ПАВЕ́РХНЕВЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл ад функцыі, зададзенай на якой-н. паверхні. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні фіз. задач.

Да П.і. зводзіцца, напр., задача вылічэння масы, размеркаванай па зададзенай паверхні з пераменнай паверхневай шчыльнасцю (П.і. 1-га роду), што вядзе да вылічэння двайных інтэгралаў (гл. Кратны інтэграл). Некаторыя задачы фізікі, напр., задача вызначэння патоку вадкасці праз зададзеную паверхню, зводзяцца да вылічэння П.і., дзе паверхня мяркуецца арыентаванай (мае зададзены дадатны напрамак нармалі да яе). Такія інтэгралы наз. П.і. 2-га роду і звязаны з трайнымі інтэграламі па аб’ёме, які абмежаваны зададзенай паверхняй (гл. Астраградскага формула), а таксама з крывалінейнымі інтэграламі ўздоўж замкнутага контуру, які абмяжоўвае зададзеную паверхню (гл. Стокса формула).

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРАТУ́РНАЯ ФО́РМУЛА,

формула набліжанага вылічэння вызначанага інтэграла. Падынтэгральная функцыя замяняецца адпаведным інтэрпаляцыйным паліномам (гл. Інтэрпаляцыйная формула) і тым самым вылічэнне інтэграла зводзіцца да вылічэння т. зв. квадратурнай сумы (гл. Набліжанае інтэграванне).

Найб. пашыраная К.ф. віду ∫ a b p(x) 𝑓(x) dx ≅ ∑ i=1 n   Ci 𝑓(xi) , у левай частцы якой інтэграл, што падлягае вылічэнню. Падынтэгральная функцыя запісана як здабытак дзвюх функцый. Функцыя p(x) лічыцца фіксаванай для дадзенай К.ф. і наз. вагавой функцыяй. Сума ў правай частцы наз. квадратурнай сумай, дзе xi — вузлы, Ci — каэфіцыенты К.ф. (значэнні вузлоў і каэфіцыентаў бяруцца з табліц). На Беларусі даследаванні па тэорыі К.ф. распачаты ў 1956 у Ін-це матэматыкі Нац. АН.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.

Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд ∂2u ∂x2 + ∂2u ∂y2 + ∂2u ∂z2 = 0 , дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,

разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, у сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.

Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),

1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл. Тэксталогія, Каментарый).

2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.

3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТЭЗ (ад грэч. synthesis злучэнне, спалучэнне, састаўленне),

1) злучэнне, спалучэнне розных элементаў, бакоў прадмета ў адно цэлае (сістэму), якое ажыццяўляецца і ў практычнай дзейнасці, і ў працэсе пазнання. С. процілеглы аналізу, але непарыўна з ім звязаны.

2) Метад навук. даследавання якога-н. прадмета, з’явы, які ў працэсе даследавання пазнаецца цалкам, у адзінстве і ўзаемасувязі ўсіх яго частак.

3) У філасофіі Г.​Гегеля — найвышэйшая ступень развіцця, якая вырашае супярэчнасці папярэдніх ступеняў.

4) У псіхалогіі — мысліцельная аперацыя, якая зводзіцца да аб’яднання прадметаў, што адлюстроўваюцца, у адно цэлае. Разам з аналізам забяспечвае фарміраванне паняццяў і працэс мыслення.

5) С. сацыяльны — спалучэнне і злучэнне асобных элементаў, індывідаў або груп у арганізаваную сістэму адносін для дасягнення ўзаемных мэт.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НГЕЙМ (Mannheim) Карл (27.3. 1893, Будапешт — 9.1.1947),

нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Вучыўся ва ун-тах Будапешта, Фрайбурга, Гайдэльберга, Парыжа. З 1919 у Германіі, з 1933 у Вялікабрытаніі. Лічыў, што грамадскае быццё ўключае рэальныя жыццёвыя дамінанты, якія вызначаюць стыль эпохі (напр., рэлігія ў сярэднявеччы), і не зводзіцца толькі да эканам. адносін вытв-сці. Паводле М., любая ідэалогія — гэта апалогія існуючага ладу, тэарэтызаваныя погляды класа, які дамогся ўлады і зацікаўлены ў яе захаванні. «Ідэалогіям» заўсёды супрацьстаяць «утокі», або погляды апазіцыйных, прыгнечаных класаў, сац. груп, якія імкнуцца да сац. рэваншу і з’яўляюцца такімі ж неаб’ектыўнымі, як і ідэалогіі (гл. Дэідэалагізацыя). Даследаваў праблемы выхавання, сацыялізацыі асобы, гіст. сацыялогіі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Диагноз нашего времени. М., 1994.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ НУКЛЕАТЫ́ДЫ,

пурынавыя і пірымідзінавыя нуклеатыды, у якіх астатак фосфарнай к-ты звязваецца з рыбозай у 3′ і 5′-становішчах (утвараюць кольца); універсальныя рэгулятары біяхім. працэсаў у жывых клетках.

Найб. значныя цыклічны 3′ і 5′-адэназінмонафасфат (цАМФ) і 3′ і 5′-гуаназінмонафасфат (цГМФ). У арганізме жывёл і чалавека цАМФ рэгулюе клетачную пранікальнасць, мышачнае скарачэнне, сакрэцыю гармонаў, дыферэнцыроўку тканак і інш. У стрэсавых сітуацыях адрэналін праз пасрэдніцтва цАМФ актывуе ў клетках печані фермент глікагенфасфарылазу і ў кроў выкідваецца вял. колькасць глюкозы (крыніца энергіі для арганізма). Механізм дзеяння Ц.н. у клетцы звязаны з актывацыяй Ц.н.-залежных пратэінкіназ і зводзіцца да фасфарыліравання спецыфічных бялкоў, у т. л. ферментаў, што прыводзіць да змены іх актыўнасці і адпаведных функцый клеткі.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЫ́ЗНАЧАНЫ ВЫ́РАЗ,

функцыя, ліміт якой нельга знайсці непасрэдным выкарыстаннем тэарэм аб лімітах.

Зводзіцца да дзелі, алг. сумы ці здабытку функцый, што сімвалічна пазначаюцца ​0/0, ​∞/∞, 0∙∞, ∞ = ∞, 0°, ∞°, 1​∞ і якія страчваюць сэнс пры фармальнай падстаноўцы лімітавага значэння аргумента. Знаходжанне ліміту Н.в. (калі ён існуе) наз. раскрыццём нявызначанасці і грунтуецца на замене дадзенай функцыі другой функцыяй, якая мае той жа ліміт, але не з’яўляецца Н.в. Для раскрыцця нявызначанасці карыстаюцца алг. пераўтварэннямі, заменай функцый іх вытворнымі (правіла Лапіталя), а таксама раскладаннем функцый у ступеневыя шэрагі. Напр., lim x → 1 1 − x 1 − x2 = lim 1 − x ( 1 − x ) ( 1 + x ) = lim x → 1 1 1 + x = 1 2 , lim x → 0 sin x ex − 1 = lim x → 0 cos x ex = 1 , lim x → 0 sin x x = lim x → 0 x − x3 / 3! + ... x = 1 .

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЯ,

1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.​Вунт, Н.​Ах, І.​Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.​Ф.​Гербарт, Г.​Эбінгаўз, Э.​Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).

2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)