БЕ́ЛЫЯ НО́ЧЫ,

светлыя ночы ў пачатку лета, калі вячэрняя зара пераходзіць у ранішні золак і ўсю ноч доўжыцца змрок. Назіраюцца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях на шыротах 60—90°, калі дыск Сонца апоўначы апускаецца ніжэй за гарызонт не больш як на 7°.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯБРО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Зара камунізму». За 17 км на ПнЗ ад Кармы, 105 км ад Гомеля, 55 км ад чыг. ст. Рагачоў. 760 ж., 321 двор (1995). Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬКІ,

вёска ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і аграхімфірмы «Зара». На чыг. лініі Варапаева—Шаркаўшчына. За 45 км на ПнУ ад г. Паставы, 274 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Полава. 185 ж., 79 двароў (1995). Пач. школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАНА́ВІЧУС ((Basanavičius) Іонас) (23.11.1851, в. Ажкабаляй, Літва — 16.2.1927),

літоўскі грамадскі дзеяч, навуковец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1879). Засн. першы літоўскі ліберальны час. «Aušra» («Зара», 1883). Ініцыятар стварэння Літоўскага навук. т-ва (1907). Працы па стараж. і сярэдневяковай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, санітарыі. Сабраў і выдаў 9 тамоў нар. казак і песень.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Пр’эзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.

І.У.Саламевіч.

Я.В.Міклашэўскі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраекг» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля пас. Зара. Пластавы паклад звязаны з адкладамі антопальскага гарызонта неагену. Гліны светла-шэрыя алеўрытавыя каалініт-мантмарыланітавыя (верхні слой), жаўтавата-белыя пескавата-алеўрыцістыя каалінітавыя (сярэдні), стракатакаляровыя пясчаныя каалінітавыя (ніжні), высокапластычныя, тонкадысперсныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 5 млн. м³, перспектыўныя 0,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—11,2 м, ускрышы 1,8—6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць аглапарыту, цэменту (у сумесі з фосфагіпсам), на выраб цэглы і дрэнажных труб.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн. м³, перспектыўныя 67 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ПАРТЫЗА́НСКАЙ СЛА́ВЫ Створаны ў 1971 ва ўрочышчы Хаваншчына (за 3 км на Пд ад в Корачын) Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., дзе ў 1943—44 у Вял. Айч. вайну базіраваліся Брэсцкія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партыз. злучэння, рэдакцыя і друкарня падп. газ. «Зара»; філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 960 адзінак асн. фонду (1999). Уключае 4 драўляныя домікі, 2 зямлянкі, калодзеж, «Лясную школу». У доміках экспанаты пра дзейнасць падп. абкомаў, штаба партыз. злучэння, барацьбу моладзі супраць ням. фашыстаў, работу рэдакцыі газеты, партыз. шпіталя і інш.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ ((Wasilewski) Леан) (24.8.1870, С.-Пецярбург — 10.12.1936),

польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ. нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)