РЭГА́ТА (італьян, regata ад riga шэраг, лінія; стартавая лінія),
буйное, звычайна традыц, спаборніцтва па парусным спорце, вяслярным спорце; часам спаборніцтвы па водна-маторным спорце. Складаецца з серыі гонак для суднаў розных класаў.
Адна з першых Р. (Венецыянская Р гандальераў) адбылася ў 1740. З сярэдзіны 19 ст. Р. праводзяцца ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, з канца 19 ст. — у ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі, Расіі, сканд. краінах і інш.Найб. вядомыя — Хенлейская каралеўская Р. па акад. веславанні (з 1839, на р. Тэмза паблізу Лондона), Кільская парусная Р. (1897, Кільская бухта Балт.м., Германія). На Алімп. гульнях праводзяцца Р. па парусным спорце (серыя з 7 гонак) і перадалімпійскія спаборніцтвы. Гл. таксама Веславанне акадэмічнае. Веславанне на байдарках і каноэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ, водны слалам,
адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэспец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯНО́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 2.12.1958, Мінск),
бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1979). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1981). З 1977 інструктар Спарт.к-та пры СМ Беларусі. З 1995 у прадпрымальніцкіх і грамадскіх структурах. Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, на байдарцы-двойцы (к-2) на дыстанцыях 500 і 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы — 1979, 1981, 1982 (к-1, к-2) на дыстанцыі 500 м; 1981, 1982 (к-2) на дыстанцыі 1000 м; 1983 (к-1) на дыстанцыі 500 м. Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы — 1978 (к-1) на дыстанцыі 500 м; 1983 (к-2) на дыстанцыях 500 і 1000 м. 17-разовы чэмпіён СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЛАМ (ад нарв. slalåm літ. след, які спускаецца) гарналыжны, спуск на лыжах з гары па звілістай трасе з варотамі. Даўж. трасы для мужчын 500—700 м з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 180—220 м, для жанчын — адпаведна да 550 м і 130—180 м. На трасе парамі расстаўляюцца сцяжкі (вароты), праз якія трэба праехаць і не збіць.
Зарадзіўся ў 1920-я г.; спаборніцтвы праходзілі ў Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі Чэмпіянаты свету з 1930. У праграме Алімп. гульняў з 1936. Адрозніваюць таксама С. гіганцкі (даўж. трасы больш за 2000 м, перапад вышынь 250—400 м у мужчын і 250—350 м у жанчын) і С. супергіганцкі (розніца вышынь 500—600 м у мужчын і 350—500 м у жанчын). Найб. пашыраны ў Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі.
С. на водных лыжах (адной або двух) — спаборніцтва водных лыжнікаў на буксіровачным тросе за катэрам па абходзе буёў, размешчаных на вызначанай трасе. С. вяслярны, на байдарках і каноэ — спаборніцтвы ў спуску па рацэ або спец. канале з хуткай плынню і натуральнымі або штучнымі перашкодамі.