ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл. Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ ТЭО́РЫІ,
тэорыі неакейнсіянства, у якіх раскрываюцца праблемы эканам. раўнавагі з пункту гледжання эканамічнай дынамікі, высвятляюцца ўмовы, пры якіх магчыма падтрыманне высокіх і стабільных тэмпаў эканам. росту. Неакейнсіянскія Э.р.т. ўзніклі ў канцы 1940 — пач. 50-х г. Іх прадстаўнікі Дж.Робінсан, Д.Хамберг, А.Хансен (Вялікабрытанія), Р.Харад (ЗША) даследавалі эканоміку ў катэгорыях пастаянных тэмпаў росту і рухомай раўнавагі, выкарыстоўвалі макраэканамічны і колькасны падыходы, аналіз агрэгатыўных паказчыкаў, псіхал. метад, прызнавалі змену колькасных прапорцый у размеркаванні нац. даходу. У дадатак да мультыплікатара інвестыцый яны ўвялі акселератар — «паказчык», які абазначае залежнасць змены інвестыцый ад змены велічыні нац. даходу. Прыхільнікі Э.р.т. распрацавалі спецыфічныя формулы эканам. дынамікі, мадэлі эканам. росту, пабудаваныя на аснове колькасных узаемасувязей працэсаў узнаўлення, якія з’яўляюцца ўраўненнямі накаплення капіталу. У аснову мадэлі Харада пакладзена ідэя аб роўнасці інвестыцый і зберажэнняў, мадэлі Я.Домара — аб роўнасці грашовага даходу (попыту) і вытв. магутнасцей (прапановы). З гэтага вынікае, што пры пастаяннай норме накаплення капіталу і пастаяннай капіталаёмістасці ўмовай дынамічнай раўнавагі з’яўляецца пастаянны рост нац. даходу.
Г.А.Шмарлоўская.
т. 18, кн. 1, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ АТРА́Д у Вялікую Айчынную вайну,
асноўная арганізацыйная і баявая адзінка партызан, добраахвотна аб’яднаных для барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. На Беларусі за ўвесь перыяд акупацыі дзейнічала 1255 П.а. Узначальвалі атрад камандзір і камісар. У падпарадкаванні камандзіра быў нач. штаба і яго апарат, нам. па разведцы, дыверсіях, пам. па забеспячэнні з адпаведнымі падраздзяленнямі. У П.а. былі пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі. Тыповая структура атрада: штаб, 3—4 роты, па 3 узводы ў кожнай, з 3 аддзяленнямі ва ўзводзе. Колькасны і баявы склад атрада непастаянны. БШПР адрозніваў атрады па 100—150, 151—350, 351 і больш партызан з адпаведнай колькасцю асн. стралк. і цяжкай зброі. Буйны П.а. пры адпаведных умовах разгортваўся ў партызанскую брыгаду, са жн. 1943 асобныя атрады Магілёўскай вобл. (800 і больш партызан) — у партызанскія палкі. Паводле прызначэння П.а. падзяляліся на звычайныя (унітарныя), дыверсійна-разведвальныя. кавалерыйскія, артылерыйскія, штабныя, рэзервовыя, мясц. самаабароны, маршавыя. Большасць іх уваходзіла ў склад брыгад, 203 дзейнічалі самастойна. Пра асобнадзейныя П.а. гл. табліцу.
Літ.:
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1983;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 456—474.
А.Л.Манаенкаў.
т. 12, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аналіз аб’ёмны 1/313, 314
- » - колькасны 6/236
- » - нейтронаактывацыйны 1/255
- » - тэрпенаў 2/150
- » - хімічны 1/314; 7/197, 468
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,
метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).
Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10−7—1010% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.
Э.І.Гірэй.
т. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (МКС),
выканаўчы орган міжнар. аб’яднання славістаў. Мае на мэце наладжванне міжнар. супрацоўніцтва славістаў для спрыяння развіццю навук пра слав. мовы і л-ры, вывучэнню гісторыі і культуры слав. народаў.
Засн. ў 1955 у г. Бялград на Міжнар. нарадзе славістаў. У складзе к-та 37 краін (2001): усе слав. краіны і некат. неслав., дзе вядзецца навук. праца ў галіне славяназнаўства (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія, Італія, ЗША, Францыя і інш.). Ад Беларусі ў к-т уваходзілі К.Крапіва, М.Р.Суднік, уваходзіць Г.А.Цыхун (гл. Славістаў беларускі камітэт). С.м.к. узначальвае старшыня, які выбіраецца на 5 гадоў ад краіны, дзе адбудзецца чарговы з’езд. Пры к-це дзейнічае 28 камісій (агульнаслав. лінгвістычнага атласа, выдавецка-тэксталагічная, лінгвістычнай бібліяграфіі, сацыялінгвістыкі, транскрыпцыйная, словаўтварэння, слав. фразеалогіі, слав. літ. моў, археалагічная, лексікалогіі і лексікаграфіі, слав. паэтыкі і стылістыкі, слоўніка стараслав. мовы і гісторыі славістыкі, слав. анамастыкі, грамат. будовы слав. моў і інш.), якія каардынуюць працу славістаў па сваім профілі ў міжнар. маштабе. Праз кожныя 5 гадоў С.м.к. склікае ў слав. краінах Міжнар. з’езды славістаў (адбылося 12 з’ездаў; апошні ў Польшчы, 1998). Паміж з’ездамі праходзяць пленарныя пасяджэнні, на якіх разглядаюцца навук. праблематыка чарговага з’езда, яго праграма, структура і колькасны склад, абмяркоўваецца дзейнасць навук. камісій, выданне прац з’езда і інш.
