Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць фіз. і фізіка-хім. метадаў вызначэння колькасці ці колькасных суадносін кампанентаў у аналізуемым узоры; адзін з асн. раздзелаў аналітычнай хіміі. Кампанентамі, якія неабходна вызначыць, могуць быць атамы, ізатопы, малекулы, функцыян. групы, іоны, фазы і інш. (гл.Элементны аналіз, Функцыянальны аналіз). Класічныя метады К.а. — гравіметрычны аналіз і аб’ёмны аналіз.
У К.а. карыстаюцца інстр. метадамі, якія заснаваны на залежнасці фіз. і фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў ад іх саставу і падзяляюцца на электрахім., спектральныя ці аптычныя, рэнтгенаўскія, храматаграфічныя, мас-спектраметрычныя і інш. Методыка К.а. рэгламентуе стадыі правядзення аналізу: адбор пробы; падрыхтоўка пробы да аналізу; вымярэнне аналіт. сігналу — фіз. велічыні (аптычнай шчыльнасці, інтэнсіўнасці спектральнай лініі і інш.), што карэліруе з колькасцю вызначаемага кампанента; разлік вынікаў аналізу. Ствараюцца і камп’ютэрызаваныя экспрэсныя метады аналізу з высокай адчувальнасцю, дакладнасцю і ўзнаўляльнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
частка статыстычнай навукі, якая вывучае колькасны бок эканам. працэсаў і з’яў і пры дапамозе эканоміка-стат. метадаў паказвае іх змены ў канкрэтных умовах месца і часу. Гл.Статыстыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПРЭ́С-АНА́ЛІЗ (ад англ. express хуткі цягнік),
хуткі якасны і колькасны аналіз матэрыялаў. Выконваецца на працягу некалькіх хвілін. Прымяняецца ў хім. і металургічнай прам-сці і інш. Ажыццяўляецца метадамі эмісійнага спектральнага аналізу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́МАВА Вольга Дзмітрыеўна (11.7.1883, Полацкі пав. Віцебскай губ. — 4.7.1969),
бел. альголаг. Скончыла Вышэйшую школу, Вышэйшыя прыродазнаўчыя курсы ў Пецярбургу (1906—12). З 1920 у віцебскіх настаўніцкім і пед. ін-тах, БДУ. Адзін з першых даследчыкаў альгафлоры на Беларусі, вывучала яе відавы і колькасны склад, біямасу фітапланктону вадаёмаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
якасны і колькасны аналіз, заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці святла, прапушчанага, паглынутага ці рассеянага рэчывам.
Уключае спектрафотаметрыю (колькасць рэчыва вызначаецца паводле паглынання ім монахраматычнага святла, якое вымяраюць спектрафатометрамі), фотаколераметрыю (колькасць рэчыва вызначаецца па паглынанні ім поліхраматычнага святла, якое вымяраюць фотаэл. колераметрамі ў вузкіх інтэрвалах даўжынь хваль бачнай часткі спектра), колераметрычны аналіз, нефеламетрыю, турбідыметрыю, флуараметрыю (колькасць рэчыва вызначаецца па інтэнсіўнасці флуарэсцэнцыі, што ўзнікае пры апрамяненні рэчыва ультрафіялетавымі прамянямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХІ́МІЯ (ад гідра... + хімія),
раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЙН, Стэйн (Stein) Уільям Хоўард (25.6.1911, Нью-Йорк — 2.2.1980), амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл.Нац.АН ЗША і Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Гарвардскі ун-т (1933). З 1939 у Ракфелераўскім ун-це (Нью-Йорк), з 1955 праф. біяхіміі. Навук. працы па аналіт. хіміі бялкоў і ферментаў. Распрацаваў колькасны метад вызначэння амінакіслот, заснаваны на іонаабменнай храматаграфіі, высветліў (разам з іншымі) першасную структуру ферменту рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1972 (разам з К.Анфінсенам і С.Мурам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАТЭХНІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫвымяральныя,
прылады, якімі вымяраюць фіз. велічыні ў працэсе вытв-сці і выкарыстання цяпла. Пашыраны прылады для вымярэння т-ры, ціску, разрэджання, цеплазмяшчэння, цеплаправоднасці, саставу газаў пры гарэнні паліва, расходу вадкасцей, газу і пары.
Ц.п. разнастайныя сваёй будовай і прынцыпам дзеяння. Т-ру вымяраюць тэрмометрамі, пірометрамі, тэрмапарамі; ціск — манометрамі, разрэджанні — вакуумметрамі; колькасць і расход рабочых рэчываў у цеплавых устаноўках — расхадамерамі; колькасны састаў дымавых газаў пры рабоце топак паравых катлоў і прамысл. печаў — газааналізатарамі, колькасць цеплаты — каларыметрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю), клінальная зменлівасць у біялогіі,
паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.