) блізкімі па вышыні гукамі, мадальныя (манадыйныя) Л., звязаныя з прынцыпамі мелодыі-мадэлі (модуса, папеўкі). Прафес. еўрап. музыка напачатку апіралася на традыцыі фалькл. ладаўтварэння (з характэрнай для яго ладавай пераменнасцю), аднак у сувязі з ускладненнем характару шматгалосся актыўна развіваюцца і новыя прынцыпы Л Шматгалосае раскрыццё меладычных (манадыйных) Л. змяняецца танальна-гарманічнай сістэмай (гл. Мажора-мінорная сістэма, Танальнасць) — асновай еўрап. музыкі новага часу, што апіраецца на 2 Л. — мажор і мінор. Прафес. муз. мастацтва 20 ст. вызначаецца разнастайнасцю канкрэтных форм і прынцыпаў Л., спалучэннем вядомых раней і істотна новых з’яў, у т. л. і тых (у серыйнай тэхніцы, канкрэтнай музыцы, электроннай музыцы, санорыцы), якія цяжка ці немагчыма аднесці да сферы Л.

Першае навук. абгрунтаванне Л. ў еўрап. музыцы далі прадстаўнікі піфагарэйскай школы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Сваю тэорыю Л. вылучыла еўрап. сярэдневякоўе. Ладавыя заканамернасці танальна-гарманічнай сістэмы ўпершыню асэнсаваў і вытлумачыў Ж.Ф.Рамо, у рамках сістэмы якога паняцце «Л.» цесна сутыкаецца з паняццямі «гармонія» і «танальнасць». Пытанні Л. ў практыцы ўсх.-слав. партэсных спеваў абагульнены ў працах І.​Шайдуры (1-я пал. 17 ст.) і М.Дулецкага («Граматыка мусікійская»). У 19—20 ст. вял. ўвагу ладаваму боку музыкі аддавалі рус. тэарэтыкі У.​Адоеўскі, А.​Сяроў, П.​Сакальскі, Дз.​Разумоўскі, А.​Кастальскі, Б.​Яворскі, Б.​Асаф’еў, В.​Бяляеў, К.​Квітка, Ю.​Цюлін, Х.​Кушнароў, М.​Бражнікаў, М.​Успенскі, А.​Далжанскі, Л.​Мазель, Ю.​Кон, Ю.​Халопаў. На Беларусі да праблем Л. звярталіся музыказнаўцы А.​Друкт, Б.​Златавярхоўнікаў, Т.​Мдывані, Р.​Сергіенка, Н.​Юдзеніч, В.​Ялатаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Бершадская Т. Принципы ладовой классификации // Сов. музыка. 1971. № 8;

Яе ж. Лекции по гармонии. Л., 1978;

Кон Ю.Г. Вопросы анализа современной музыки. Л., 1982.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)