А́ЛЬФА,

назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),

шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд. ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.

Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).

Махайрод.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЙКЕ́ВІЧ (Ян Андрэй Гінтоўскі) (1599 ці 1609—1674),

бел. і польскі пісьменнік, педагог, царкоўны дзеяч. Са шляхецкага роду Андрайкевічаў герба «Побуг» Ваўкавыскага пав. Быў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. Аўтар «Мемарыяла бессмяротнай памяці...» (Вільня, 1667), дзе змешчаны партрэты і гербы Сапегаў, а таксама твора «Гарчычнае зерне горкай пакуты... Хрыста...» (Вільня, 1673), перавыдадзенага ў Вільні (1688, 1757), Замосці (1701), Калішы (1746, 1756), Кракаве (1881); у 1719 перакладзены на ням. мову.

У.​Г.​Кароткі.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕШЧ (Abramis brama),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі. Паўпрахадная і жылая формы. Прыдонная рыба, жыве чародамі, пераважна ў месцах з павольнай плынню, ямамі, заглееным дном. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. да 75 см, маса да 6 кг. Цела высокае, бакі серабрыстыя з залацістым адлівам, спіна шаравата-зялёная. Спінны плаўнік высокі, кароткі, анальны доўгі. Луска тоўстая. шчыльная. Корміцца ракападобнымі, малюскамі, раслінамі, маляўкі — планктонам. Аб’ект промыслу.

Лешч.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́, шэры папугай (Psittacus erithacus),

птушка атр. папугаепадобных. 3 падвіды. Пашыраны ў лясах экватарыяльнай Афрыкі ад Сьера-Леоне да 3 Кеніі, на а-вах Сан-Таме і Прынсіпі. Трымаюцца вял. чародамі, зрэдку асобнымі парамі.

Даўж. 35—40 см. Апярэнне шэрае, хвост — ярка-чырвоны, кароткі. Дзюба чорная, вузкая. Гняздуецца ў дуплах высокіх дрэў, нясе 2 яйцы. Корміцца пладамі і насеннем. Здольны да гукапераймання. Утрымліваецца ў няволі, дзе размнажаецца рэдка.

Жако.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКЦЫ́НУМ (Buccinum),

род марскіх бруханогіх малюскаў атр. стэнаглосных. 86 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў халодных і ўмераных водах. Асобныя віды трапляюцца ў субтрапічных водах каля берагоў Японіі і ў Міжземным м. Вядомы з алігацэну. У Баранцавым м. пашыраны B. undatum.

Выш. авальнай ракавіны да 16 см. Маюць кароткі сіфанальны выраст, накрыўку. Драпежнікі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Лічынкі з добра развітым парусам. Важны аб’ект промыслу ў Вялікабрытаніі; мяса спажываецца ў ежу.

Букцынум.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́ННЕ міжвольны кароткі і інтэнсіўны ўдых з характэрным гукам, абумоўлены сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы пры зачыненай ці рэзка звужанай галасавой шчыліне. Можа быць сімптомам розных захворванняў, назіраецца таксама і ў здаровых асоб (пры пераахаладжэнні, прыёме сухой ежы, алкаголю). У залежнасці ад узроўню пашкоджання вылучаюць асн. патагенныя варыянты І.: цэнтральнае (пры пашкоджанні галаўнога ці спіннога мозга), перыферычнае (пры захворваннях дыяфрагмальнага нерва) і адлюстраванае. Паталагічнае працяглае І. (ад некалькіх гадзін да многіх месяцаў) патрабуе мед. абследавання.

т. 7, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХІНХІ́Н,

парода свойскіх курэй мяснога тыпу. Паходзіць ад дзікага банкіўскага пеўня. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі.

Птушка буйная, з акругленымі формамі, пышным рыхлым апярэннем. Колер белы, жоўты, паласаты, палевы, чорны. Галава невял.; грэбень невял., прамастойны, лістападобны; спіна кароткая і шырокая, крылы кароткія, закругленыя, хвост кароткі; ногі невысокія, моцна апераныя. Жывая маса пеўня да 5, курыцы — да 4 кг. Несціся пачынаюць у 7—8-месячным узросце. Яйцаноскасць 100—120 яец.

М.​Ц.​Гарачкі.

Кахінхіны.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛА (Rutilus rutilus caspicus),

рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.

Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)