прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.
Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.
Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.
На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,
сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл.Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).
бел. і ўкр. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (з 1916), скончыў Кіеўскую вайск. школу (1918). У 1918 прыняў грамадзянства БНР. З 1921 працаваў ва Укр.АН. Супрацоўнічаў з бел.час. «Полымя», Інбелкультам і Бел.АН. З 1933 праф. Нежынскага пед. ін-та. Абвінавачаны ў бел. і ўкр. «бурж. нацыяналізме» і звольнены. З канца 1930-х г. працаваў у Смаленску. У час Вял.Айч. вайны жыў на Украіне. З 1944 у Зах. Германіі, затым у ЗША. У 1950-я г. працаваў у цэнтры па вывучэнні СССР у Вашынгтоне. Вывучаў гісторыю Беларусі і Украіны 16—17 ст.; супрацоўнічаў з Бел. ін-там навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Аўтар прац пра сав. арбітраж і гістарыяграфію.
гідраўлічная перадача, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні гідрастатычнага напору вадкасці. Бывае зваротна-паступальнага, зваротна-паваротнага і вярчальнага руху. Забяспечвае бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей вядзёных механізмаў з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцераганнем ад перагрузак. Уваходзіць у склад аб’ёмнага гідрапрывода машын.
Гідрастатычная перадача складаецца з аб’ёмнай помпы (вядучае звяно), аб’ёмнага гідраўлічнага рухавіка, рэзервуара для рабочай вадкасці і трубаправодаў (часам замест помпы выкарыстоўваюць гідраакумулятар). Рабочая вадкасць засмоктваецца помпай у яе рабочыя камеры, а затым напампоўваецца ў рабочыя камеры гідрарухавіка (гідраматора, гідрацыліндра). З гідрарухавіка вадкасць зліваецца ў рэзервуар, адкуль зноў засмоктваецца помпай. Рэгуляванне скорасці гідрарухавіка ажыццяўляецца зменай аб’ёмаў рабочых камер. Прамысл. выкарыстанне гідрастатычнай перадачы адносяць да 1795, калі быў вынайдзены гідраўлічны прэс, з 1920—30-х г. пачала выкарыстоўвацца ў металарэзных станках і інш. машынах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРАДЗІ́ШЧА»
(«Horodyszcze»; з 1939 «Бабруйск»),
рачны манітор, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску пад назвай «Гарадзішча», прайшоў некалькі мадэрнізацый, уваходзіў у склад Віслінскай (1920—26) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены камандай у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). Пасля падняцця з дна Прыпяці сав. маракамі ўключаны ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (1939—40), перайменаваны 24.10.1939 у «Бабруйск», затым у Пінскай ваен. флатыліі (1940—41). Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. У пач. вайны вёў баі на Прыпяці (у Давыд-Гарадку ноччу 11—12.7.1941 знішчыў да 200 ням.-фаш. салдат і афіцэраў, больш за 50 аўтамашын, 4 гарматы) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). 31.8.1941 патануў. Падняты 12.6.1944. Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛДЭР ((Calder) Александэр) (22.7. 1898, г. Філадэльфія, ЗША — 11.11. 1976),
амерыканскі скульптар, жывапісец і графік; адзін з стваральнікаў кінетычнага мастацтва. Найбуйнейшы прадстаўнік амер.мадэрнізму ў скульптуры. Скончыў Лігу вывучаючых мастацтва ў Нью-Йорку (1926). У 1926—33 у Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Міро і П.Мондрыянам, затым у ЗША, пасля 1945 у Парыжы і ЗША. Сярод твораў: «Стальная рыба» (1934), «Пастка для амараў і хвост рыбіны» (1939), «Чырвоныя гонгі» (каля 1950), кампазіцыя акустычнай столі актавай залы ун-та ў г. Каракас (Венесуэла, 1952), «Грэбень пеўня» (1960), «Тры аркі» (1963), «Чырвонае сонца» (1968, Алімп. стадыён у г. Мехіка). Аўтар дэкар.-вытанчаных падвесных рухомых канструкцый з жалеза, алюмінію і дроту («мабіляў»; «Чырвоная піраміда» і інш.), нерухомых метал. канструкцый («стабіляў»), партрэтных галоў з дроту. Працаваў як графік і жывапісец. Яго творы ўпрыгожваюць «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку і будынак ЮНЕСКА у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕНЦАЎ (Віктар Ільіч) (н. 21.4.1918, г.п. Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп.парт. школу пры ЦККПБ (1952), Мінскі пед.ін-т (1955). У жн.—ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦККПБ. Чл.ЦККПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЁР,
вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).
Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАНЕАГЕНЕ́З,
біяхімічны працэс утварэння глюкозы з невугляводных папярэднікаў. Агульным цэнтр. шляхам глюканеагенезу ў жывых арганізмах з’яўляецца біясінтэз глюкозы з піравінаграднай к-ты (пірувату). Рэалізуецца шляхам абарачэння большасці стадый гліколізу, а неабарачальныя яго стадыі заменены «абходнымі» рэакцыямі. Глюканеагенез пачынаецца карбаксіліраваннем пірувату ў мітахондрыях з ўтварэннем шчаўева-воцатнай к-ты, што потым аднаўляецца ў яблычную к-ту, а затым пераўтвараецца ў шчаўева-воцатную к-ту, якая пасля дэкарбаксіліравання дае фосфаенолпіруват. У абарачальных рэакцыях гліколізу фосфаенолпіруват пераўтвараецца ў фруктоза-1, 6-дыфасфат. Працэс глюканеагенезу завяршаецца неабарачальнымі «абходнымі» рэакцыямі гідролізу фруктоза-1,6-дыфасфату да фруктоза-6-фасфату, глюкоза-6-фасфату і глюкозы. У чалавека і жывёл глюканеагенез адбываецца пераважна ў печані і ў меншай ступені ў нырках і слізістай абалонцы кішэчніка, асабліва актыўна ідзе пры галаданні ў перыяд аднаўлення пасля інтэнсіўнай мышачнай працы. Рэгуляцыя глюканеагенезу ажыццяўляецца ўнутрыклетачнымі (суадносінамі субстратаў і прамежкавых прадуктаў глюканеагенезу, адэназінфосфарных к-ті г.д.) і ўнутрыклетачнымі механізмамі (даступнасцю субстратаў, гармонамі і інш.).