від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыясінтакс. канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.
Тв.:
1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;
О самодержавии и конституции М., 1905;
О церкви. М., 1905.
Літ.:
Твардовская В.А. Идеология пореформенного самодержавия: (М.Н.Катков и его издания). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННА́Я КНІ́ГА, дзяржаўная кніга племянных жывёл,
кніга для рэгістрацыі племянных с.-г. жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды; адно з мерапрыемстваў племянной работы. Вядзенне П.к. дазваляе вывучыць эвалюцыю парод, садзейнічае рацыянальнаму выкарыстанню плем. рэсурсаў, аб’ядноўвае дзеянні селекцыянераў. Выдаецца дзярж. органамі ці т-вамі жывёлаводаў. У закрытыя П.к. заносяць чыстапародных жывёл, продкі якіх былі запісаны ў П.к. У адкрытыя П.к. запісваюць чыстапародных і ўсіх жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды. П.к. змяшчае: рэестр жывёл, звесткі аб іх сярэдняй прадукцыйнасці, апісанне лепшых жывёл пароды, характарыстыку асн. заводскіх ліній і інш.
Першая П.к. з’явілася ў Вялікабрытаніі (1793) па чыстакроўнай верхавой пародзе коней. У 19 ст. П.к. заведзены для большасці еўрап. парод с.-г. жывёл. У Расіі першая П.к. выдадзена ў 1834. У СССР, у т. л. і Беларусі, П.к. сістэматычна выдаваліся па асн. пародах. На Беларусі з 1990 выпуск П.к. прыпынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬслова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЫ́ (Talpidae),
сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.
Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВІХ,
зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіху, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙНІ́ЦА,
адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз.амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРА́ДКАВАННЕў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыясінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАНАЛО́ГІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.