архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр. Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс.км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля 1/2пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.А.Ушакова і М.М.Урванцава ў 1930—32.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛАВА,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЗАВЕ́Ц,
вёска ў Беларусі, у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдЗ ад г.п. Дзятлава, 172 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня, на шашы Слонім—Ліда. 588 ж., 215 двароў (1995).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 16—17 ст. маёнтак Вензавец належаў кн. Ф.І.Заслаўскаму, Г.Сіняўскаму, Сапегам, Палубенскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 18 ст. ў Слонімскім пав. Наваградскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, у Дзятлаўскай вол. Слонімскага пав. У 1885 у Вензаўцы 718 ж., царква, школа, праводзіліся кірмашы. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзятлаўскай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у Юравіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Баранавіцкай вобл. У 1962—65 у Слонімскім р-не. З 1973 цэнтр сельсавета. У 1970 — 485 жыхароў.
Вензавецкае лясніцтва, лесацэх Дзятлаўскага лясніцтва, сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Белхольц». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАВА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. — Бачэйкаўскі парк.
Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙШЫ́Н, Гейшын,
вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял.Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял.кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗО́ВІЦА,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на аўтадарозе Клімавічы—Касцюковічы. Цэнтр сельсавета. За 6 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 130 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 141 ж., 61 двор (1998).
Вядома з 18 ст. У 1752 заснавана Лазовіцкая езуіцкая рэзідэнцыя. У 1780 у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ.; 115 ж., 23 двары. З 1784 мястэчка, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1861—236 ж., 32 двары, вадзяны млын, сукнавальня, царква, касцёл, малітоўны дом. У 1909 у мястэчку 202 ж., 24 двары, у аднайм. сяле 269 ж., 42 двары, царква, царк.-прыходская школа, вінная крама. З 1924 цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай акругі. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі Л., пасля вайны адноўлена. У 1972—247 ж., 67 двароў.
Клуб, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (Марыяна Генадзеўна) (н. 23.4.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Скончыла Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1985 выкладае ў Мінскім пед. ун-це (з 1993 дацэнт). Працуе пераважна ў галіне вак. лірыкі. У творчасці апіраецца на традыцыі бел. і рус.муз.-паэт. фальклору. Некат. творы напісаны пад уплывам жывапісу і л-ры. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «Муха-цакатуха» на словы К.Чукоўскага (1982); 3 сімфоніі, у т. л. «Чорная быль» (1988); «На кірмашы» для нар.арк. (1989); 2 сюіты з балета «Стойкі алавяны салдацік» і «Adagio» для камернага арк. (усе 1990); камерна-інстр., у т. л.стр. квартэт «Лічбы на сэрцы» па матывах аднайм. цыкла карцін М.Савіцкага (1985); п’есы для фп. з інструментамі сола (1981—99); вак. цыклы і рамансы на вершы Н.Гілевіча, А.Кальцова, С.Капуцікян, Н.Мацяш, А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Я.Янішчыц, Т.Мушынскай, на нар. тэксты; песні, хары, музыка да тэлеспектакляў.
Літ.:
В’югінава І. Жывапіс у гуках // Мастацтва. 1998. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІНА (Надзея Сяргееўна) (3.6.1908, Вільня — 11.10.1979),
расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар.арт. Расіі (1959). Нар.арт.СССР (1966). Герой Сац. Працы (1978). Скончыла Дзярж. балетную школу ў Петраградзе (1924, педагогі М.Легат, А.Ваганава). У 1925—34 артыстка Вял.т-ра ў Маскве. З 1943 балетмайстар, у 1946—48 маст. кіраўнік балетнага аддзялення Масэстрады і адначасова (з 1945) Рус.нар. хору Калінінскай філармоніі. Выконвала сольныя партыі і характарныя танцы ў балетах «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Чырвоны мак» Р.Гліэра, «Раймонда» А.Глазунова і інш. Арганізатар (1948), маст. кіраўнік і пастаноўшчык праграм акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка». Стварыла новы стыль у харэаграфіі, заснаваны на сінтэзе танц. фальклору і школы класічнага танца. Сярод пастановак, прасякнутых рамант. паэтычнасцю і высакароднасцю — «Лябёдачка», «Бярозка», «Карусель», «Пралля», «На восеньскім кірмашы», «Паўночнае ззянне», «Сібірская сюіта» і інш. Аўтар кн. «Рускія танцы» (1951), артыкулаў па праблемах танц. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль Міру імя Жаліо Кюры 1959.