КАТО́Н (Cato),

адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:

Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым. літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.

Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час. грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,

апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.​Кмітам і канюшым трокскім М.​Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.​Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.​І.​Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.

Літ.:

Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;

Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.​А.​Заяц.

Да арт. Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:

Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.​Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.​Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.​Ю.​Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,

ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст.ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.

Літ.:

Печников Б.А. «Рыцари церкви»: Кто они? М., 1991.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЫ,

княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. ў Мінску. Вядомы 2 тыпы М.к.: гаршковая 15—16 ст. і каробчатая 1-й пал. 16 — пач. 20 ст. Раннія віды гаршковай М.к. маюць прамавугольнае ці круглае вусце; больш познія, т.зв. міскавыя, — ніжэйшыя, з шырэйшым вусцем. Каробчатая кафля 1-й пал. 16 ст. тэракотавая, з квадратнай вонкавай пласцінай памерам 14 × 14 см, аздоблена геам. арнаментам у выглядзе пукатай або глыбокай контррэльефнай разеткі. З 2-й пал. 16 ст. пашырана масавая вытв-сць каробчатай кафлі (зберагаліся фрагменты гліняных штампаў-форм для выціскання ўзору). У 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі сценную, паясную, карнізную кафлю, каронкі, балясіны (тры апошнія тыпы мелі складанапрафіляваную вонкавую пласціну, што рабіла паверхню печаў рэльефнай). Вырабы пакрывалі палівай, найчасцей зялёнай. Выраблялі таксама паліхромную кафлю. У аздабленні М.к. выкарыстоўвалі геам. і расл. арнаменты, партрэтныя, геральдычныя, зааморфныя адлюстраванні, выявы міфалагічных істот, коннікаў, надпісы і інш. М.к. канца 17 — пач. 18 ст. мае вонкавую пласціну без рамкі, аздоблена рэльефным дывановым арнаментам. Кафля сярэдзіны 18 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрыта зялёнай або карычневай палівай; у 1-й пал. 18 ст. ў аздабленні выкарыстоўвалі рознакаляровыя эмалі. Кафля 19 ст. пераважна гладкая, пакрытая белай эмаллю; у вырабах канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы стылю мадэрн. Іл. гл. таксама да арт. Кафля.

В.​Е.​Собаль, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Мінская кафля. Паліваная кафля з геаметрычным і выяўленчым сюжэтам. 17 ст.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.
Да арт. Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГІЁН [лац. legio (legionis) ад legere збіраць, набіраць],

1) у Стараж. Рыме найбуйнейшае агульнавайск. фарміраванне (напачатку назва ўсёй арміі). Меў сцяг з выявай арла. Падзяляўся на кагорты, маніпулы, турмы, цэнтурыі, складаўся з пешых салдат, коннікаў і абозу (3—10 тыс. чал.).

2) 3 16 і 18 ст. назва асобных вайск. фарміраванняў (пераважна з наёмнікаў і добраахвотнікаў) у шэрагу краін. Сярод іх былі легіёны польскія, Рускі Л. у Францыі ў канцы 1-й сусв. вайны (снеж. 1917—18; першапачаткова 51 афіцэр і 1629 салдат-добраахвотнікаў; прайшоў з баямі праз Латарынгію, Эльзас, Саар, дайшоў да г. Вормс, Германія; страціў 2 тыс. чал.), нямецкі Л. «Кондар» у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі (ваяваў на баку франкістаў у баях за Мадрыд, Більбао і інш., разбурыў г. Герніка), Чэхаславацкі Л. у СССР у 1939—41 (да 700 чал., камандзір Л.Свобада). На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. легіянерамі называлі польск. вайскоўцаў корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага і Арміі Краёвай, а таксама вайскоўцаў, створаных у складзе ням.-фаш. войск з палонных чырвонаармейцаў Татарскага (Волжска-Татарскага) Л. (у 1942—43 нёс ахоўную службу і дзейнічаў супраць сав. партызан у раёне Віцебска) і Туркестанскіх Л. (адзін з батальёнаў дыслацыраваўся ў Рэчыцы). З 1831 існуе франц. Замежны Л. (удзельнічаў ва ўсіх калан. войнах Францыі; паводле некаторых звестак на 1995—96, 12 б. легіянераў жывуць на Беларусі, у т. л. 8 з іх у Магілёве).

3) Назва грамадскіх арг-цый у некаторых краінах (напр., Амерыканскі легіён, каталіцкі духоўна-дабрачынны Л. Марыі, засн. ў 1921 у Дубліне).

Літ.:

Пети П. Русские в составе французской армии во время Великой войны 1914—1918 гг.: Пер. с фр. // Военно-ист. журн. 1998. №3;

Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. № 2;

Студнев Д. Иностранный легион // Армия. 1996. № 4.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)