спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.Капам і ген. В.Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.Эберт і ўрад Г.Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн.чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б.ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш. прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШНА,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 133 км ад Віцебска. 355 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У ВКЛ прыватнаўласніцкае мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. У 1886 у П. 128 ж., 14 двароў, пач. школа, валасная ўправа, царква, яўр. малітоўны дом, гарбарня, крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Лепельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў кастр. 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава» разграміла ў П. гарнізон гітлераўцаў і аднавіла сав. ўладу. Фашысты імкнуліся зноў захапіць П., адбыліся Пышнянскія баі 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл.Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл.Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі сялян в. Опаль і Лядавічы Кобрынскага пав. 5, 6 і 22 снеж. сяляне в. Опаль і Лядавічы спынілі ўсе работы і ў пісьмовай форме выставілі аканому маёнтка патрабаванні: аддаць ім 600 дзес. зямлі, адмяніць адработкі за пашу, вадапой і за праезд да надзелаў, павысіць аплату працы ў маёнтку з 20 кап. да 1 руб. ў дзень, выплаціць ім 120 тыс.руб. за несправядлівае карыстанне памешчыкам спрэчных зямель. 10 снеж. забаставалі 50 батракоў. Памешчык не згадзіўся з патрабаваннямі і выклікаў роту салдат для аховы. На сходзе сяляне вырашылі захапіць маёнтак. 30 снеж. каля 700 чал. з абедзвюх вёсак пайшлі да сядзібы Салдаты адкрылі агонь: забілі 5 і цяжка паранілі 7 чал., 31 снеж. сяляне абяззброілі патруль і праніклі ў маёнтак. Быў забіты яшчэ 1 селянін. У маёнтак прыбыў эскадрон драгун, павет аб’яўлены на становішчы ўзмоцненай аховы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫШНЯ́НСКІЯ БАІ́ 1943,
абарона партызанамі в. Пышна Лепельскага р-на Віцебскай вобл. 19 мая — 9 чэрв. ў час карнай аперацыі «Котбус» у Вял.Айч. вайну. У канцы 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава», разграміўшы ням. гарнізон у вёсцы, стварыла там кантралюючы пункт за чыг. Лепель—Пышна—Докшыцы—Параф’янава, што злучала ням. 3-ю танк. армію з яе тылам. Гітлераўцы беспаспяхова спрабавалі захапіць Пышна ў снеж. 1942, студз. 1943. 19.5.1943 партызаны адбілі атаку палка карнікаў, пасля чаго вораг пачаў бамбіць Пышна і яе наваколле; 23 мая пасля няўдалай атакі карнікі падцягнулі новыя сілы. Партызаны стварылі вакол вёскі 2 кальцы абароны. 8 чэрв. вораг пры падтрымцы танкаў распачаў новае наступленне. Каб пазбегнуць вял. страт, партызаны пакінулі вёску. Замкнуўшы кальцо акружэння, ням. паліцэйскія войскі СС 9—21 чэрв. беспаспяхова прачэсвалі лес. Подзвіг абаронцаў вёскі стаў тэмай карціны партыз. мастака М.Абрыньбы «Бой за Пышна» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га Бел. фронту (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 11-я гв., 31, 33, 39, 5-я гв.танк., 1-я паветр. арміі, у складзе апошняй франц. знішчальны авіяполк «Нармандыя», 3-і гв. механіз., 3-і гв.кав. карпусы. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас, вызваліць Вільнюс і Ліду, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на яго беразе. У ходзе аперацыі пры ўзаемадзеянні з бел. і літ. партызанамі вызвалены Валожын, Маладзечна (5 ліп.), Івянец (6 ліп.), Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі (7 ліп.), Іўе (8 ліп.), Ліда (9 ліп.), Вільнюс (13 ліп.), правабярэжная частка Гродна (16 ліп.), створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Бел. фронту да граніц з Усх. Прусіяй. 20 часцям і злучэнням фронту нададзена ганаровае найменне «Віленскіх», 13 — «Маладзечанскіх», 4 — «Лідскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (1083—1155),
князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́КЕШ,
горад у Марока, у перадгор’ях Высокага Атласа. Адм. ц. правінцыі Маракеш. Каля 1,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр паўд.ч. краіны. Прам-сць: харч., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., цэментная. Саматужная вытв-сць (дываны, саф’ян). Зімовы курорт. Цэнтр турызму. Ун-т. Музеі мараканскага мастацтва, гем і керамікі. Арх. помнікі 11—12 ст. Помнікі медыны (купальны павільён Куба эль-Баадыйн, мячэць Кутубія, вароты Баб-Агвенау) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; шматлікія ансамблі 14—16 ст., палацы.
Засн. ў 1070 (паводле інш. звестак, у 1060 ці 1062) Альмаравідамі. У канцы 12 ст. буйны гандл. цэнтр з насельніцтвам каля 100 тыс.чал. Пры Альмаравідах, Альмахадах і Саадзідах (1554—1659) М. — сталіца Зах. Магрыба; у час феад. міжусобіц — рэзідэнцыя правіцеляў Паўд. Марока. У 1515 партугальцы беспаспяхова спрабавалі захапіць М. У час франц. пратэктарату над Марока (1912—56) паліт. і эканам. значэнне горада зменшылася. Пасля абвяшчэння незалежнасці Марока (1956) адм. цэнтр аднайм. правінцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,
бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл.Аляксандр Неўскі).
Літ.:
Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;
Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.