чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс.км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л.Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для мех. апрацоўкі натуральнай драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. Складаецца з рэзальнай часткі (робіцца са зносаўстойлівых інструментальных сталей, цвёрдых сплаваў, абразіўных матэрыялаў) і мацавальнага прыстасавання (для замацоўвання на дрэварэзальных станках або ўтрымлівання ў руках). Бывае ручны, механізаваны і станочны.
Ручны Д.і. — пілы (лучковыя, двухручныя, нажоўкі), стругі (рубанкі, фуганкі, цыклі), долаты, свердлы, ручныя дрылі, корбы, сякеры, стамескі, штыхелі і інш. З’яўляецца часткай сталярна-цяслярнага інструменту. Механізаваны Д.і. — ручны інструмент з ал., пнеўматычным і інш. прыводам (эл. і бензінавыя ланцуговыя пілы, пнеўма- і электрадрылі, электрарубанкі і інш.). Станочны Д.і. — пілы (у выглядзе палатна, стужкі, дыска, цыліндра, устанаўліваюцца на распіловачных станках); фрэзы (насадныя і канцавыя, суцэльныя, састаўныя і зборныя), нажы стругальныя, лушчыльныя і інш., разцы такарныя (на фрэзерных, стругальных, лушчыльных, рубільных, такарных станках); свердлы, зенкеры, долаты, а таксама цыліндры, дыскі, бясконцыя стужкі з абразіўнай шкуркай, паліравальныя барабаны з абразіўнай пастай (на свідравальных, даўбёжных, шліфавальных і паліравальных станках).
Літ.:
Грубе А.Э. Дереворежущие инструменты. 3 изд. М., 1971;
Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.
А.А.Барташэвіч.
Станочны дрэварэзальны інструмент: 1, 2 — круглая (дыскавая) і паласавая (рамная) пілы; 3 — нож для стругання; 4—6 — цэльная, зборная і канцавая фрэзы; 7 — нож для фасоннага фрэзеравання; 8 — свердзел; 9 — свердзел, скамбінаваны з зенкерам; 10 — ланцуговае долата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́НА (ад франц. moraine),
марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).
Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М.Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.
На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.
Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.
Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.
На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац.буд-ва, БПА, БСГА, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш.Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.
Літ.:
Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;
Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вывучэннем, вырабам і выкарыстаннем сродкаў вымярэнняў. Грунтуецца на навук. дысцыплінах, якія вывучаюць метады і сродкі атрымання колькаснай інфармацыі аб велічынях, што характарызуюць аб’екты і вытв. працэсы. Уключае вымяральныя прылады, інструменты, машыны і ўстаноўкі, прызначаныя для рэгістрацыі вынікаў вымярэння. Звязана з вылічальнай тэхнікай, кібернетыкай тэхнічнай, тэлемеханікай, электронікай, аўтаматыкай і інш.
Вымяральная тэхніка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і была звязана з вымярэннем мас і аб’ёмаў, адлегласцей і плошчаў, адрэзкаў часу, вуглоў і г.д. Да 16—18 ст. адносіцца ўдасканаленне гадзіннікаў і вагаў, вынаходства мікраскопа, барометра, тэрмометра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. з пашырэннем паравых рухавікоў і развіццём машынабудавання развіваецца прамысл. вымяральная тэхніка: удасканальваюцца прылады для вызначэння памераў, з’яўляюцца вымяральныя машыны, уводзяцца калібры, розныя мерыфіз. велічынь (у т. л.эталоны) і г.д. У 19 ст. створаны асновы тэорыі вымяральнай тэхнікі і метралогіі, пашырылася метрычная сістэма мер, з’явіліся электравымяральныя прылады і цеплатэхнічныя прылады. У 20 ст. пачынаюць выкарыстоўвацца эл. і электронныя сродкі для вымярэння мех., цеплавых, аптычных і інш. велічынь, для хім. аналізу і геолагаразведкі, развіваюцца радыёвымярэнні і спектраметрыя, узнікае прыладабуд. прам-сць. Гал. кірункі развіцця сучаснай вымяральнай тэхнікі: лінейныя і вуглавыя вымярэнні; мех., аптычныя, акустычныя, цеплафіз., фіз.-хім. вымярэнні; эл., магн. і радыёвымярэнні; вымярэнні частаты і часу, выпрамяненняў (гл., напр., Арэометр, Асцылограф, Вакуумметр, Вісказіметр, Вымяральны пераўтваральнік, Газааналізатар, Геадэзічныя прылады і інструменты, Дазіметрычныя прылады, Інтэрферометр, Каларыметр, Люксметр, Манометр, Пнеўматычны пераўтваральнік, Радыёвымяральныя прылады, Спектрометр, Частатамер).
Шырока выкарыстоўваюцца (пераважна ў машынабудаванні) вымяральныя інструменты: універсальныя (для вымярэння дыяпазонаў памераў) і бясшкальныя (для вымярэння аднаго пэўнага памеру). Універсальныя падзяляюцца на штрыхавыя (штанген-інструменты, вугламеры, лінейкі, вугольнікі, кронцыркулі), мікраметрычныя (глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры), механічныя з рознымі тыпамі мех. перадач (індыкатары гадзіннікавага тыпу, мініметры, мікатары), оптыка-механічныя (праектары, вымяральныя мікраскопы) і інш. Многія прылады далучаюць розныя канструкцыйныя асаблівасці, напр.аптыметры (рычажна-аптычная сістэма). Бясшкальныя інструменты — сродкі допускавага кантролю; гэта калібры (кольцы, шаблоны, коркі, скобы) і канцавыя меры (стальныя пліткі пэўнай таўшчыні ў наборах). Адным з гал. кірункаў далейшага развіцця вымяральнай тэхнікі з’яўляецца распрацоўка інфарм.-вымяральных сістэм. Удасканальваюцца сродкі дылатаметрыі, дазіметрыі, мас-спектраметрыі, рэфрактаметрыі, тэлеметрыі. Тэарэт. і навук.-практычную аснову ўдасканалення вымяральнай тэхнікі як аднаго з кірункаў прыладабудавання складаюць дасягненні і распрацоўкі ў галіне фіз тэхн.навук. На Беларусі сродкі вымяральнай тэхнікі выпускаюць Гомельскі завод вымяральных прылад, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),
надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.
Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).
Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл.Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.
Літ.:
Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;
Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;
Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1993;