КАСМАЧО́Ў (Канстанцін Міхайлавіч) (7.5.1911, в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.8.1992),

бел. жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). У 1948—57 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у гіст. жанры і пейзажы: «Першая зелень», «Бэзавы май», «Раўбічы ў кастрычніку», «На Вячы», «Вясна прыйшла», «Бацькоўскі дом. Мікуліна», «Мікулінскія ўзгоркі», «Белавежская пушча», «Верасень», «Рабіны» (усе 1966—76). Аўтар твораў, прысвечаных помнікам стараж. архітэктуры Беларусі («Нясвіж. Замак», «Мірскі замак», «Слуцкая брама», усе 1967; «Ускраіна Лагойска», 1968; «Белая вежа. Сакавік», 1974) і Расіі («Пскоў. Грымучая вежа», «Масква. Крэмль», «Загорск. Троіцкі сабор», усе 1968). Сярод графічных работ аўтапартрэт, партрэты маці (усе 1969), дзяўчыны (1981), Я.​Коласа (1983) і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Касмачоў К.М. Мн., 1970;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979.

К.Касмачоў. Белая вежа. Сакавік. 1974.

т. 8, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.​Цікоцкага (1949), У.​Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.

Літ.:

Н.​М.​Воранаў /Аўт. тэксту Р.​Р.​Бадзін. Мн., 1979.

В.​С.​Каваленка.

Н.Воранаў. Вясна. Сяброўкі. 1967.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЁЛКА (Phallus),

род грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў сям. вясёлкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясных зонах зямнога шара, асабліва ў тропіках і субтропіках. На Беларусі трапляецца вясёлка звычайная (Phallus impudicus). Сапратроф, але можа ўтвараць грыбакорань (мікарызу) з дубам, букам, некат. кустамі (напр., ляшчынай). Расце на глебе адзіночна або невял. групамі ў маладых лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.кастрычніку. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Пладовае цела спачатку замкнёнае белаватае або жаўтаватае, паўпадземнае яйцападобнае (т.зв. «чортава яйка») дыям. 5—7 см з тоўстым коранепадобным міцэліяльным цяжам каля асновы, укрытае трохслаёвай абалонкай (перыдыем). З узростам абалонка разрываецца, пладовае цела выцягваецца ў шчыльную губчатую пустую ножку (рэцэптакул) даўж. да 30 см з ячэйкавай шапачкай даўж. 3—4 см наверсе, якая ўкрыта слоем аліўкава-зеленаватай слізі з рэзкім пахам падлы, што прываблівае насякомых, якія разносяць споры. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне («земляное масла») як процірэўматычны і проціпухлінны сродак Малады грыб ядомы.

В.​С.​Гапіенка.

Вясёлка звычайная.

т. 4, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,

штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах. ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс. км². Нас. каля 75 млн. чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс. м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕ́НШЧЫК, тамарыкс,

тамарыск (Tamarix),

род кветкавых раслін сям. грабеншчыкавых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў пустынях, паўпустынях і стэпах Паўд. Еўропы, Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: грабеншчык галінасты (T. ramosissima, расце і ў Лошыцкім парку), Гагенакера (T. hohenackeri), Меера (T. meyeri), квітучы (T. florida). У бат. садах і парках на Беларусі трапляюцца таксама грабеншчык выцягнуты (T. elongata) і рыхлы (T. laxa). Цвітуць у чэрв., ліп., магчыма другаснае цвіценне ў вер., кастрычніку.

Шматгадовазялёныя або скідваюць на зіму парасткі, кусты ці дрэвы выш. да 10 м са шматлікімі тонкімі доўгімі галінкамі і глыбокай, моцна разгалінаванай каранёвай сістэмай. Лісце сядзячае, шараватае або крыху блакітнае. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, фіялетавыя, радзей белыя, сабраныя ў доўгія гронкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне дробнае, хутка траціць усходжасць. Размнажаецца чаранкамі і каранёвымі атожылкамі. Абмярзаюць, аднак добра аднаўляюцца. Дэкар. і кармавыя расліны. Добрыя меданосы. Кара і асабліва галы на лісці багатыя дубільнымі рэчывамі (да 47—50%). Драўніну выкарыстоўваюць для такарных работ.

Г.​У.​Вынаеў.

Грабеншчык драбнакветкавы.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВАРУ́ШКА (Clitocybe),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.кастрычніку.

Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).

В.​С.​Гапіенка.

Гаварушка воскападобная.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛОГ (Crataegus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісцікавы (C. curvisepala), глог аднапесцікавы (C. monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызняках, мяшаных лясах і на ўзлесках. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана каля 140 відаў, 25 формаў і сартоў. На азеляненне выкарыстоўваюцца каля 20 відаў.

Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невял. дрэвы выш. да 15 м, з парасткамі, укрытымі калючкамі даўж. 0,5—15 см. Лісце ад суцэльнага да перыста-лопасцевага і перыста-рассечанага. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя (у садовых формаў іншы раз ружовыя або чырвоныя), у паўпарасонікавых або шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырв., амаль чорныя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, выспяваюць у вер.кастрычніку. Дэкар., фітамеліярац., вітамінаносныя, харч., тэхн., меданосныя і лек. (экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры сасудзістых захворваннях) расліны. Плады многіх відаў ядомыя, корм для птушак і звяроў. Размнажаюцца насеннем і атожылкамі. Выкарыстоўваецца як дэкар. ў адзіночных і групавых пасадках, для стварэння жывых агароджаў, узлескаў, падлеску, замацавання яроў і адхонаў.

Г.​У.​Вынаеў.

Глог: 1 — аднапесцікавы; 2 — калючы.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОМ (Міхаіл Ільіч) (24.1.1901, г. Іркуцк, Расія — 1.11.1971),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1950). Ганаровы чл.-кар. АМ ГДР (1967). Скончыў Вышэйшы дзярж. маст.-тэхн. ін-т (1925). З 1928 навук. супрацоўнік Ін-та метадаў пазашкольнай работы. З 1931 працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942—47 рэжысёр Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1948 (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1958 праф.). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадз. пафас, публіцыстычнасць, антыфаш. скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек №217» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.​Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956). Маральнасцю, эмац. і інтэлектуальнай афарбоўкай вылучаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія). Аўтар дакумент. фільма «Звычайны фашызм» (1965, спец. вышэйшы прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу, Германія). Аўтар і сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1966.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1980—82.

Літ.:

Погожева Л.П. Михаил Ромм. М., 1967;

Зак М. М.​Ромм и его фильмы. М., 1988.

М.І.Ром.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),

кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.

Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.​Габа і А.​Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.​Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.​Папова і В.​Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.​Таірава, У.​Меерхольда, С.​Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.​Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.​Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.​Дзешавова, балет «Стальны скок» С.​Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.​Шастаковіча, «Жалобная ода» А.​Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф. арк. А.​Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.​Зялінскім, І.​Сельвінскім і А.​Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн. эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.​Агапаў, А.​Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».

На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв. функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.​Гінзбург, І.​Голасаў (гл. Голасавы), К.Мельнікаў і інш.

У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.​Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.​Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.​Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.​Гальц, М.​Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.​Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.​Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.​Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.​Васільеў) і інш.

Літ.:

Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг. М., 1970;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;

Wingler H.M. Das Bauhaus 1919—1933. Köln, 1975.

У.​М.​Конан, Я.​Ф.​Шунейка, А.​А.​Воінаў, С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.​Валадзько. 1934.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)