КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,

размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і B-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.

Літ.:

Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;

Моничев А.Я. Динамика кроветворения. М., 1984.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.​Далам’ё),

1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.

2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд. т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.

У.​Я.​Бардон.

Даламіт.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФО́ІДНАЯ СІСТЭ́МА, імунная сістэма,

рэгуляторная сістэма ў арганізме жывёл і чалавека, якая фарміруе і падтрымлівае імунітэт. Асн. функцыя — распазнаванне генетычна чужароднай субстанцыі і блакада, нейтралізацыя або знішчэнне антыгенаў, якія стымулявалі імунны адказ. Уключае вілачкавую залозу, чырв. касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і вял. колькасць лімфоіднай тканкі па ходу стрававальнага і дыхальнага шляхоў, агульная маса 1,5—2 кг. Асн. клеткі — розныя субпапуляцыі і функцыян. падкласы лімфацытаў. Пры кантакце з антыгенамі Л.с. здольная даваць розныя формы імуннага адказу: гумаральны імунітэт (цыркуляцыя ў крыві спецыфічных антыцел), клетачны імунітэт (паяўленне вял. колькасці T-лімфацытаў, што ўзаемадзейнічаюць з пэўным антыгенам чужароднай клеткі), цыркуляцыя доўгажывучых T- і B-лімфацытаў (пры паўторнай сустрэчы з антыгенам здольныя да хуткага адказу, імуналагічная памяць), утварэнне імуналагічнай талерантнасці (адсутнасць адказу на пэўны антыген), праяўленне алергіі (павышаная адчувальнасць да спецыфічнага антыгена). Узнікла з паяўленнем шматклетачных арганізмаў як фактар, што спрыяе іх выжыванню.

Літ.:

Петров Р.В. Иммунология, 2 изд. М., 1987;

Сапин М.Р., Этинген Л.Е. Иммунная система человека. М., 1996.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РБНІЦА, вербная нядзеля,

народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перад Вялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш. Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),

сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л. спадарожнікавай сувязі.

Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.

А.​В.​Шаранкоў.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),

сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).

Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц. працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,

ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.

Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.

Літ.:

Бычков В.Н., Назаров Г.А., Прищепа В.Н. Космические жидкостноракетные двигатели. М., 1976.

Схема вадкаснага ракетнага рухавіка з помпавай падачай паліва: 1 — бак са сціснутым газам; 2 — бак паліва; 3 — бак акісляльніку; 4 — помпа падачы акісляльніку; 5 — камера згарання; 6 — сапло; 7 — турбіна; 8 — помпа падачы паліва; 9 — сапло турбіны.

т. 3, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЧАНЬ,

буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).

Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл. Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.

А.​С.​Леанцюк.

Печань: 1 — правая доля; 2 — левая доля; 3 — жоўцевы пузыр.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АМФІ́БІЯ»,

1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.

Да арт. «Амфібія». Аўтамабіль-«амфібія».
Да арт. «Амфібія». Паплаўковы гідрасамалёт.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКА клеткі, клетачная сценка,

структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.

Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)