ПЫ́ШНА,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 133 км ад Віцебска. 355 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У ВКЛ прыватнаўласніцкае мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. У 1886 у П. 128 ж., 14 двароў, пач. школа, валасная ўправа, царква, яўр. малітоўны дом, гарбарня, крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Лепельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў кастр. 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава» разграміла ў П. гарнізон гітлераўцаў і аднавіла сав. ўладу. Фашысты імкнуліся зноў захапіць П., адбыліся Пышнянскія баі 1943.

І.​Ю.​Януш.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)