Мае двухстворкавую трохвугольную ракавіну з шыпам на брушным баку кожнай створкі, моцны мускул-замыкальнік, чуллівыя шчацінкі (у пучках) і доўгую ніць, якую выдзяляе асаблівая залоза. Глахідый развіваецца з яец (некалькі соцень тысяч) у мантыйнай поласці мацярынскай асобіны восенню і зімой. Вясной глахідый выкідваецца ў ваду і прымацоўваецца да скуры, шчэлепаў і плаўнікоў рыб, абрастае эпітэліем гаспадара. Корміцца асматычна. Праз некалькі тыдняў малады малюск пакідае гаспадара і падае на дно. Прыкметнай шкоды рыбам глахідый не прыносіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАГО́Н,
бялковы гармон, які выпрацоўвае падстраўнікавая залоза (α-клеткі астраўкоў Лангерганса). Глюкагон — адналанцужковы поліпептыд з 29 амінакіслотных астаткаў. Мал. маса каля 4000. Атрыманы ў 1956 амер. Біяхімікам В.Бромерам у крышт. выглядзе. Стымулюе распад глікагену печані праз актывацыю ферменту фасфарылазы і ў выніку павялічвае канцэнтрацыю цукру ў крыві. З’яўляецца фізіял. антаганістам інсуліну, а таксама стымулятарам яго сакрэцыі. Вядомы т.зв. кішэчны глюкагон (вылучаны з слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі) з большай мал. масай, у якога, як лічыцца, амаль няма глікагеналітычнага дзеяння, але ёсць выразны інсулінстымулявальны эфект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ФІЗ (ад грэч. hypophysis адростак),
ніжні мазгавы прыдатак, залозаўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,
размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і B-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.
Літ.:
Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;
органы жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) непасрэдна ў кроў або лімфу. У іх адсутнічаюць вывадныя пратокі. Да З.у.с. належаць гіпаталамус, гіпофіз, эпіфіз, наднырачныя залозы, парашчытападобныя залозы, палавыя залозы (іх унутрысакраторныя элементы), шчытападобная залоза, астраўкі падстраўнікавай залозы. Эндакрынныя функцыі ўласцівы вілачкавай залозе, плацэнце, эндакрынным клеткам стрававальнага тракту (слінныя залозы, страўнік, кішэчнік), дыхальных шляхоў, нырак, сэрца, печані і інш. З.ў.с. шчодра забяспечваюцца крывёй, таму гармоны хутка паступаюць у кроў, з якой трапляюць да органаў, тканак і аказваюць спецыфічнае рэгулюючае дзеянне на метабалізм. З.ў.с. знаходзяцца паміж сабой у функцыян. залежнасці і складаюць цэласную эндакрынную сістэму, якая ажыццяўляе гарманальную рэгуляцыю ўсіх асн. працэсаў жыццядзейнасці. Разам з нерв. сістэмай З.ў.с. рэгулююць усе функцыі арганізма. Іх рэгулюючы цэнтр — гіпаталамус. Парушэнне функцый З.у.с. вядзе да цяжкіх эндакрынных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧАНЬ,
буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.