Г.А.Цыхун.
т. 14, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т КПЗБ (ЦК КПЗБ),
вышэйшы кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Выбіраўся на з’ездах і канферэнцыях КПЗБ. Кіраваўся Праграмай і Статутам Кампартыі Польшчы (КПП), падпарадкоўваўся ЦК КПП. Паміж з’ездамі ажыццяўляў кіраўніцтва арганізац., агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю партыі, яе акр. і раённых арг-цый. Друкаваныя органы — газеты і часопісы «Чырвоны сцяг», «Бальшавік», «Партыйнік», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ», «Весткі з СССР» і інш. Зыходзячы з нелегальных умоў працы, складаўся фактычна з дзвюх частак — Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ і Бюро ЦК КПЗБ. З 1923 нелегальна размяшчаўся ў Беластоку і Вільні. Пасля ўстанаўлення ў маі 1926 у Польшчы «санацыйнага рэжыму» Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ размяшчаўся ў Варшаве, Бюро ЦК КПЗБ — у Гданьску, Берліне, Капенгагене (з 1933). Частка членаў ЦК КПЗБ знаходзіліся ў Мінску, ажыццяўлялі кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, Мінскай школай КПЗБ. Колькасны склад членаў ЦК КПЗБ: на I канферэнцыі КПЗБ (кастр. 1923) выбрана 4 чл. ЦК (у снежні іх колькасць павялічана да 7 чл.), на II канферэнцыі (ліст. 1924) — 8 чл. ЦК, на III канферэнцыі (студз. 1926) — 11 чл. і 5 канд. у чл. ЦК, на II з’ездзе КПЗБ (май 1935) — 11 чл. і 5 канд. у чл. ЦК. Сакратары ЦК КПЗБ: з 1923 — С.Т.Мілер, Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк; у 1925—36 — І.К.Лагіновіч.
У.Ф.Ладысеў.
т. 17, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,
барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.
т. 3, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУДАВІКІ́,
«Працоўная група», фракцыя дэпутатаў-сялян і народніцкай інтэлігенцыі ў 1—4-й Дзяржаўных думах Расіі (1906—17). У 1-й Думе паводле розных звестак было 107 або 127 дэпутатаў з 478. Ад бел. губерняў у іх лік уваходзілі К.К.Александровіч, М.С.Гатавецкі (Віленская губ.), Ф.Я.Буслаў (Магілёўская губ.), М.М.Жукоўскі, С.П.Кандрашук, У.Р.Якубсон (Гродзенская губ.), Ф.С.Трасун, Р.П.Філіпаў (Віцебская губ.). Праграма: увядзенне дэмакр. свабод, нацыяналізацыя мірным шляхам зямлі (акрамя сял. надзелаў) і яе ўраўняльнае размеркаванне паводле прац. норм (адсюль назва «Т.»), адмена саслоўных і нац. абмежаванняў. Друкаваны орган — газ. «Трудовой народ». Па асобных пытаннях Т. блакіраваліся з кадэтамі і сацыял-дэмакратамі. 5.6.1906 яны выступілі ў Думе з «Праектам асн. палажэння» аб агр. рэформе, у якім патрабавалі адчужэння на карысць сялян памешчыцкіх і інш. прыватных зямель, што перавышалі «прац. норму». Т. адмовіліся падтрымаць сталыпінскую аграрную рэформу 1906—17, а ў 2-й Дзярж. думе (сак.—чэрв. 1907, 104 дэп. з 518) зноў унеслі свой агр. законапраект. З усталяваннем «трэцячэрвеньскай манархіі» і ўвядзеннем рэакц. выбарчага закона (1907) колькасны склад (14 дэп. у 3-й Думе 1907—12 і 10 дэп. у 4-й 1912—17) і ўплыў Т. рэзка скараціліся. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, куды з сак. 1917 уваходзіў іх кіраўнік А.Ф.Керанскі (з ліп. 1917 прэм’ер-міністр). У ліп. 1917 Т. аб’ядналіся з народнымі сацыялістамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю.
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,
працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.
Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл. Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш. Гл. таксама Акісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.
Літ.:
Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ. М., 1975;
Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;
Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;
Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.
В.В.Свірыдаў.
т. 13, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)